Вы тут

Людзі як ластаўкі


 ...Выбраўшы пэўную прафесію, а тым болей — справу па душы, можна ў ёй і застацца, як застаюцца многія. Але не ўсе, бо, напрыклад, настаўніку Аляксандру Фамічу з такім прыгожым і такім тутэйшым прозвішчам Зайка (ён жыве ў Івацэвіцкім раёне), захацелася большага. Захацелася выслухаць, а потым запісаць усе тамтэйшыя легенды і паданні, усе гісторыі жыцця мясцовых вядомых людзей і вёсак, у сапраўдны дыялектны слоўнік Косаўшчыны сабраць словы сваіх прашчураў, сваіх землякоў, потым — іх прыказкі ды прымаўкі...

А яшчэ спадар Алесь заўжды і, як падаецца, з вялікай любасцю назіраў і назірае жыццё, каб потым — ну, не сказаць, каб марзянкай, але ж досыць коратка — запісваць свае думкі і ўражанні. На роздум.

Гены

Бацьку яго звалі Маланкай. Хуткі, спрытны быў: на хаду, стоячы на каленях у возе, лапці плёў, першы пачынаў і араць, і сеяць, і касіць. Калі паміраў, і то сказаў жонцы: «Да крыжа мяне не праводзь: вячэру людзям гатуй».

Сын Андрэй усе крошкі з бацькі пабраў. І мянушка яго таксама прыстала, як бацькаў кажух да плячэй, бо і праўда ж Маланка — увішны, жвавы. Камандуе:

— Жонка, хутко давай цёплай вады!

— Няма, Андрэйка.

— Давай халоднае! Хутко...

Косіць цікава. Махне, не пераступаючы, разы два, скокне — і зноў махне. Усё каб хутка.

...Надоечы на дзядзінцы дзятва гуляла ў футбол. Я доўга назіраў за меншым Андрэевым сынам, Валодзькам... Не пастаіць ні імгнення, увесь у руху. Трэба разумець, яшчэ адна Маланка расце?

 

Старасць

Жанчыне дзявяты дзясятак, а такая лёткая — дактароў спрадвеку не знае, усё тупае і тупае. Жартуе, як бы нават бядуе: «Эх, каб захварэць ды паляжаць крыху!» Бо гаспадарку і не думае зводзіць: кароўку трымае, пад Каляды зноў парсючка заколе. «Зяцёк мне памагае», — хваліцца.

І сапраўды: той, калгасны электрык, паедзе ў горад, купіць гасцінцаў дзецям, але найперш бабулі штось прынясе. На дзень разоў колькі яе праведвае. І таксама хваліць. Калі падап'е, так: «Ого ў мяне цешча! Без кіпцюроў на слуп залезе ды лямпачкі паўкручвае!»

Людзям смешна. І трошкі зайздросна.

 

Сябры

З адной вёскі, з адной школы яны, здавалася б, і далей ішлі поруч — сталі інжынерамі, на адзін завод размеркаваліся.

Але вось аднаго з іх прызначылі якім-ніякім начальнікам, і да сябра ён стаў звяртацца на «вы».

Той не адразу і скеміў — пасля дайшло: гэта ж  ён далікатна, але настойліва пачаў падкрэсліваць іхнюю неаднолькавасць.

...Той, каторы проста інжынер, расказваў мне пра гэта, як байку: весела, смехам, але мараль яе была напісана ў яго вачах — сумных, запытальных.

 

Здзіўленне

...У той дзень, калі вянчаўся, было яшчэ дзевяць вяселляў. Поп дорага запрасіў.

Язэпа гэта ніколькі не стрымала, ён самы першы пад вянец пайшоў: баяўся, што маладая перадумае, — да таго харошую дзеўку высватаў.

Ужо дзяцей пагадаваў, унукаў вялікіх мае, але і сёння дзівіцца, як жа яна пайшла — за яго?

