Вы тут

Вам на які паверх?


Добры ліфт — не раскоша, а неабходнасць.

Пра поспехі прадпрыемства «Магілёўліфтмаш» у апошні час чутна даволі шмат. Прынамсі замежныя дэлегацыі наведваюцца сюды з зайздроснай рэгулярнасцю. Нядаўна там пабывалі прадстаўнікі таджыкскага Худжанда, і ў гэтым месяцы першыя 7 ліфтаў ужо адправяцца туды. Пастаянна іх заказваюць Расія, Казахстан, Арменія — у спісе, дзе працуюць магілёўскія ліфты, больш за дзясятак краін, у тым ліку і Паўднёвай Амерыкі. А ва Украіне, дзе ёсць сумеснае з магіляўчанамі прадпрыемства, запэўніваюць, што магілёўскім ліфтам карыстаецца нават данецкі алігарх Рынат Ахметаў.

4_4

І празрыстыя, і авальныя...

— Зрабіць ліфт больш хуткасным? Не пытанне! — запэўнівае мяне намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства Аляксей Кратовіч. — Толькі мадэлі, якія перамяшчаюцца з хуткасцю звыш 2 метраў у секунду, у нашых жылых дамах не маюць вялікага попыту. Наогул, сярэдняя хуткасць 1,6 метра ў секунду.

На думку вытворцаў, ставіць у жылых дамах дарагія ліфты пры існуючых сёння адносінах насельніцтва да гэтай тэхнікі сабе ж даражэй. Але, як той казаў, былі б грошы. Калі яны ёсць, то выбраць знойдзецца што. Сёння «Магілёўліфтмаш» выпускае 130 мадыфікацый гэтага тавару на любы густ і нават колер. Каб не быць галаслоўным, намеснік начальніка аддзела перспектыўных распрацовак Ігар Гелахаў адразу ж запрашае паглядзець найбольш прагрэсіўныя з іх. Мне выдаюць будаўнічую каску, і мы ідзём у цэх.

Шчыра кажучы, пасля гэтай экскурсіі я магілёўскіх вытворцаў стала паважаць яшчэ больш. Якіх толькі мадэляў не пабачыла — і празрыстыя, і авальныя, і прамавугольныя, і нават з эскалатарам.

— Вось гэта эксперыментальны ўзор, — дэманструе апошнюю распрацоўку мой гід. Калі казаць у двух словах, гэта складанае збудаванне з эскалатара і празрыстага ліфта — мара ўсіх тых, хто любіць жыць з камфортам. Павольна заязджаеш на рухомай платформе на другі паверх, а потым на празрыстым ліфце з'язджаеш уніз. Нядаўна гэты асобнік магіляўчане вазілі на міжнародную выставу ў Маскву.
І нават не меркавалі, што навінка выклікае такі ажыятаж. Ужо ёсць і першыя заказы.

Прэзентабельна выглядаюць панарамныя ліфты. Такія звычайна ўсталяваны ў дарагіх гандлёвых цэнтрах вялікіх гарадоў. Грузавыя ліфты — з'ява распаўсюджаная, а вось аўтамабільны ўбачыла ўпершыню. Маецца нават мадэль для тых, хто эканоміць і дабіраецца да сваёй кватэры пераважна пешшу. Да яе прыкладаюцца так званыя ключы доступу. У магілёўскіх шматпавярхоўках такіх ліфтаў пакуль няма, а вось Украіна і Казахстан, кажуць, заказваюць.

За асяроддзе без бар'ераў

Сем гадоў таму ў Магілёве пабудавалі падземны пераход на перакрыжаванні вуліцы Ленінскай з праспектам Міра, які абсталявалі чэшскім пад'ёмнікам для інвалідаў-калясачнікаў. А ў 2012-м на «Магілёўліфтмашы» распрацавалі імпартазамяшчальны аналаг. Цяпер у вытворчасці некалькі мадыфікацый такіх пад'ёмнікаў. Нават з аўтаматычнымі спецыяльнымі выключальнікамі, якія спрацуюць у выніку небяспекі.

Для беларускай сталіцы, напрыклад, завод паставіў каля трох дзясяткаў нахільных платформ, якія ўсталяваны ў падземных пераходах і нават метро. Мінчане карыстаюцца таксама вертыкальнымі пад'ёмнікамі, якія завод выпускае як адкрытага, так і закрытага тыпу. Запатрабаваны пад'ёмнікі ў Казахстане і Расіі. Зусім нядаўна ў Магілёве сустракалі ўкраінскага інваліда-калясачніка, які прыехаў на ручным веласіпедзе з Шосткі. Ён нават збіраўся наведаць завод, каб потым данесці інфармацыю з першых вуснаў да свайго гарадскога кіраўніцтва. Марыць, каб такія прыстасаванні з'явіліся і на іх вуліцах.

Перспектыўная распрацоўка — эскалатары для магазінаў. Пробную мадэль тут зрабілі летась. У Расіі і Беларусі гэта запатрабавана, тавар, дарэчы, імпартазамяшчальны. Дагэтуль набываліся еўрапейскія, амерыканскія і кітайскія мадэлі. Зараз магілёўскія вытворцы вывучаюць рынак травалатараў. Таксама перспектыўны кірунак.

