Вы тут

Сезон мар, або З чаго пачынаюць тэатры?


Ёсць людзі, якія не стануць засмучацца блізкім заканчэннем лета: ва ўсім ёсць сваё станоўчае, яго варта толькі ўбачыць. І мы ўбачылі — афішы, якія сведчаць пра пачатак сезона ў тэатрах краіны. Прычым, некаторыя не сталі чакаць восені, адчыніўшы свае дзверы ўжо ў жніўні. І ў гэтым ёсць рацыя: людзі вяртаюцца з адпачынкаў, але яшчэ апошнія летнія вечары хочуць правесці прыемна, культурна і з карысцю.

Першыя, хто разумее культурны запыт тэатралаў, — нацыянальныя тэатры. Напрыклад, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы свой 95-ты сезон адкрывае 25 жніўня.

Для Купалаўскага шмат гадоў — нават дзесяцігоддзяў — не было выбару, які спектакль ставіць у афішы новага сезона першым.

Адноўленая «Паўлінка» Янкі Купалы была спектаклем адкрыцця тэатра пасля рамонту (яна будзе, але ўжо ў верасні). Жыццё ў родных сценах найперш вымагае ад тэатра галоўнага — дыялогу з сучасным гледачом, які прыходзіць сюды не толькі дзеля разняволення, але яшчэ і па адказы на некаторыя пытанні, што ўзніклі не сёння і не цяпер у жыхароў менавіта нашай краіны. Адказы — у нацыянальнай драматургіі. І не толькі купалаўскай. Напрыклад, у «Пінскай шляхце» Вінсэнта Дуніна-Марцінкевіча, пастаўленай Мікалаем Пінігіным.

Хто яшчэ не паглядзеў? Самы час для гэтага спектакля, жанр якога вызначаны як фарс-вадэвіль. У сённяшняй грамадскай сітуацыі ёсць нагода паразважаць пра Беларусь і магчымасці для яе развіцця.

І яшчэ пра Беларусь з гісторыяй і асобамі: на наступны дзень, 26 жніўня, — «Чорная панна Нясвіжа» паводле Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. З нацыянальнай тэмы на пачатку лета яшчэ «Людзі на балоце»(спектакль Аляксандра Гарцуева паводле Івана Мележа). І вядома, што без адной з самых абмяркоўваемых прэм'ер канца мінулага сезона не абышлося: чэхаўская «Чайка» ў інтэрпрэтацыі Мікалая Пінігіна ў жніўні прылятае на Купалаўскую сцэну двойчы.

Нацыянальны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя М. Горкага таксама пачаў сезон з прэм'еры. Праўда, тут пануе сусветная класіка. Сезон адкрыў на гэтым тыдні спектакль «Кола кахання» паводле Самерсэта Моэма (пастаноўка Мадэста Абрамава). Потым пайшлі камедыі «Утаймаванне свавольніцы» паводле Шэкспіра і «Злоўлены сеткай» паводле Рэя Куні, усе пастаноўкі Валянціны Ераньковай, таксама як і «Жаніхі» паводле Гогаля. Праўда, ёсць яшчэ «Ён і Яна» і «Вечнасць на дваіх» (рэжысёра Барыса Луцэнкі) і «Ідэальны муж» і «Пігмаліён» у пастаноўцы Аркадзя Каца, іншыя вядомыя назвы... І шкада, што няма сярод іх спектакля, які быў бы створаны ў гэтым нацыянальным тэатры з думкамі пра нашу краіну, якія, між іншым, былі на Горкаўскай сцэне...

Нехта скажа: «Беларуская драматургія — тэма для асобнага тэатра, які ў нас дзеля яе развіцця і прасоўвання і быў створаны». Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пачыные новы сезон таксама ў жніўні. І адмысловым міжнародным праектам пад назвай «Тэатральны ваяж». Ініцыятары — грамадскае аб'яднанне «Тэатра» з Беларусі і асацыяцыя «Demaіn Le Prіntemps» з Францыі: іх намаганнямі створаны адмысловы спектакль, асновай для якога сталі назіранні і замалёўкі з жыцця мінчан. Цікава ж, як нас бачаць артысты не толькі з Беларусі, але і іншых краін. Нам абяцаюць спектакль, дзе спалучаюцца драматургія, пластыка, акрабатыка, танец (27 і 28 жніўня). Але для адкрыцця ўласнага сезона ў тэатры ёсць музычная «Адвечная песня» Купалы.

У Музычным тэатры Беларусі, між іншым, ёсць пастаноўкі з нацыянальным абліччам. Але жнівень прапануе мюзікл папулярнага расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга «Блакітная камея» пра прэтэндэнтку на расійскі прастол князёўну Тараканаву і адноўлены «Бабін бунт» паводле «Данскіх апавяданняў» Міхаіла Шолахава.

Свае героі і свае характары ўвасоблены ў спектаклі «Несцерка» (паводле Віталя Вольскага) у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, што працуе ў Віцебску. Тэатр трымае марку: менавіта гэтым спектаклем пачнецца 90-ты сезон.

Усё ж большасць тэатраў у краіне абуджаецца па-ранейшаму ў верасні. Вось толькі Гродзенскі абласны драматычны тэатр у апошнія выхадныя жніўня прапануе сваім гледачам камедыі паводле Рэя Куні (надзвычай папулярны ў нас аўтар) «Надта жанаты таксіст» і «№13». У Брэсце ўжо рыхтуюцца да міжнароднага фестывалю «Белая вежа» (на пачатку верасня). Міжнародная тэма ў Гомелі будзе раскрыта праз гастролі Арлоўскага дзяржаўнага тэатра «Вольная прастора». У сталіцы ў верасні гастролі Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі. Гэта паўнавартасныя вялікія гастролі, цягам якіх нам прадставяць 10 назваў спектакляў, у прыватнасці мюзікл Максіма Дунаеўскага «Пунсовыя ветразі» паводле Аляксандра Грына (сына беларускага шляхціца, які быў высланы і застаўся ў Расіі). Спектакль пра тое, што нават самыя дзіўныя мары пра шчасце здзяйсняюцца. А мы так любім марыць...

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.