Вы тут

Тадэвуш Кандрусевіч: «Мне вельмі хочацца, каб нарэшце ў Мінску з'явілася вышэйшая каталіцкая навучальная ўстанова»


Захапленне спортам, інжынерная адукацыя, практыка на Краснаярскай ГЭС,  цытаванне Адама Міцкевіча... Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ у інтэрв'ю «Звяздзе» ўзгадвае дзяцінства, распавядае пра вучобу ў політэхнічным інстытуце, разважае пра выклікі часу і праблемы хрысціянскага свету.

6_1

«Бацька вучыў быць сумленным»

— Ваша Эксцэленцыя, ці праўда, што ў дзяцінстве вы любілі хакей?

— У Адэльску, дзе я нарадзіўся, у хакей не гулялі і на каньках не коўзаліся. Для гэтага ў нас не было рэчкі. Хакей з'явіўся ўжо ў Гродне, дзе я скончыў школу. Затое ў вёсцы катаўся на санках. Я шмат часу бавіў на вуліцы і маразоў зусім не баяўся. Падобнае надвор'е мне і сёння даспадобы. А яшчэ ў Адэльску мы гулялі ў футбол разам з ксяндзом Пётрам Барташэвічам. Пазней, калі вучыўся ў Ленінградзе, я нават крыху пагуляў за каманду факультэта на ўніверсітэцкіх спаборніцтвах. Хварэў за мінскае «Дынама», пасля, калі жыў у Расіі, мне падабалася гульня маскоўскага «Спартака», а цяпер хварэю і за нашага чэмпіёна — барысаўскі БАТЭ.

— Бацькі распавядалі вам сваю гісторыю знаёмства?

— Асабліва не. Ведаю, што пажаніліся, калі ім было ўжо за 30 гадоў. Паходзілі з адной вёскі. Шукаць сабе пару за краем свету ў нас было не прынята. Усе мае продкі жылі ў Адэльску і працавалі на зямлі. Тата і мама былі набожнымі людзьмі. Бацька нават пэўны час узначальваў касцёльны камітэт. Касцёл у нас ніколі зачынены не быў, але свайго святара доўга не было. Бацька з прычыны гэтага вельмі перажываў. Ездзіў па святароў у іншыя мясціны, нават звяртаўся з гэтым пытаннем у курыю Віленскай дыяцэзіі. Усё было не так проста, як цяпер. Прыезд ксяндза ў вёску трэба было абавязкова ўзгадніць са свецкімі ўладамі. Пры гэтым кожную нядзелю касцёл быў адкрыты. Найбольш адданыя вернікі праводзілі ў ім супольныя малітвы. Гэта было вельмі важна. Моладзь расла і ўсведамляла, што нядзеля — гэта дзень Божы, у які трэба ісці да касцёла. І калі сёння за мяжой я расказваю аб тым, што ў нас не праводзілі імшу, многія нават не разумеюць, як падобнае магло адбывацца. Акрамя таго, мы з сястрой, бацькамі кожны дзень маліліся дома. Пасля малітвы зазвычай быў кароткі катэхізіс. Кнігу знайсці было складана, а таму ўсё было ў вуснай форме «пытанне — адказ». Бацька вучыў мяне быць сумленным чалавекам, нікога не крыўдзіць...

— Ці праўда, што ў педагагічны інстытут вы паступалі таму, што не ведалі, дзе знаходзіцца семінарыя?

— Ксёндз Барташэвіч у Адэльску вельмі клапаціўся пра моладзь. У парафіі пры ім было каля 30 міністрантаў, якія дапамагалі святару падчас набажэнства. Гэта сур'ёзная лічба. Ён таксама вучыў дзяцей рэлігіі, цікавіўся адзнакамі ў школе, прасіў паказаць свой дзённік. Быў чалавекам шырокіх поглядаў. І на той час мне хацелася служыць і Касцёлу, і людзям. Спыніцца на чымсьці адным было складана. Але, напэўна, калі б ведаў, што дзесьці непадалёк ёсць семінарыя, не выключана, што пайшоў бы туды. У нас асабліва на гэтую тэму не размаўлялі. А калі я заканчваў школу ў Адэльску, ксяндза наогул «за актыўнасць» перавялі ў Жалудок. Апошні клас я вучыўся ўжо ў Гродне, куды пераехалі жыць з бацькамі. Найбліжэйшым інстытутам быў педагагічны. Мне заўсёды падабаліся матэматыка, фізіка, я пастаянна ўдзельнічаў у алімпіядах па гэтых дысцыплінах. Таму і вырашыў пайсці вучыцца туды.

