Вы тут

Паўстагоддзя айчыннай нафты


Спадзяванні на значныя запасы “чорнага золата” ў беларускіх нетрах не губляюцца.

Запытанне “нафта” ў пошукавых сістэмах адно з самых папулярных. Да прыкладу, Google дае каля 35 мільёнаў вынікаў. Ды і ў стужках навін інфармацыйных агенстваў “чорнае золата” заўжды ў “топе”.

Канешне, многіх цікавіць кошт ф’ючарсаў “сусветнага эквівалента”. І апошнім часам тут часцяком паведамленні са знакам “мінус”. Ужо даволі працяглы час нафтавыя катыроўкі вагаліся каля псіхалагічнай адзнакі 50 долараў за бараль (для параўнання, у ліпені мінулага года, калі цэны пайшлі ўніз, бараль каштаваў парадку $110). WTI   і Brent па чарзе дасягнулі шасцігадовага мінімуму.

Пры гэтым сусветная прапанова нафты працягвае расці з "шалёнай хуткасцю", канстатуе Міжнароднае энергетычнае агенцтва (МЭА) у сваёй справаздачы.  МЭА палепшыла прагноз па сусветным попыце на нафту ў 2015 годзе да пяцігадовага максімуму. Паводле прагнозу, у 2015 годзе вытворчасць узрасце на 1,6 млн бараляў у дзень -- да 94,2 млн. Гэта самы хуткі тэмп росту адпаведнага паказчыка за апошнія пяць гадоў і на 0,2 млн бараляў у дзень перавышае папярэдні прагноз.

image14164376_771e6d9dea863b0ac9dec8f846fabd77

Прычынамі такога перагляду, па словах аналітыкаў агенцтва, сталі стабілізацыя эканамічнага ўзросту і рэакцыя спажыўцоў на зніжэнне цэн на нафту. «Нягледзячы на тое што працэс аднаўлення балансу відавочна пачаўся, ён, напэўна, працягнецца, бо перанасычэнне прапановы будзе захоўвацца ў 2016 годзе, што прывядзе да далейшага павелічэння сусветных запасаў нафты», – адзначаецца ў паведамленні МЭА.

Апроч таго, Арганізацыя краін-экспарцёраў нафты (АПЕК) заявіла пра павелічэнне здабычы на 101 тыс. бараляў нафты ў дзень – да 31,51 млн. У выніку ўзровень дасягнуў трохгадовага максімуму. Гэты паказчык таксама перавысіў уласную заяўленую квоту арганізацыі па здабычы ў 30 млн бараляў у дзень.

Рынак сусветных цэн на нафту ўжо год перажывае адзін з наймоцных спадаў. З пачатку лета 2014 года да пачатку бягучага года цаны на “чорнае золата”абваліліся больш чым удвая -- да 45 долараў за бараль маркі Brent. Пад канец студзеня — пачатку лютага цаны на нафту сталі падрастаць — да ўзроўня ў $60 за бараль той жа Brent. Пасля на рынку зноў азначыўся новы спад.

Генеральны сакратар Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты (ОПЕК) Абдала аль-Бадры заявіў, што не чакае далейшага падзення цэн на “чорнае золата”. Як вядома, у склад картэля ўваходзяць 12 краін --  Саудаўская Аравія (сорт нафты Arab Light), Алжыр (Saharan Blend), Нігерыя (Bonny Light), Ангола (Girassol), Эквадор (Oriente), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (Murban), Іран (Iran Heavy), Ірак (Basra Light), Кувейт (Kuwait Export), Лівія (Es Sider), Венесуэла (Merey), Катар (Qatar Marine) . Даказаныя запасы нафты гэтых дзяржаў увогуле складаюць каля 1,2 трыльёна бараляў. Картэль кантралюе каля 2/3 сусветных запасаў “чорнага золата”. На іх долю прыпадае 35 працэнтаў сусветнай здабычы, а таксама палова экспарту нафты.

Вельмі важная навіна для нафтавага рынку: у Вене "шасцёрка" (ЗША, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Кітай і Расія) і Іран дасягнулі пагаднення па ўрэгуляванні іранскай ядзернай праграмы. Паводле дакумента, Іран адмаўляецца ад узбагачэння ўрану ў абмен на скасаванне міжнародных санкцый. Зрэшты, ядзернае пагадненне павінна яшчэ быць верыфікавана Міжнародным агенцтвам па атамнай энергетыцы МАГАТЭ, на што пойдзе некалькі месяцаў.

IMG_6887

Аднак рынак адрэгаваў імгненна -- літаральна на наступны дзень пасля з’яўленя інфармацыі аб зняцці санкцый “цэннік” на нафту маркі Brent пачаў змяншацца. Прычым “мінус” склаў каля 9 долараў. А напачатку жніўня кошт за бараль Brent зменшылася ніжэй за адзнаку $50  -- упершыню са студзеня.

