Вы тут

Кругазварот патрыманых рэчаў


Пра кошты ў сэканд-хэндах, непрыбытковасць камісіёнак і канкурэнцыю на касцюмна-трыкатажным рынку.

З пачатку гэтага года прыкладна трэць беларусаў сталі менш траціць на адзенне і абутак. Больш эканомяць толькі на забавах. Крызіс крызісам, але хадзіць у адной куртцы і пацёртых туфлях у любое надвор'е не варыянт. Лепш шукаць месцы, дзе абноўку можна набыць танней. Бегаць па распродажах і кірмашах, замаўляць рэчы з Кітая праз інтэрнэт, чакаць «чорных пятніц»... Ці перайсці на патрыманае адзенне? І я зараз не пра аб'явы кшталту «Аддам пухавік у добрыя рукі» (хоць і там часам бываюць вартыя прапановы), а пра спецыяльныя крамы, дзе прадаюць рэчы з чужога пляча. Па інфармацыі Мінгарвыканкама, у сталіцы больш за 60 аб'ектаў гандлю, якія рэалізуюць вопратку і абутак, што былі ў карыстанні. Дык ці можна прыстойна апрануцца ў сэканд-хэндах і камісіёнках і як кругазварот патрыманага адзення становіцца бізнесам?

111

Акуратныя англічане

Колькасць сэканд-хэндаў з года ў год расце. Прынамсі ў Мінску гэтыя крамы ёсць, бадай, побач з кожным домам. Аматараў патрыманага адзення таксама пабольшала. І калі раней наведвальнікі сэкандаў у сваіх сімпатыях да чужых сукенак і кашуль не прызнаваліся, а тыя, каго засталі на «месцы злачынства» ў спецыялізаваных аддзелах, сарамліва адводзілі вочы («выпадкова зайшоў» «проста цікава стала»), то цяпер прыбірацца ў патрыманае стала модна. Асабліва сярод моладзі: і рэчы брэндавыя (некаторыя маркі, акрамя як у сэкандах, у Беларусі больш нідзе і не знойдзеш), і кошты прымальныя. Спадніцы — ад 40 да 150 тысяч рублёў, джынсы — у сярэднім па 150 тысяч, а то і па 100, кашулі каштуюць каля сотні. Сукенку «на выхад» можна набыць за 150-270 тысяч (амаль у тры разы танней, чым купляць такую ж новую). Плюс прывабная сістэма зніжак: кошты на рэчы ў сэкандах пераглядаюцца кожны тыдзень, а не толькі ў канцы сезона. Пастаянныя кліенты падобных гандлёвых пунктаў з графікам завозаў і распродажаў добра знаёмы. Ведаю краму непадалёк ад месца працы, дзе змена тавару — кожны чацвер. Наведвальнікаў у гэты дзень там заўсёды шмат: новая калекцыя зусім не значыць цэннікі з завоблачнымі сумамі.

У беларускія крамы паношаная вопратка «прыязджае» з розных куткоў свету. Асноўныя пастаўшчыкі — Германія, Амерыка, Галандыя, Шатландыя. Кажуць, найбольш якаснае адзенне ў англічан і аўстралійцаў (можа, яны самыя акуратныя?). Увогуле, усе патрыманыя рэчы спачатку сартуюць па катэгорыях. Вопратку з нязначнай ступенню зносу адносяць да 1-2-й катэгорыі, амаль што новую, з этыкеткамі і запаснымі гузікамі, маркіруюць як «крэм» (на англійскай мове значыць «вяршкі»). Нашы крамы звычайна набываюць партыі, дзе ўсяго патроху. На заўвагу «Рэч жа не новая, доўга не праслужыць» аматары паношанага парыруюць: калі дагэтуль пры нашэнні яна не развалілася, то выпрабаванне на якасць прайшла.

Для прадаўцоў, дарэчы, сэканд-хэнд — прыбытковая тэма. Адзенне закупляецца ў аптавікоў цюкамі (вага аднаго — ад 15 да 60 кг). Кошт за кілаграм — прыкладна 6-7 еўра (катэгорыя «крэм» будзе даражэйшай — па 10-13 еўра). Атрымліваецца, што адна рэч абыходзіцца краме ў сярэднім 30 тысяч! Пры такім раскладзе прадавец можа дазволіць сабе зрабіць «накрутку» і ў 200 працэнтаў: пакупнік наўрад ці будзе скардзіцца на дарагавізну.

Попыт з боку «пастаўшчыкоў»

Папулярныя ў савецкія гады «камісіёнкі» сёння зрэдку сустрэнеш. Кошты тавараў там мінімальныя (а прыбыткі ўладальніка яшчэ меншыя), трымаць краму — плаціць за арэнду памяшкання і выдаткоўваць грошы на заробкі персаналу — становіцца нявыгадна. Але асобныя пункты ўсё яшчэ працягваюць працаваць: насуперак часу і рыначным механізмам канкурэнцыі і попыту.