— Вы, напэўна, памятаеце, як у Гродне ўзарвалі касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

— Гэты час я памятаю добра. У горадзе тады многія казалі, што збіраюцца зносіць Фару Вітаўта, камандуе гэтым нейкая пані з Ленінграда. 29 лістапада 1961 года я ехаў аўтобусам у школу. На вуліцы было яшчэ вельмі цёмна. Мы спыніліся на Савецкай плошчы, і нехта з пасажыраў вымавіў: «Усё, касцёла няма». Пасля заняткаў я адразу дамоў не паехаў, а пайшоў паглядзець, што адбылося на плошчы. Убачыў толькі друз, экскаватар. Стаялі людзі і плакалі...

«З інстытута сышоў сам»

— Гродна даволі каталіцкі горад. Як сталася, што праз матэрыял у газеце пра будучага настаўніка, які наведвае касцёл, вы пакінулі інстытут? Можа, гэта не пра вас напісалі...

— Аб гэтым мне распавёў мой стрыечны брат, якому паказалі артыкул з маім прозвішчам. Тады я зразумеў, што скончыць інстытут мне не дадуць. Я не хацеў чыніць праблем кіраўніцтву і сышоў сам. Нават летнюю сесію не здаваў. Лепш было сысці самому, каб цябе пасля не выключылі. У Гродне сапраўды шмат католікаў. Не так, як у Ленінградзе, дзе я вучыўся пазней. Але менавіта ў Ленінградзе талерантнасці было больш, чым у Гродне. Вось самы просты прыклад. Калі падаваў дакументы ў Ленінградскі політэхнічны інстытут, я выпадкова перадаў з дакументамі нацельны медальён, які ляжаў у кішэні майго пінжака. Жанчына, якая працавала ў камісіі, паклікала мяне і сказала: «Дайце мне вашу руку. Вазьміце і нікому не паказвайце». У маёй далоні апынуўся якраз той медальён. Было і яшчэ некалькі падобных выпадкаў. Калі не памыляюся, на чацвёртым курсе адзін з іспытаў прызначылі на 25 снежня, на свята Божага нараджэння. І я вырашыў, што на набажэнства схаджу вечарам, пасля экзамену. Стаю ў чарзе каля аўдыторыі, чакаю. Перад намі прамільгнуў наш прафесар, што прымаў іспыт разам са сваім асістэнтам. І калі ён вяртаўся, падышоў да мяне і сказаў: «Ідзіце, бярыце білет і адказвайце». Я запярэчыў, маўляў, тут чарга, людзі стаяць, я не магу пайсці раней за іх. На гэта ён сказаў: «У вас сёння няма часу. Заходзьце...»

— Цікава, і як людзі ўсё гэта адчувалі?!

— Я не ведаю, але штодня я хадзіў у касцёл Маці Божай Лурдскай, які знаходзіцца ў Ковенскім завулку. На той час гэта быў адзін дзеючы каталіцкі храм у Ленінградзе.

— А як вы здавалі навуковы атэізм? Хрысціяніну разважаць аб падобных матэрыях, напэўна, было надта складана...

— Але даводзілася. У адно вуха залятала, а з другога — вылятала. Я хацеў мець добры дыплом. Бацькі жылі бедна, і таму я мусіў мець стыпендыю. Акрамя навуковага атэізму, быў вымушаны здаваць асновы марксісцка-ленінскай філасофіі, палітэканомію. Аднак здаваў я іх лёгка.

«Аб епіскапскім прызначэнні даведаўся па радыё»

— Перад паступленнем у семінарыю вы паспелі папрацаваць у Вільні на шліфавальным заводзе...

— Так, апынуўся там дзякуючы дыплому. Спачатку рабіў у зборным цэху, а пасля перайшоў у канструктарскае бюро. А падчас навучання мне нават давялося пабываць на практыцы на Краснаярскай гідраэлектрастанцыі.

— Епіскапскае прызначэнне вы атрымалі 25 ліпеня 1989 года, калі служылі пробашчам у Гродне. Памятаеце, як усё адбылося?

— У той час знаходзіўся ў Астраўцы. Адтуль накіраваўся ў Вільню памаліцца ў Вострай Браме, а пасля паехаў да мамы. На наступны дзень у яе былі імяніны.

— Сваім дэвізам вы тады абралі выказванне «Quіs et deus?» («Хто, калі не Бог?» — Аўт.). Чаму спыніліся на ім?

— Мне давялося быць першым прызначаным епіскапам пасля доўгіх гадоў пераследу веры на Беларусі. І гэты дэвіз — знак падзякі людзям, якія ў цяжкія часы захавалі яе, не адракліся. Нягледзячы на пераслед, яны сваім жыццём паказалі, што на першае месца ставілі менавіта Бога. А яшчэ гэта выказванне з'яўляецца літаральным перакладам на лацінскую мову імя Міхаіл. А, як вядома, святы Міхаіл-Архангел з'яўляецца апекуном Беларусі.

