Вы тут

«Залатыя» адходы


За перапрацоўку другаснай сыравіны возьмуцца больш актыўна.

Збор макулатуры і шклатары быў своеасаблівым «бізнесам» для людзей у колішнія часы. Праўда, у апошнія гады займацца здачай другаснай сыравіны для насельніцтва было не вельмі выгадна з прычыны невялікіх коштаў на яе. Цяпер жа сітуацыя змяняецца.

5_2

Асобнаму збору — зялёнае святло

У апошнія гады значна актывізавалася праца па зборы бытавой тэхнікі, энергазберагальных лямпачак, батарэек. Раней жа здаць гэты «скарб» маглі толькі юрыдычныя асобы. Насельніцтву нічога іншага не заставалася, акрамя як грувасціць ля пад’ездаў карпусы бытавой тэхнікі ў спадзяванні, што праз некаторы час прыедзе трактар і ўсё вывезе. А батарэйкі можна было выкінуць выключна ў звычайную сметніцу, з якой яны траплялі толькі на звалку. Хаця нікель, кадмій, ртуць, свінец, волава, цынк, якія ўтрымліваюць звычайныя элементы сілкавання, вельмі шкодныя. Трапляючы ў грунтовыя воды, яны непазбежна заканчваюць свой кругазварот у прыродзе ў арганізме чалавека — пытанне толькі ў часе.

— Вельмі дапамагло нам прадпрыемства «БелВТІ», якое пачало прымаць гэтыя адходы не толькі ад юрыдычных асоб, але і ад насельніцтва, — расказвае намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль ШАГУН. — За студзень-чэрвень сёлета на ўтылізацыю адправілася 1,7 тысячы тон складанай бытавой тэхнікі, а за такі ж перыяд летась гэтая лічба была ў тры з паловай разы меншай. Сабралі і больш за 15 тысяч тон адпрацаваных элементаў сілкавання. Цяпер пазбавіцца іх з карысцю для экалогіі можна вельмі проста: у гандлёвых цэнтрах з’яўляецца ўсё больш кантэйнераў, у якія можна апусціць разраджаную батарэйку. Агулам жа наша дзейнасць будзе скіравана на тое, каб праз пяць гадоў ператвараць у другасныя матэрыяльныя рэсурсы чвэрць адходаў.

Пасля таго, як мы прааналізавалі набыты намі вопыт і сітуацыю ў краінах Еўрасаюза, можна сказаць, што падыходы да вывазу смецця крыху зменяцца. Кантэйнеры стануць больш умяшчальныя, а смеццявозы падчас мадэрнізацыі парка будуць замяняцца на машыны з магчымасцю задняй загрузкі. Гэтым мы палепшым вываз адходаў са шчыльнай шматпавярховай забудовы, двары ў якой моцна запаркаваны аўтамабілямі. З’явяцца і новыя лініі сартавання.

Паліва для цэментных печаў

Паперу, пластык і шкло можна скарыстаць у якасці другаснай сыравіны. Але што рабіць з арганічнымі адходамі, якіх у горадзе ўтвараецца вельмі шмат?

— Мы плануем атрымліваць з іх на спецыяльных устаноўках біягаз аб’ёмам больш за 100 тысяч тон у год, — працягвае Анатоль Шагун. — І шэраг праектаў ужо рэалізаваны. Напрыклад, у Мінску ўжо тры палігоны абсталяваны сістэмамі збору біягазу. Электраэнергія, якая на іх выпрацоўваецца, паступае ў агульную сетку. Гэтыя ўстаноўкі з’явіліся дзякуючы замежным інвестыцыям. Але біягаз — не адзінае выйсце для карыснай утылізацыі адходаў. Напрыклад, у Еўрасаюзе з іх атрымліваюць спецыяльнае паліва, прыдатнае для спальвання ў цэментных печах. Дабралася гэтая тэхналогія і да нас: пілотны праект будзе рэалізаваны ў Гродзенскай вобласці на прадпрыемстве «Краснасельск-будматэрыялы».