 

Жорсткасць

У той галодны пасляваенны год да жанчыны-гаротніцы прывялі на пастой лесаруба. Яна, змарнелая ад гора (за абразамі ляжалі пахаванкі на мужа і абодвух сыноў) душой прыпала да гэтага хлопца: надта ж падобны ён быў да яе меншанькага — да Валодзькі. Такі ж малады, ласкавы, вясёлы.

Трымала парсючка. Не ў пару закалола. Каб яму... Каб смачней. Вельмі ж худзенькі ды кволы.

А ён, той кволы, ноччу ўстаў і ўсё чыста з кубельца вымеў...

Уцячы не паспеў — дагналі на вакзале: днём, з тым мяшком за плячыма, вялі яго па вуліцы ў сельсавет.

На суд потым сышлася ці не ўся акруга.

Пацярпелая адно не прыйшла.

 

Пад ліпкай

Лаўка ў цяньку. На ёй штодзённы «сход» (вяскоўцы чакаюць з пашы кароў) і штодзённы «цырк»: дзве бабы век жывуць — век сварацца. Першая — худзенькая, дробная:

— От, няма спасу цяпер ад мух.

Другая — мажная, павольная:

— А ў мяне дык нешта і не відаць.

Пачуўшы ў гэтым нейкі падвох, першая злуе так, што аж жылы на шыі сінеюць:

— Бо ў цябе ім і з'есці няма чаго! А ў мяне дзе прыткнуцца, там і пажывяцца.

— Знайшла чым ганарыцца, — нясецца ў адказ, — бо нядбайліца: місы не памыеш — мухі ліжуць.

І пайшло далей, і паехала...

Вяскоўкі смяюцца, яны да гэтых перапалак даўно прывыклі.

А вазьмі спытай, чаго гэтыя кабеты гадамі ўядаюцца, то, далібог, не прыгадаюць.

І ўсё гэта не так смешна, як сумна...

 

Як людзі

Хлопец быў рослы, гожы. І да людзей спагадны. Меўся ажаніцца ўжо.

Нявеста не ўступала яму ні ў чым: і ў рабоце першая, і красой не абдзелена. Малому і старому выбачыць, упоперак слова не скажа...

Ды здарылася бяда: адрэзала хлопцу ногі. Маці дачку адгаворвала:

— Як будзеш жыць з такім?

Не адраклася ад яго, сказала:

— Як людзі...

І жывуць. Ніхто вока не запарушыць. Двое дзетак гадуюць. Ён — кравец. Працуе ў быткамбінаце. На ўсю акругу лепшага майстра не знойдзеш.

І не відаць, каб жонка была маркотнаю.

 

Беларуская антрапанімія

— Алё, хто ля тэлефона?

— Бусел.

Нядоўгая паўза — і вясёлы, здаровы смех.

— Чаго вы рагочаце? — з крыўдай у голасе пытае Бусел.

— А зараз і вы будзеце... Маё прозвішча — Дзяцел.

 

Паэзія

Слухаю, як сварацца жанчыны. Разышліся не на жарт. Адразу выдаюць мастацкія перлы:

— Худобіна, — крычыць першая, — недаростак! Цябе муж граблямі ў пасцелі шукае!

— Няўклюда, слуп, цябе і шукаць не трэба, цябе, замест шула, — адразу ў плот!

 

Няўдалы шлюб

Выйшла замуж без кахання, па разліку (у жаніха была двухпакаёўка). Цяпер нудзіцца ім — ажно піць з гора стала...

Так і хочацца спытаць: навошта ж ты, маладзічка, сапсавала жыццё добраму, даверліваму хлопцу? І сабе таксама.

 

Лавачка

Нехта лавачку паламаў ля вясковай крамы. Людзі абураюцца, бо яна ж ніколі не пуставала: усе сядзелі на ёй, гэтак жа, як... ластаўкі сядзяць — на высокім дроце перад далёкім выраем.

 

Аляксандр Зайка,

в. Заполле, Івацэвіцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?