Вы тут

Спыніць нашэсце «чужынцаў»


Чым небяспечныя для флоры і фаўны інвазіўныя віды?

Каларадскі жук і янотападобны сабака, баршчэўнік Сасноўскага і чырвоны дуб — гэтыя і многія іншыя прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету з'яўляюцца экзатычнымі, нетыповымі для нашай мясцовасці. У кожнага з іх — асабісты шлях міграцыі, але збліжае іх адно — небяспека, якую яны нясуць людзям і беларускай прыродзе ўвогуле.

7_4

Паводле слоў загадчыка лабараторыі гідрабіялогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, кіраўніка міжведамаснага цэнтра па інвазіўных відах Віталя Сяменчанкі, у многіх краінах Еўропы і рэгіёнах Расіі існуюць так званыя «чорныя спісы». Туды ўключаны віды жывёл і раслін, здольных прынесці істотную эканамічную, экалагічную і сацыяльную шкоду краіне. У канцы года павінна ўбачыць свет і беларуская «Чорная кніга». У гэтым выданні навукоўцы даступнай мовай раскажуць пра тую небяспеку, якую нясуць чужародныя віды, і падкажуць, як з імі можна змагацца.

Сёння ў папярэдні спіс уваходзяць 54 віды раслін, 3 віды рыб, адзін від рэптылій, 3(2) віды млекакормячых, 7 відаў водных і 25 наземных беспазваночных. Самыя вядомыя з іх — баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, эхінацысціс шыпаваты («шалёны агурок»), амерыканская норка, янотападобны сабака, ратан-галавешка, каларадскі жук і інш. У «Чорную кнігу» не ўключаліся віды, якія адсочваюцца каранціннай і фітасанітарнай інспекцыямі, таму што кантроль за імі ўжо вядзецца. Але мяркуецца, што частка небяспечных відаў будзе рэкамендавана ўключыць і ў каранцінныя спісы.

На думку навукоўцаў, існуе тры асноўныя прычыны, якія ўплываюць на ўзмацненне працэсу інвазіі. Першая — гэта развіццё гаспадарчай дзейнасці чалавека, у тым ліку павелічэнне транспартных плыняў і тавараабмену. На другім месцы — глабальныя змены клімату. Трэцяя прычына — гадоўля ў хатніх умовах экзатычных відаў раслін і жывёл.

7_3

— Мы не можам згарнуць усю гаспадарчую дзейнасць, спыніць зносіны паміж дзяржавамі і нават забараніць людзям вырошчваць на сваіх участках незвычайныя расліны, — кажа Віталь Сяменчанка. — Але кожны павінен усведамляць небяспеку, якую ўяўляюць інвазіўныя віды для нашай прыроды, і, па магчымасці, яе прадухіляць.

Так, пажоўклае лісце на каштане — «справа рук» інвазіўнай каштанавай молі. Папулярныя ў насельніцтва расліны сумнік канадскі і шалёны агурок, якія добра прыстасаваліся да нашых умоў, таксама наносяць шкоду прыродзе, займаючы ўсё большыя тэрыторыі.

Новы карантынны і чужародны від — амброзія плоскакаласковая — вельмі моцны алерген, здольны нашкодзіць 80% людзей, схільных да алергічных рэакцый. Наогул, інвазіўныя расліны і жывёлы валодаюць настолькі шырокай устойлівасцю да розных фактараў навакольнага асяроддзя, што дазваляе ім пацясніць абарыгенныя віды. Тым больш калі ім дапамагае сам чалавек.

— Людзі, што займаюцца інтрадукцыяй раслін і жывёл, часта ацэньваюць сваю дзейнасць толькі з эканамічнага пункту гледжання, не пралічваючы магчымыя экалагічныя наступствы, — лічыць навуковец. — Яркі прыклад таму — сітуацыя з завезенай для гадоўлі амерыканскай норкай, якая два гады назад цалкам выцесніла родную для нас еўрапейскую норку.

7_5

Часта безадказнасць да сваіх дзеянняў выяўляюць і тыя, хто заводзіць экзатычную жывёлу, а праз нейкі час вырашае пазбавіцца ад сваёй «цацкі», выпусціўшы яе ў навакольнае асяроддзе.

Каб барацьба з небяспечнымі відамі жывёл і раслін была эфектыўнай, самае важнае — не ўпусціць час, упэўнены навукоўцы. Таму трэба выразна адсочваць сітуацыю на мяжы і ў сумежных краінах. Бо жывёла, якая пракралася ў Польшчу ці Расію, неўзабаве трапіць і да нас. І трэба быць гатовымі хутка адбіць гэты «напад».

Сёння ў Беларусі распрацоўваюцца і дзейнічаюць спецыяльныя праграмы па барацьбе з інвазіўнымі відамі. Навукоўцы працуюць над стварэннем біярацыянальных пестыцыдаў, здольных без вялікай шкоды для людзей і прыроды знішчыць небяспечныя расліны. Вялікую ролю ў рашэнні гэтай праблемы адыгрывае супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй з сумежнымі краінамі.

— Дзякуючы гэтаму мы можам адсачыць прасоўванне відаў, папярэдзіць іх з'яўленне на нашай тэрыторыі і знайсці найбольш эфектыўныя спосабы барацьбы з «чужаземцамі», — лічыць Віталь Сяменчанка. — Да таго ж звесткі замежных калег дапамагаюць нам ацаніць патэнцыйную шкоднасць віду, які пакуль з-за невялікай колькасці ў нашай краіне не праяўляе сябе на поўную сілу.

Ніколі не выпускайце экзатычных жывёл у натуральнае асяроддзе! Гэта сур'ёзнае парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Да таго ж наступствы вашага неабдуманага кроку могуць быць катастрафічнымі для прыроды.

Перш чым пасадзіць у сябе незвычайную расліну, пацікаўцеся, наколькі гэты від можа быць небяспечным. Кансультацыю можна атрымаць у НПЦ па біярэсурсах і ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Дзяніса ІЎКОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.