— У адным інтэрв'ю вы неяк працытавалі Адама Міцкевіча: «Верыш, чалавек, што Ісус нарадзіўся ў Віфлееме, але бяда табе, калі ён не народзіцца ў тваім сэрцы». Гэта любоў да паэзіі ці вы проста вычыталі ў вядомага паэта?

— Мне спадабалася гэтае выказванне. Калі нешта чытаю, часам знаходжу для сябе афарызмы, якія пасля выкарыстоўваю ў казаннях, пастырскіх пасланнях. Спасылаюся на аўтараў. Тым больш іх імёны ўсе добра ведаюць. Ці чытаю шмат мастацкай літаратуры? Не, на яе цяпер застаецца не так шмат часу. Даводзіцца рыхтаваць тэксты для канферэнцый, казанняў, сустракацца з людзьмі. Але я люблю чытаць багаслоўскія творы Папы Бенядыкта XVІ. Яны прывабілі мяне сваёй яснай тэалагічнай думкай. Я займаўся дакладнымі навукамі, і яго тэксты зацікавілі мяне канкрэтнымі адказамі на выклікі сучаснасці. Мне таксама даспадобы творы Яна Паўла ІІ, пасланні Папы Францішка. Яго, дарэчы, называюць народным папам, а мне хочацца быць народным епіскапам.

«Сітуацыя ў нас мяне задавальняе»

— Вы ўзгадалі пра выклікі часу, аб якіх даволі часта кажаце падчас набажэнстваў. Сярод іх — аборты, секулярызацыя, праблема біятэкі. А як з гэтым трэба змагацца?

— Усё хрысціянства павінна адказваць на іх, зыходзячы з вучэння Хрыста. Пяты запавет сведчыць: «Не забівай». Нельга забіваць толькі напалову, нельга быць напалову вернікам. Ісус кажа: «Альбо белае, альбо чорнае». Чалавек, які не нарадзіўся, — гэта ўжо чалавек. І аборт, і эўтаназія — гэта забіццё жыцця.

— Дарэчы, жыхары Харватыі амаль адзінагалосна прагаласавалі супраць узаконьвання абортаў.

— Харватыя — каталіцкая краіна, а ў нас вялікі працэнт атэістаў. Дамагчыся падобнага ў нас складана. Дзякуй Богу, у еднасці з праваслаўнымі, іншымі хрысціянамі, мы дамагліся таго, каб колькасць прычын, праз якія дазваляюць аборты, паменшылі з 12 да 3.

— А легалізацыя Ірландыяй аднаполых шлюбаў — гэта новая праблема для хрысціянскага свету?

— Новы небяспечны выклік. І Касцёл не можа проста прайсці міма. Мы павінны задумацца аб падобнай праблеме. І я мяркую, што на сінодзе епіскапаў аб гэтым будуць шмат размаўляць. Трэба шукаць шляхі да чалавека, каб ён зразумеў, падобнае немагчыма, бо супярэчыць Божаму закону. Ірландыя — гэта таксама краіна з моцнымі каталіцкімі традыцыямі. І, хто ведае, можа, з'явілася адно пакаленне, якое ўсё перавярнула з ног на галаву?

— Для Беларусі гэтае пытанне не актуальнае.

— І дзякуй Богу. Але жалезнай заслоны не паставіш. Ёсць інтэрнэт, сродкі масавай камунікацыі, праз якія кантактуюць людзі. Гэта тая праблема, якая заўтра можа прыйсці да нас.

— Ёсць такая думка: калі хочаш убачыць, які Касцёл будзе заўтра, паглядзі, колькі моладзі прыходзіць у яго сёння. Згодны?

— Так, і ў параўнанні з іншымі краінамі сітуацыя ў нас мяне задавальняе. Але, безумоўна, хочацца, каб моладзі ў храмах было яшчэ больш. Людзі прыходзяць у касцёлы з дзецьмі. Падобная сітуацыя нагадвае тое, што адбывалася ў 1990-х, калі Касцёл пачынаў адраджацца. Гэта ўсцешвае.

— Аптымізму вы не губляеце. Аб чым, дарэчы, марыце зараз?

— Мне вельмі хочацца, каб нарэшце ў Мінску з'явілася вышэйшая каталіцкая навучальная ўстанова, каб у ёй маглі вучыцца, як гэта прынята ў Еўропе, не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў, студэнты з розных краін і кантынентаў.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».