Пасля таго, як здымуць санкцыі, пастаўкі іранскай нафты на сусветны рынак значна вырастуць, што абрыне цэны. Па прагнозе, здабыча нафты павялічыцца на 1 млн бараляў у суткі. Па ацэнках экспертаў, $45 за бараль — яшчэ аптымістычны прагноз. Прыток новай сыравіны з Ірана абваліць цэны на 14%, лічаць у Сусветным банку.

Міністры нафтавай прамысловасці краін члена ОПЕК планавалі сабрацца ў штаб-кватэры картэля ў Вене 4 снежня. Аднак агенцтва Bloomberg паведаміла са спасылкай на міністра энергетыкі Алжыра Салаха Кэры пра магчымасць правядзення пазачарговай сустрэчы. Прычына – велізарныя страты краін-членаў ОПЕК.

Іх нясуць усе вытворцы нафты, але ў сілу шэрагу прычын «пакутуюць» з-за новага абвалу цэн яны па розным. Аналітыкамі RBC Capital Markets складзены “рэйтынг болю” членаў ОПЕК на наступны год. «Рэйтынг болю» вельмі розны,- -- напісала ў сваёй справаздачы кліентам кіраўнік аддзела сыравіны гэтай арганізацыі Холма Крофт. -- Члены ОПЕК пакутуюць, але пакутуюць па-рознаму».

Краіны меншыя і багацейшыя лягчэй пераносяць цяперашні абвал цэн. Краінам большым і бяднейшым даводзіцца цяжэй. Асабліва складана даводзіцца тым, у каго пры гэтым у краіне яшчэ і няма стабільнасці.

У Мінэнерга РФ  па выніках 2015 года чакаюць, што ў краіне будзе здабыта 530 млн тон, тады як летась гэтая лічба склала 526,8 млн тон. Пры гэтым аб'ёмы экспарту нафты таксама павялічацца ў сярэднім на 5-10 млн тон да ўзроўня папярэдняга года (у 2014-м на экспарт адправілі 223,4 млн тон).

Як адзначаюць спецыялісты, для захавання высокага узроўня нафтаздабычы, кампаніям усё вастрэй патрабуецца асвойваць новыя рэгіёны з дрэнна развітай інфраструктурай, павялічваць каэфіцыент вымання нафты і актыўней задзейнічаць цяжкавымальныя запасы, выходзіць на кантыненальны шэльф.

Расійскім кампаніям актыўна дапамагаюць беларускія спецыялісты. Наша дзяржава даўно ўсім даказала, што не толькі не страціла нарошчаны ў савецкі час навукова-практычны, вытворчы патэнцыял, а і паступальна павялічвае яго. Доказам таму --  рэальныя справы. У лім ліку і ў нафтавай галіне. Паводле апошняй інфармацыі, “Беларуснафта” вядзе дабычу нафты на 61 радовішчы ў Беларусі, 13 --  у Венесуэле і 4 --  у Расійскай Федэрацыі (на трох --  менавіта нафта, яшчэ на адным --  газавы кандэнсат і прыродны газ).  Як сцвярджаюць спецыялісты прадпрыемства, тут зацікаўлены ў асваенні новых рэгіёнаў дабычы нафты і газа і працягвае актыўна развіваць гэты накірунак па усім свеце.

Дабычу нафты непасрэдна ў нашай краіне ажыццяўляе асобнае падраздзяленне “Беларуснафты” --  нафтагазаздабываючае ўпраўленне “Рэчыцанафта”. Цікава, што сёлета адзначаецца адметная дата, сапраўдны юбілей: прамысловая дабыча вуглевадародаў у Беларусі пачалося 50 гадоў таму – у 1965-м. Яна размешчана ў рэгіёне Прыпяцкага прагібу, што на Гомельшчыне. Цягам паўстагоддзя тут здабыта звыш 128 мільёнаў тон нафты і 14 мільярдаў кубаметраў спадарожнага нафтавага газу. Асноўны аб’ём вуглевадародаў атрыманы з найбольш буйных радовішчаў: Рэчыцкага, Асташковіцкага, Вішанскага, Цішкаўскага, Паўднёва-Асташковіцкага. Максімальны ўзровень гадавой здабычы нафты “Беларуснафтай” быў дасягнуты ў 1976 --  амаль 8 мільёнаў тон. Апошнім часам гэтая лічба складае 1,645 млн. т.

Аднак геалагічныя работы не запавольваюцца --  пошук праводзіцца пастаянна. Прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхута, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ”. Адпаведна кіраўнік дзяржавы вялікую ўвагу надае актыўнаму правядзенню работ па разведцы карысных выкапняў і, канешне ж, развіццю міжнароднага супрацоўніцтва. Такое  вызначэнне прыярытэтаў на самым вышэйшым узроўні падкрэслівае важнасць пытання. Паколькі Беларусь у “нафтавым клубе” і цяпер, дзякуючы свайму вытворчаму патэнцыялу, далёка не апошні ўдзельнік. Пашчасціла б  яшчэ і на багатыя радовішчы вуглевадародаў...

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.