— Каля 70% нашай прадукцыі рэалізуецца на Еўразійскай эканамічнай прасторы, — сведчыць намеснік галоўнага інжынера. — Прадпрыемства своечасова сарыентавалася і хутка знайшло сваю нішу. Мы прайшлі неабходную сертыфікацыю і атрымалі магчымасць гандляваць на гэтым вялікім рынку. Канкурэнцыя між тым вельмі жорсткая, у Расіі ёсць некалькі ліфтабудаўнічых заводаў, але там робяць у асноўным 10-20 базавых мадэляў. У нас жа ёсць выбар. З 2004 года мы набывалі прагрэсіўнае абсталяванне і працягваем рабіць гэта сёння. Амаль за 10 гадоў мы добра перааснасціліся, абнавілі асноўныя фонды ў адпаведнасці з інавацыйнай праграмай. Знос актыўнай часткі абсталявання ў 2008 годзе складаў 72%, летась на 1 студзеня лічба была ўжо 46%. За 5 гадоў такі скачок.

— А ёсць намер паспрабаваць канкурыраваць з амерыканскімі і еўрапейскімі вытворцамі ліфтаў? — пытаюся ў Аляксея Кратовіча.

— На высакахуткасныя ліфты, якія робяць фірмы «Оціс», «Шындлер», у нашых спажыўцоў пакуль попыту няма, бо няма супершматпавярховак.

— Наколькі бяспечныя вашы ліфты? Што, калі раптам абарвецца трос?

— Ліфт дакладна не ўпадзе ўніз, бо прадугледжана такая прылада, як лоўнік. Яе яшчэ ў пачатку стагоддзя прыдумаў адзін амерыканец. Праводзіў такі эксперымент: станавіўся пад ліфт, наверсе перасякалі канаты, а публіка з жахам назірала, што зараз будзе. А ён нават не здрыгануўся. Ліфты — вельмі надзейныя прыстасаванні. Нашмат больш, чым тыя ж эскалатары.

Наогул, тэрмін службы ліфта 25 гадоў. Пасля абавязкова павінен праводзіцца агляд і тэрмін падаўжаецца зноў. Шмат залежыць ад таго, як ліфт абслугоўваецца. А з гэтым ёсць праблемы. Калі ліфт зманціруюць, як трэба, ён працуе бясшумна. Але спецыялісты розныя бываюць. Дастаткова няякасна выставіць накіравальныя — і кабіна пачне скрыгатаць і чапляцца.
Я быў у камандзіроўцы ў Пензе, дзе ў адміністрацыйным будынку завода стаіць наш ліфт. Ён едзе зусім бязгучна. А ў жылых дамах, здараецца, так паставяць, што плакаць хочацца.

— Наколькі ў вас мабільны завод? Можаце, напрыклад, хутка перабудавацца на вытворчасць новай мадэлі?

— У нас быў вопытна-эксперыментальны ўчастак, але мы рэарганізавалі яго ў цэх няпрофільнай прадукцыі. Ён будзе займацца распрацоўкай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, будаўніцтва. Акрамя ліфтаў мы робім вельмі запатрабаваныя ў спажыўцоў рэчы — культыватары, лябёдкі, якія аруць зямлю замест каня, дрэваапрацоўчыя станкі і шмат чаго іншага. Інавацыйнай прадукцыі ў нас 73% — гэта спрэс новыя распрацоўкі, якім і трох гадоў няма.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

 

Да ведама

«Магілёўліфтмаш» — буйнейшае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасці ліфтаў. А ў СССР кожны трэці ліфт ад Брэста да Уладзівастока быў з Магілёва. У 70-80-я гады яны дастаўляліся нават на Байканур. Цяжкім быў перыяд у пачатку 90-х, калі аб'ёмы ўпалі да 300 ліфтаў у месяц. Выратавала толькі тое, што тут своечасова пачалі мадэрнізацыю. Распрацавалі новую канструкцыю ліфта, закупілі абсталяванне і выйшлі ў 2006-2007 гадах на 700-800 ліфтаў у месяц. Апошнім часам вырабляецца да 1000.

Цікава

У космас... на ліфце.

Канадская кампанія Thoth Technologіes збіраецца пабудаваць надзіманы дваццацікіламетровы ліфт у космас, з дапамогай якога астранаўты самі будуць адпраўляцца на станцыі і адпраўляць на касмічныя апараты розныя грузы. Гэты ліфт значна менш амбіцыйны, чым запланаваны японскай будаўнічай карпарацыяй «Абаясі», якая спадзяецца, што да 2050 года яе касмічны ліфт дасягне чвэрці шляху да Месяца.

Яшчэ Канстанцін Цыялкоўскі ў канцы XІX стагоддзя марыў пра вежу вышынёй у тысячу кіламетраў, якую можна ўперці ў магутны астэроід, падагнаны бліжэй да Зямлі. Хацеў, каб чалавецтва на ліфце ездзіла ў космас. Справа затрымалася за малым — не знайшлося трывалага і лёгкага троса, які можна было б закінуць на нябёсы.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.