Вы тут

Радок рэйтынга, або некалькі прычын азірнуцца на нядаўнюю гісторыю


Сродкі масавай інфармацыі паведамілі: па паказчыках якасці жыцця Беларусь, заняўшы 54-ы радок рэйтынга па версіі глабальнай аналітычнай базы даных «Numbeo», абышла ўсе постсавецкія дзяржавы, уключаючы Расію і Казахстан. Тут варта ўзгадаць і тое, што наша краіна ўжо не першы год апярэджвае рэспублікі былога СССР і ў іншых міжнародных рэйтынгах. Летась надзвычай аўтарытэтны Індэкс чалавечага развіцця, які складаецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), адвёў Беларусі 53-і радок у спісе са 187 краін, прычым гэты паказчык аказаўся вышэйшым за сярэдні ў параўнанні з краінамі высокага ўзроўню чалавечага развіцця і вышэйшым за сярэдні супастаўна з краінамі адразу двух рэгіёнаў — Еўропы і Цэнтральнай Азіі. І ўсё гэта вынік няўхільнага руху Беларусі ўверх па шкале ПРААН: штогод краіна робіць чарговы свой крок у тым, што называецца чалавечым развіццём, і аказваецца на ўсё больш высокіх радках.

Але сказанае трэба пракаментаваць. Што менавіта ўлічваецца ў вышэйназваных індэксах? Індэкс «Numbeo» цікавы найперш тым, што грунтуецца ён не на афіцыйнай статыстыцы, якая падаецца дзяржавамі, а на аналізе таго, што паведамляюць карыстальнікі інтэрнэту. Па сутнасці, гэта вялізная база даных, больш за тое, адзіная такога кшталту — у аналізе якасці жыцця на аснове супастаўляльнага аналізу краін і гарадоў свету. «Numbeo» абнаўляецца пастаянна і, што ўжо зусім цікава, на пагадзіннай або нават штохвіліннай аснове: любы карыстальнік інтэрнэту ў любы момант можа паведаміць на сайт «Numbeo», скажам, «які кошт сёння джынсаў Wrangler у Мінску» або «колькі просяць за кілаграм клубніц на рынках Масквы». (Так, працуючы над гэтым артыкулам, я даведаўся, што бутэлька вады ў Бухарэсце каштуе 2 леі, а адзін білет на кінасеанс у Мінску — 3 долары, і ўсё гэта з пазнакамі накшталт «2 хвіліны таму» або «3 гадзіны таму».) Улічваецца інфармацыя па 8 катэгорыях — «кошт жыцця», «цэны на нерухомасць», «злачыннасць», «ахова здароўя», «забруджванне навакольнага асяроддзя», «транспарт», «якасць жыцця» і «падарожжы». «Numbeo» дастаткова аўтарытэтны: як крыніца інфармацыі, ён выкарыстоўваецца ў сотнях вядучых газет і часопісаў свету, уключаючы такія прэстыжныя, як Forbes, Tіme, The Economіst і іншыя.

Цяпер пра Індэкс чалавечага развіцця — адзін з галоўных інструментаў ААН для параўнання краін свету паміж сабой па паказчыках «чалавечага патэнцыялу». «Чалавечы патэнцыял» у гэтым выпадку разлічваецца па трох асноўных пазіцыях: чаканая працягласць жыцця ў краіне (ацэньваецца даўгалецце), узровень адукаванасці насельніцтва (сярэдняя колькасць гадоў, аддадзеных на адукацыю) і ўзровень жыцця насельніцтва (валавы нацыянальны прадукт па парытэце пакупніцкай здольнасці ў доларах ЗША). Па лініі Індэкса чалавечага развіцця Беларусь усе апошнія гады падымалася ў асноўным (хоць і не выключна) за кошт сваіх поспехаў па лініі адукацыі.

І вось падумалася: «Ці добра мы сабе ўяўляем, які шлях прайшла Беларусь за апошнюю чвэрць стагоддзя?» Сёння, мабыць, не часта ўзгадваем, у якім стане знаходзілася краіна ў «ліхія дзевяностыя». Што ж, варта нагадаць...

