Вы тут

Матылёк


Матылёк — ва ўяўленні ўсходніх славян звязаны з іншым, «тым», светам, чаму і стала атаясамлівацца з душамі памерлых продкаў. У некаторых рэгіёнах матылёў і сёння завуць «душкамі». У шматлікіх культурах матыль разумеўся, з аднаго боку, як здольнасць да пераўтварэння, змен, як найвышэйшая прыгажосць, з другога боку — як хуткацечнасць і смерць. Усе гэтыя асацыяцыі ўзніклі на падставе біялагічнага развіцця матыля: вусень, які з'яўляецца з адкладзеных яек, сімвалізуе жыццё. Пераўвасабленне вусеня ў кукалку, зімаванне ў такім стане сімвалізуе часовую смерць; з'яўленне ўвесну матылька, якому давядзецца лётаць з кветкі на кветку, стала сімвалам прыгажосці і кахання. Так у вобразе матыля паядналася сімволіка жыцця, смерці і, нарэшце, бессмяротнасці. Матылёк стаў сімвалізаваць душу, якая пакідае цела ў момант смерці. У хрысціянскай традыцыі менавіта выява матылька была на надмагільных камянях. Хрыстос, які трымае на далонях матыля, сімвалізуе ўваскрэсенне.

Здавён было прынята памінаць памерлых, называючы іх імёны, у час, калі шмат матылёў лётае вакол агню.

Паўсюдна існавала строгая забарона забіваць матылькоў. Пры гэтым сталыя людзі казалі: «Не забівай матыля: ён цябе не кране, а можа, гэта твой памерлы дзед ці бацька». Ці так: «Чыясь душа паляцела».

Была распаўсюджана такая прыкмета: калі ў пакой з хворым заляцеў матыль, ён хутка памрэ.

Цікавы факт: на Віцебшчыне на фарбаваных велікодных яйках рабілі адбіткі крылаў матылёў.

Колер матыля, часам чорны, надзяліў гэтую істоту ў народнай свядомасці негатыўнымі якасцямі, быццам бы ён — дэманічная душа, душа ведзьмака ці знахара.

Белыя матылі як сімвал снегу прысутнічалі ў шматлікіх казках, загадках, вершах і г.д.

Па форме і колеру матылёў прадказвалі ўраджай, надвор'е і іншыя падзеі:

Вялікая колькасць белых матылькоў прадказвала шмат малака ў кароў гэтым летам і вялікія дажджы.

Чырвоныя матылі — будзе шмат мёду, а лета будзе сухім.

Па вышыні палёту першых матылькоў меркавалі аб вышыні льну гэтым летам.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.