Вы тут

Шчаслівая вада Мілана


На чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў італьянскім Мілане нашы спартсмены заваявалі 10 узнагарод, з якіх 5 залатых, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя

13_2

Марына Літвінчук выйграла «золата» на дыстанцыі 5000 м у класе К1. Экіпаж байдаркі-чацвёркі ў складзе Маргарыты Махневай, Надзеі Ляпешкі, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук перамог у фінале А класа К4 на 500 м. У неалімпійскім класе К2 на 200 м Махнева і Літвінчук зноў першынствавалі з вынікам 38,477 сек. Пераможцамі сусветнага форуму ў класе жаночых каноэ-двоек (С2) на дыстанцыі 500 м стаў экіпаж у складзе Дарыны Касцючэнкі і Камілы Бобр. Яшчэ адно «золата» чэмпіянату беларускай зборнай прынёс канаіст Арцём Козыр, які выйграў фінал у класе адзіночак (С1) на 200 м.

У неалімпійскім класе мужчынскіх каноэ-двоек (С2) на дыстанцыі 200 м сярэбранымі прызёрамі сусветнага форуму сталі беларусы Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай (вынік — 37,516 сек). Таксама «серабро» сусветнага форуму заваяваў наш экіпаж жаночай байдаркі-двойкі (К2) на дыстанцыі 1000 м у складзе Соф'і Юрчанкі і Аляксандры Грышынай.

У спаборніцтвах мужчын у байдарках-адзіночках на 5000 м беларус Алег Юрэня стаў бронзавым прызёрам. Яшчэ адну «бронзу» ў медальную скарбонку зборнай Беларусі дадаў і Максім Пятроў. Ён фінішаваў трэцім у класе каноэ-адзіночак (С1) на дыстанцыі 500 м. Уладальніцай індывідуальнай узнагароды стала і Каміла Бобр. Яна прыйшла трэцяй да фінішу ў класе каноэ-адзіночак (С1) на дыстанцыі 200 м.

Акрамя медалёў, беларусы заваявалі ліцэнзіі на Алімпійскія гульні-2016. Іх шчаслівымі ўладальнікамі сталі не толькі прызёры чэмпіянату, але і спартсмены, якія выканалі алімпійскія нарматывы, а гэта Арцём Козыр, Алег Юрэня, Вольга Худзенка, Віталь Бялько і Раман Петрушэнка, браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы, экіпаж мужчынскай байдаркі-чацвёркі ў складзе Паўла Мядзведзева, Андрэя Царыковіча, Віталя Бялько і Рамана Петрушэнкі.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Уладзімір Шантаровіч, ацэньваючы выступленне падапечных на сусветным форуме, застаўся задаволены стартамі. «Я б паставіў цвёрдую чацвёрку па выніках ліцэнзійнага чэмпіянату свету. Мы добра папрацавалі ў гэтым сезоне, і мінулыя старты паказалі, што за год да пачатку Алімпіяды мы рухаемся ў правільным кірунку», — адзначыў трэнер.

Такім чынам, у скарбонцы зборнай Беларусі 10 узагарод і 2-е месца ў медальным заліку. На першым — Германія, замыкае тройку наймацнейшых Аўстралія.

Віншаванне нашым байдарачнікам з заваяваннем залатых медалёў на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў італьянскім Мілане накіраваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дар'я Лабажэвіч.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.