Асартымент — у найлепшых традыцыях сельскіх крамаў «Прамтавары»: у адным зале месцяцца і зэдлікі, і посуд, і чаравікі. Вешалак з адзеннем значна менш, чым у сярэднестатыстычным сэканд-хэндзе. Кошты крыху ніжэйшыя. Напрыклад, у сталічнай камісіёнцы, што непадалёк ад універсітэта культуры, можна апрануцца, маючы толькі сто тысяч у кішэні. За гэтую суму ўдасца набыць камплект з джынсаў і майкі. Сукенкі тут каштуюць 150-200 тысяч рублёў, штаны і спадніцы аддаюць у сярэднім за 80-90 тысяч. Праўда, выбар вельмі сціплы. Калі ў тых жа сэкандах прадаюць уборы на любы ўзрост і памер, то камісіёнкі ў асноўным гандлююць вопраткай для мужчын і жанчын «за 50». Спецыяльнай апрацоўкі патрыманых рэчаў, што паступаюць у продаж, тут не праводзіцца. Вядома, калі прымаюць кашулі з рук, глядзяць, каб яны былі чыстымі і адпрасаванымі, але не больш.

Наведвальнікі адзеннем не надта цікавяцца. Больш разглядаюць наборы кубкаў для гарбаты, драўляныя тумбачкі, галантарэю. Так, пакуль я вывучала цэннікі на чужыя джынсы, у краму зазірнуў мужчына і набыў за дваццаць тысяч рублёў кашалёк сваёй маленькай дачцэ. Затое попыт з боку «пастаўшчыкоў» вопраткі захоўваецца. У каго ж дома не назапасілася непатрэбных рэчаў, якія сталі малымі (выйшлі з моды, проста надакучылі)? Кошт уладальнік адзення ўстанаўлівае разам з ацэншчыкам, які лепш ведае, за колькі тую паношаную спадніцу будзе рэальна прадаць. Камісія на тавар — 30 працэнтаў. Калі рэччу ніхто не зацікавіўся на працягу 20 дзён, робіцца ўцэнка на 20 працэнтаў. Яшчэ праз 20 дзён здадзеная вопратка будзе каштаваць ужо на 30 працэнтаў танней. Трэцяя ўцэнка (праводзіцца праз такі ж перыяд) знізіць першапачатковы кошт удвая. Калі ўрэшце пакупнік не знойдзецца, адзенне вяртаюць гаспадару.

Дарэчы, яшчэ збыць паношаную вопратку мінчане могуць калі не праз сеціва, то на рынку Ждановічы. Ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама паведамілі, што на «Полі цудаў» адведзена больш за 200 месцаў (для пенсіянераў яны бясплатныя), дзе людзям дазваляюць рэалізоўваць рэчы, якія былі ў выкарыстанні.

Іншыя стандарты

Для пакупнікоў пытанне кошту — адно з асноўных. Ці не перацягваюць сэканд-хэнды кліентаў у айчынных вытворцаў?

— Рынак спажывецкіх тавараў вузкі і мае абмежаваную ёмістасць. Прысутнасць на гэтым рынку яшчэ і сэканд-хэндаў, якія адцягваюць патокі кліентаў, вядома, уплывае на нашы продажы, — мяркуе першы намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Вячаслаў МІРУСІН.

Начальнік упраўлення арганізацыі гандлю гэтай жа ўстановы Святлана КАХРО лічыць, што падобныя крамы — гэта прамая пагроза беларускім фабрыкам адзення: «Мы ў няроўных умовах. На айчынных прадпрыемствах ляжыць пэўная сацыяльная нагрузка, іншыя cтандарты якасці і падатковыя абавязкі. Трымаць фірменную краму — гэта не тое ж самае, што адкрыць «кропку», дзе будуць прадавацца патрыманыя рэчы. Вытворцам у такой сітуацыі складана выжываць, мы не можам параўнацца з сэканд-хэндамі па коштах».

А вось на швейнай фабрыцы «Калінка» сітуацыю ацэньваюць не так песімістычна. Намеснік дырэктара кампаніі па камерцыйных пытаннях Аксана ДЗЯВЯТАВА ўпэўнена, што беларускім фірмам ёсць што супрацьпаставіць таннаму сэканду:

— Асноўная частка адзення, якое было ў выкарыстанні, — рэчы са старых калекцый. Аднак большасць людзей хоча займець навінкі, а не мадэлі пазамінулага сезона. У нас, напрыклад, калекцыя штогод абнаўляецца на 70 працэнтаў. І гэта прываблівае пакупніка. Не кажучы ўжо пра якасць беларускіх швейных вырабаў, якую мы трымаем на высокім узроўні.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?