Вы тут

Памяць Бялыніч


Ці пацвердзіцца існаванне і захаванне старых каталіцкіх могілак, залежыць ад археалагічнай экспертызы.

У мінулую пятніцу ў Бялынічах распачаліся археалагічныя раскопкі на месцы верагоднага будаўніцтва крамы. Яны прадоўжацца 10 дзён і менавіта ад іх выніку залежыць, быць тут старым каталіцкім могілкам ці новай краме...

[caption id="attachment_97553" align="alignnone" width="600"]Карты, на якіх адзначаны старыя каталіцкія могілкі. Карты, на якіх адзначаны старыя каталіцкія могілкі.[/caption]

Раскопкі вырашана было правесці пасля таго, як некаторыя бялынічане, даведаўшыся пра пачатак будаўніцтва новай крамы, прыгадалі, што на гэтым самым месцы калісьці знаходзіліся каталіцкія могілкі. Пра гэта сведчыць, напрыклад, стары надмагільны камень, які знаходзіцца на тэрыторыі: на ім па-польску напісана, што тут пахавана нейкая Адэля з дваімі дзецьмі, і пазначана дата пахавання — 1853 год. Таксама і мясцовыя жыхары прыгадваюць, што тут былі капліца і скляпы, а самі могілкі ў народзе называліся каталіцкімі, або «польскімі».

Можна сказаць, што «справа могілак» цягнецца ўжо больш за стагоддзе. У 1907 годзе яны былі закрыты (магчыма, з-за перапоўненасці), пару дзесяцігоддзяў не эксплуатаваліся. А ў пасляваенны час іх тэрыторыю цалкам зраўнавалі: надмагільныя камяні, верагодна, проста ссунулі экскаватарамі. На месцы могілак узвялі гаспадарчыя пабудовы, гаражы — яны, дарэчы, знаходзіліся тут да апошняга часу.

Супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вашанаў, які цяпер працуе на раскопках, адзначае, што капаць яны пачалі толькі нядаўна, але ўжо атрыманы некаторыя вынікі:

— Мы адшукалі каля сямі пахаванняў: відаць сляды магільных ям, косці. Храналагічна пакуль цяжка вызначыць, да якога часу яны адносяцца. Знойдзены шкляны гузік з выявай якара — не выключана, што гэта канец XVІІІ стагоддзя. Да таго ж мы зрабілі фотаздымак аднаго склепа, які добра відаць. Мясцовыя жыхары сведчаць, што раней такіх скляпоў тут было некалькі шэрагаў. І той надмагільны камень, які дайшоў да нашага часу, наўрад ці быў адзіным. Мажліва, калі тэрыторыя раўнавалася, камяні проста ссоўвалі ў скляпы і засыпалі. Калі ўдасца іх адшукаць, гэта дасць нам дадатковую інфармацыю.

Акрамя артэфактаў, гісторыкі маюць яшчэ і тапаграфічныя карты 2-й паловы XІX і пачатку XX стагоддзяў, на якіх адзначаны гэтыя могілкі.

[caption id="attachment_97552" align="alignnone" width="600"]Рэшткі склепа — колішняга шляхецкага пахавання. Рэшткі склепа — колішняга шляхецкага пахавання.[/caption]

Начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава адзначыла:

— Згодна з заканадаўствам, канчатковае рашэнне пра далейшы лёс гэтага месца будзе прымаць раённы Савет дэпутатаў. Усё будзе залежаць ад вынікаў археалагічных раскопак. Днямі мы сустракаліся для грамадскага абмеркавання з жыхарамі раёна — сабраліся на скрыжаванні, акурат блізу месца будаўніцтва. Я ўпэўнілася, што сітуацыя спакойная, жыхары не супраць, каб знойдзеныя астанкі былі перапахаваны на тых могілках, якія дзейнічаюць цяпер. Дарэчы, магільны камень знаходзіцца па-за зонай меркаванага будаўніцтва. Таму ён у любым выпадку застанецца на ранейшым месцы, а тэрыторыя вакол яго будзе добраўпарадкаваная.

Тыя ж, хто выступае за тое, каб могілкі захаваліся, заўважаюць, што ў Бялынічах, якія маюць досыць цікавую гісторыю, сведчанняў сівой даўніны, на жаль, і так амаль няма. Напрыклад, былы кармеліцкі манастыр другой паловы XVІІІ стагоддзя быў узарваны і разабраны ў 1970-я гады. На сённяшні дзень ёсць толькі пару будынкаў канца XІX — пачатку XX стагоддзяў, аднак і яны не маюць статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Таму так важна ўратаваць хаця б гэтыя старыя могілкі. Магістр гістарычных навук, настаўнік адной з мясцовых школ Яўген Дудкін, адзначае:

— Чаму настолькі важная для мяне як гісторыка і верніка гэтая справа захавання годнасці каталіцкіх пахаванняў?.. За савецкім часам, палітыкай ваяўнічага камунізму вынішчалася хрысціянская вера — фундамент беларускай дзяржаўнасці, светапогляд нашага народа апошняга тысячагоддзя, з якім звязаны яго дасягненні. Да таго ж Бялыніччына — гэта Дняпроўскае Палессе: жыццё тут ідзе спакойна, забыты яго героі, пра якіх хадзілі легенды і паданні па ўсіх беларускіх землях. Чаго толькі варты абраз Маці Божай Бялыніцкай, які ўпершыню ў Рэчы Паспалітай быў каранаваны папскімі каронамі — раней, чым вядомы абраз у Чэнстахове. Сюды прыходзілі тысячы пілігрымаў з межаў былога Вялікага Княства — як каталікі, так і праваслаўныя... Таму і сёння важна на прыкладзе беларускай гісторыі і гэтых могілак паказаць узрослую міжканфесійную талерантнасць і павагу, захаваць месца сустрэчы і ўзбагачэння хрысціянскіх канфесій.

Да таго моманту, калі канчаткова будзе вырашаны лёс «спрэчнай тэрыторыі», засталося зусім няшмат часу. Усе кропкі над «і» расставяць вынікі археалагічных даследаванняў. А мяне як журналіста здзіўляе толькі адзін факт: чаму пра нашы каштоўнасці, пра занядбаныя месцы памяці мы часта ўзгадваем толькі тады, калі ўжо, мажліва, позна, калі знаходзіцца ўласнік, які па-свойму жадае распарадзіцца новай маёмасцю? Чаму так мала звяртаем увагі на закінутыя, непатрэбныя зусім нікому аб'екты, якія, аднак, захавалі дух ранейшых часоў?.. Калі на месцы старых могілак былі гаспадарчыя пабудовы і гаражы, нікога яны быццам не хвалявалі. І калі б яны папросту зарасталі бур'яном, ці сталі б мы іх так актыўна ратаваць?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.