Вы тут

Вярхом на «Лексіёне»,


або Як карэспандэнтка «Звязды» падмяняла памочніцу камбайнера.

Калі пачула, што ў агракамбінаце «Зара», што ў Магілёўскім раёне, на камбайне працуе прадстаўніца слабага полу, вельмі здзівілася: хіба жаночая гэта справа? А калі даведалася, што Алена яшчэ і другая палова аднаго з найлепшых камбайнераў гаспадаркі, вырашыла дарэмна час не губляць. Жніво ўжо выйшла на фінішную прамую, а хацелася пабачыць мужа з жонкай у справе. Тым больш што Уладзімір і Алена Корсакі трымаюць высокую марку, іх экіпаж — адзін з лідараў у Магілёўскай вобласці, на іх рахунку болей за 5 тысяч тон збожжа!

Безимени-2

Дзякуй кіраўніку гаспадаркі Аляксандру Корневу, які аператыўна і транспарт выдзеліў, і намесніка па раслінаводстве Яўгена Сялюгіна ў якасці гіда даў. Бо знайсці пару ў полі без старонняй дапамогі было немагчыма. Пакуль ехалі, Яўген уводзіў у курс справы. Гаспадарка багатая не толькі на перадавікоў, але і на моладзь. Сам Яўген тут працуе трэці год і мяняць вёску на горад не збіраецца. А навошта, калі да Магілёва ўсяго 8 кіламетраў? Да таго ж такія заробкі яшчэ не ўсюды ў горадзе знойдзеш.

Уладзімір і Алена Корсакі паспрабавалі шчасця спачатку ў круглянскай гаспадарцы «Шлях Леніна», а 12 гадоў таму пераехалі ў Магілёўскі раён ды тут і засталіся. Работа добрая, жыллё гаспадарка выдзеліла, ёсць дзе выхоўваюць чацвярых дзяцей. Старэйшы сын-цёзка Уладзімір апошнія два гады з бацькам у пары на жніве працаваў. Летась на абласных «Дажынках» «Бабулін гладыш» ім машыну прэзентаваў. А перад гэтым яны, як героі жніва, атрымалі ключы ад першага свайго аўто з рук кіраўніка дзяржавы.

Сёлета старэйшы сын адсутнічае — служыць у войску. Ён зараз у спецназе, чым вельмі ганарыцца. Ратнай справай займаецца не горш, чым уборкай ураджаю. Бо ў вялікай сям'і Корсакаў лайдакоў наогул няма.

Часам вельмі шкадую, што я не мастачка. Калі ўбачыла пасярод залатога акіяна «Лексіён» пад кіраваннем Уладзіміра і Алены Корсакаў, адчула, што не хапае пэндзля ў руках. Праўда, калі камбайн пад'ехаў бліжэй, ледзь не задыхнулася ад воблака пылу, якое суправаджае высачэзную машыну. І такой мініяцюрнай падалася Алена, калі яна грацыёзна саскочыла ўніз амаль з двухметровай вышыні.

— Не паверыце, але я ўсё жыццё марыла папрацаваць на жніве, — з ходу ўразіла прыгажуня. — Вось толькі нагоды не было. Спачатку сын працаваў, а потым дачка нарадзілася, не да жніва было. А цяпер добры момант прадставіўся.

Жніво — пара гарачая, нават калі справа набліжаецца да канца. Вось і Уладзімір з Аленай нецярпліва паглядаюць у бок камбайна: працаваць трэба. Гэта мне пашчасціла, што дзесьці на адвозцы затрымалася машына і ёсць некалькі вольных хвілін.

— Чаму вырашылі жонку ўзяць у памочніцы? — пытаюся ва Уладзіміра. — Хто ж вам цяпер абеды гатуе?

— Нас нядрэнна гаспадарка корміць, — усміхаецца камбайнер. — Пакуль ёсць магчымасць, трэба сямейны бюджэт папоўніць. Жонка дапамагае па поўнай праграме. Робіць усё, што і мужчына. Памочнік жа павінен усё умець, — усміхаецца ён жонцы. — Падрыхтаваць раніцай камбайн, прадзьмуць, дэталі змазаць. Першы раз паказаў, а потым сама павінна ўсё рабіць.