З разрывам тых эканамічных сувязяў, што дзесяцігоддзямі складваліся ў Беларусі з іншымі рэспублікамі СССР, асабліва з Расіяй і Украінай, беларуская эканоміка апынулася на мяжы выжывання. У савецкія часы за Беларуссю замацавалася рэпутацыя «зборачнага цэха Саюза»: без кааперацыйных сувязяў з суседзямі яна існаваць не магла (не можа і сёння). Як гаварылі пра Старажытную Грэцыю, у дакласічны перыяд «грэкі прайшлі вялікую школу беднасці» — беларусам у пачатку 1990-х гадоў, падобна, пагражала «школа галечы». З 1991 па 1994 год колькасць людзей, якія жылі за рысай беднасці, павялічылася ў 20 (!) разоў. І тут трэба звярнуць увагу на адну асаблівасць нашай краіны, якая многае тлумачыць.

У Беларусі няма тых сыравінных рэсурсаў, на аснове якіх у многіх краінах, уключаючы суседнюю Расію, з пачаткам «перабудовы» ствараліся першапачатковыя капіталы, якія потым пераліваліся ў іншыя — несыравінныя — галіны эканомікі (ці не пераліваліся, але гэта ўжо іншае пытанне). У нас ніколі не было, ды і няма, асаблівых «параўнальных пераваг» і ў сельскай гаспадарцы: землі краіны далёка не такія ўрадлівыя, як, скажам, знакамітыя чарназёмы суседняй Украіны. Такім чынам, заставаліся толькі тыя рэшткі «зборачнага цэха СССР», якія яшчэ ацалелі да сярэдзіны дзевяностых.

Як гэта было паўсюдна ў савецкія часы, фабрыка і завод у Беларусі былі не проста вытворчасцю: гэта былі сацыяльныя і эканамічныя ячэйкі жыцця, вакол якіх выбудоўвалася шырокая сацыяльная інфраструктура — дзіцячыя садкі і яслі, школы, прафілакторыі і санаторыі. Калі б Беларусь страціла рэшткі сваёй вытворчасці, абрынуўся б увесь наладжаны лад жыцця. Гэтага не адбылося!

Палітычнае кіраўніцтва сярэдзіны 1990-х рашуча адмовілася ад той ідэалогіі прыватызацыі, што была ўзята «на ўзбраенне» ў цэлым шэрагу рэспублік былога СССР, уключаючы Расію. Прадпрыемствам, няхай нават не самым па тагачасных мерках прасунутым, даваліся субсідыі, паступова ўверх пайшлі заробкі, скарачалася беспрацоўе... Краіна адыходзіла ад краю эканамічнай прорвы. І ўсё гэта, па сутнасці, без знешніх крэдытаў: надта не спадабалася міжнародным фінансавым колам эканамічная філасофія палітычнай каманды сярэдзіны 1990-х гадоў. Яшчэ крыху, і, на здзіўленне многіх, «найменш рэфармаваная эканоміка былога СССР» набрала каласальныя тэмпы росту — у найлепшыя гады да 10% ВУП у год. Хто, скажыце, у пачатку XXІ стагоддзя развіваўся такімі тэмпамі? У трэцяе тысячагоддзе краіна ўвайшла з эканомікай, якая найбольш стабільна развіваецца.

Мы пачалі з міжнародных рэйтынгаў — рэйтынгамі і закончым. У 2015 годзе Беларусь заняла 57-е месца ў спісе са 189 дзяржаў па рэйтынгу Сусветнага банка «Лёгкасць вядзення бізнесу» (урад пры гэтым аб'явіў задачу ўвайсці ў верхнюю трыццатку). Нядрэнна для «апошняй дыктатуры Еўропы» і самай «нерэфармаванай» з яе эканомік. Зрэшты, 57-е месца: здаецца, і не так высока... Ёсць яшчэ над чым працаваць, ці не так?

Валерый ГАЛАВАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.