Вы тут

Прышчапі грушу на вярбу


Да верасня тэлевізійная гульня «Размаўляем па-беларуску», якая ідзе на тэлеканале «Беларусь 3», — у адпачынку разам са стваральнікамі. Але ж паўторы папулярнай праграмы — у эфіры. І стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы, і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў. Ці ведалі вы, што азначае:

Верзці грушы на вярбе. Жыхары Старажытнага Рыма, пачуўшы чыюсьці балбатню, маглі глыбакадумна зазначыць: дурны гаворыць усё, што прыйдзе да галавы. «Пустая мельница без ветра мелет» — характарызуе баюна расійская прымаўка. Пра змест такога аповеду — «развесистая клюква». Немец задуменна дадасць: «Апавядае, як у яго вырасла дзюба». Ну, а беларус, пачуўшы, як нехта нясе поўную бязглуздзіцу, махне рукою ды падсумуе: «Вярзе грушы на вярбе». Верзці грушы на вярбе — значыць расказваць пра тое, чаго няма і быць не можа.

Бабін кут. Жытло нашых продкаў было зусім непадобным на гарадскія кватэры і тыя дамы, што будуюць зараз у вёсцы. Раней жылая прастора хаты была даволі ўніверсальнай: у адным памяшканні і спальня, і зала, і кухня, і гасцёўня. Тым не менш патрыярхальнай сям'і не было цесна на такой невялікай плошчы. Кожнаму прадмету выдзялялася сваё месца. Для работы і адпачынку былі адведзены свае зоны. Было такое месца і ў гаспадыні, звалася яно «бабін кут». Насупраць вусця печы, каля ўвахода, дзе на лаве — драўляныя вёдры, даёнка, карцы, гаспадыня займалася прыгатаваннем страў. У бабіным куце ўсякаму посуду: і міскам, і гаршкам, і гладышам, і лыжкам — сваё месца. Вопытныя гаспадыні ведалі: каб захаваць прыбытак і дабрабыт у сям'і, у бабіным куце трэба падтрымліваць парадак. «У іх каўшы — не дрэмлюць, дзежка — не пустуе, печ — не чадна», — так гаварылі пра спрытных ды клапатлівых, што былі галоўнымі па гаспадарцы, кухарылі ды прыбіралі. Словам, з ранку да вечара ў бабіным куце знаходзілі сабе справу.

Каб стаць удзельнікамі праграмы, неабходна зайсці на сайт tvrgomel.by або 3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны — у эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».