Безимени-1

Насамрэч Уладзімір жонку шкадуе, можа раней дадому адпусціць і ранішні агляд за яе зрабіць. Пакуль яна па дому ўвіхаецца і дачку ў садок збірае. У крайнім выпадку падрастае яшчэ адзін памочнік — 16-гадовы Вадзім. Цяпер ён вучыцца ў Магілёве на будаўніка, але, калі ёсць вольны час, ніколі не адмаўляецца дапамагчы. Ведае, што маці вельмі няпроста ў іх сям'і, дзе 4 мужчыны. Дачка Дамініка яшчэ зусім маленькая, сёлета 4 годзікі спаўняецца.

Працаваць памочніцай камбайнера няпроста, але Алена яшчэ і паспявае сябе глядзець. Вейкі падфарбаваны, з-пад зялёнай бейсболкі какетліва выглядваюць валасы колеру спелага жыта. Уголас зайздрошчу Аленінаму таленту заўсёды заставацца жанчынай. «Яшчэ не зусім усё паспела зрабіць, — жартуе Алена. — Накладных пазногцяў не хапае». «Манікюр тое што трэба, — смяецца ёй у тон Уладзімір. — А зверху — мазут». Разам яны крочаць па жыцці 18 гадоў, а колькі ў іх адносінах любові і пяшчоты! Сябруюць, дарэчы, са школы. Абое нарадзіліся ў Казахстане, але пасля развалу Савецкага Саюза лёс закінуў у Беларусь.

Тое, якой цаной даецца сёлетні ўраджай, відаць па іх стомленых ад пастаяннага недасыпання вачах. «Падчас жніва працоўны дзень доўгі, — прызнаецца Алена. — Калі малую некаму завесці ў садок, а трэба яшчэ прыгатаваць ежу, падымаюся а палове шостай. У полі ж драмаць нельга. Спякота была такая, што да камбайна не дакрануцца. Трэба глядзець пільна, каб пажару не выйшла».

— А што самае цяжкае?

— Усё, — прызнаецца Уладзімір. — Цяжка ў 5 раніцы падымацца, класціся спаць апоўначы. Але каму зараз у гаспадарцы лягчэй? Мы — каманда. Вынік залежыць ад ураджайнасці, ад аграномаў, ад кіраўніка гаспадаркі. Мы — у канцы спіса, наша справа — сабраць ураджай. Кіроўцам таксама цяжка. Шмат што залежыць ад іх. Будзем мы дрэнна працаваць, у іх заробку не будзе, а калі яны, то ў нас. Яны малайцы, не давалі нам сёлета прастойваць. Нягледзячы на спякоту ў кабіне. У нас хоць кандыцыянеры, а ў іх замест яго — ручнік. Сёлетняя спякота ўсіх памучыла. Вельмі напружана працавалі. Нязначнае ўзгаранне — бяда была б вялікая. Дзякуй нашым ратавальнікам, што яны побач з намі ўвесь час. Ім таксама не пазайздросціш. На вуліцы 30, а ў іх машыне пад 40. Глядзіш на іх — і захапляешся цярпеннем і мужнасцю. Калі было зусім горача, яны нават побач з камбайнам ездзілі, каб своечасова зрэагаваць.

Да камбайна набліжаецца чарговая машына, і Уладзімір бягом зрываецца з месца. Разам з Аленай глядзім, як прыгожа льецца ў кузаў залаты дождж. Некалькі хвілін — і машына зноў імчыцца на элеватар. Уладзімір махае мне рукой: падымайцеся! Ну як не скарыстацца магчымасцю праехацца на камбайне, які ўжо ўпрыгожвае 5 зорак, а 6-я збіраецца «прызямліцца». На некалькі хвілін займаю месца Алены. Трэба сачыць за жаткай, каб не трапіў выпадкова камень. Гэта таксама справа памочніка камбайнера. У кабіне гул такі, быццам ляціш у самалёце. Пра сябе думаю, што вось так амаль два месяцы з раніцы да вечара я дакладна не вытрымала б. Тут, на полі, па-сапраўднаму разумееш, што значыць бітва за ўраджай. І па-іншаму пачынаеш ставіцца да хлеба. Ён сапраўды не бывае лёгкім.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.

zigulya@zviazda.by

P.S. Перад тым, як развітацца, звяртаю увагу, што справа ад Уладзіміра на лабавым шкле вісіць ікона «Неапалімая купіна» — тая, што бароніць ад пажару. «Я веруючы чалавек, — сур'ёзна тлумачыць Уладзімір. — Тым больш што бяда мяне не абышла. Дом згарэў цалкам, усё пачынаў з нуля. І вельмі ўдзячны кіраўніку гаспадаркі, што дапамог адбудавацца. Мы тут усе — адна сям'я. Мне здаецца, што так і павінна быць».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.