Заканадаўства, якое рэгламентуе абыходжанне з адходамі, таксама чакаюць змены. Неўзабаве з’явяцца нарматыўна-прававыя акты, якія будуць рэгуляваць максімальнае выкарыстанне ў тары і ўпакоўцы толькі тых матэрыялаў, якія можна будзе перапрацавать. Ды і пры вытворчасці некаторых груп тавараў перавага будзе аддавацца не першаснай сыравіне, а другаснай. Асабліва гэта будзе датычацца шкла і палімераў. І калі мы ўсе гэтыя мерапрыемствы рэалізуем, то да 2020 года здолеем вярнуць фактычна са звалкі суму, эквівалентную 65-70 мільёнам долараў.

«З тоны мабільнікаў — 270 грамаў золата»

Шмат бытавых прыбораў, асабліва савецкіх, змяшчаюць у сабе каштоўныя металы — золата, срэбра, паладый. І іх таксама можна выкарыстаць паўторна, не закупляючы за мяжой сыравіну за валюту.

— Самая ўзбагачаная руда дае толькі 9 грамаў каштоўнага металу ў залатым эквіваленце на тону, — расказвае намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства «БелВТІ» Ігар ГАРБАЧОЎ. — А з тоны старых мабільных тэлефонаў можна здабыць ужо ў 30 разоў болей гэтага важнага рэчыва. За мінулы год мы сабралі ад насельніцтва 3,5 кілаграма каштоўных металаў. Здаць жа тэхніку вельмі проста. Неабавязкова несці яе куды-небудзь, калі можна выклікаць спецыяльнае таксі, якое бясплатна забярэ стары агрэгат і прывязе да нас. На вуліцы Славінскага ў Мінску ў нас дзейнічае спецыяльны нарыхтоўчы пункт, дзе за кілаграм тэхнікі можна атрымаць 800 рублёў.

Прадпрыемства нават пастаўляе другасную сыравіну за мяжу. Праўда, датычыцца гэта не каштоўных металаў, а пластыку. Асноўныя пакупнікі — Індыя, Кітай. Цяпер на экспарт ідзе каля 15 тон сыравіны ў месяц.

Перапрацоўка «тэтрапакаў» і здача кніг

Большасць сокаў і значная частка малочных прадуктаў у крамах рэалізуюцца ў кардонных упакоўках, якія атрымалі ў народзе назву «тэтрапак». З аднаго боку, гэта вельмі зручна: пры транспарціроўцы тару немагчыма разбіць, ды і з картоннага пакета наліваць нашмат зручней, чым са звычайнага слоіка. З іншага — гэтую тару, у адрозненне ад шкляной, дагэтуль было немагчыма выкарыстаць у другі раз. І ўсё, што з ёй заставалася рабіць, апусціць у сметніцу.

— Складанасць перапрацоўкі «тэтрапака» ў тым, што ў яго склад, апроч кардону, уваходзяць алюміній і поліэтылен, — расказвае намеснік дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Белгіпс-Эко» Лілія СЁМАЧКІНА. — Але неўзабаве ў Беларусі будзе запушчаны новы праект, скіраваны на збор упакоўкі ад вадкай ежы. Аднак пра яго эфектыўнасць можна будзе меркаваць толькі праз некалькі месяцаў пасля старту.

У апошні час у Мінску можна сустрэць зялёныя кантэйнеры з надпісам «Макулатура». Апусціць у іх можна ў тым ліку і непатрэбныя кнігі.

— Каля пяці тысяч экзэмпляраў прынеслі ў іх ад пачатку года мінчане, — працягвае Лілія Сёмачкіна. — І нам вельмі дзякуюць за магчымасць перадаць кнігі, якія з розных прычын больш непатрэбны дома. Мы іх сартуем і перадаём у сацыяльныя ўстановы.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

 

Май на ўвазе

Цэннік на другасную сыравіну:

Шклабой і макулатура — 600-800 рублёў/кг

Бытавая тэхніка: 800 рублёў/кг

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».