Вы тут

Хочаш дапамагчы прыродзе? Далучайся!


У Беларусі пачаў сваю дзейнасць Міжнародны фонд падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор», місія якога заключаецца ў аб'яднанні высілкаў па вывучэнні і ахове дзікай прыроды Беларусі. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі дырэктар арганізацыі Сяргей ПЛЫТКЕВІЧ. Доўгі час інфармацыя пра фонд была вядомая толькі ў вузкім коле спецыялістаў: хоць ён быў зарэгістраваны сёлета 24 лютага, афіцыйная прэзентацыя адбылася толькі на мінулым тыдні.

10_4

— Многія арганізацыі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ўжо праводзілі ўдалыя прыродаахоўныя акцыі і кампаніі, — адзначыў намеснік міністра Мінпрыроды, старшыня апякунскага савета фонду Ігар КАЧАНОЎСКІ. — Мы бачым, што людзі зацікаўлены ў захаванні дзікай прыроды, але іх прапановы збольшага хаатычныя. Таму мы падхапілі ідэю аб стварэнні спецыяльнага фонду: цікавыя праекты змогуць прыцягнуць і людзей, і фінансы. Мы спадзяёмся, што ён дасць падтрымку для правядзення мерапрыемстваў, на якія часам не хапае сродкаў у бюджэце краіны.

Кожны ахвотны можа далучыцца да праектаў у якасці спонсара, партнёра альбо валанцёра. Фонд прыме любую дапамогу: фінансавую, інфармацыйную.

У якасці прыярытэту новая арганізацыя пазначыла падтрымку маладых вучоных. Першы праект фонду «Вывучаем Чырвоны бор» пацвярджае гэтыя словы: летась у снежні быў аб'яўлены конкурс навуковых праектаў. З 12 заяўленых прац 6 былі зацверджаны і атрымалі фінансаванне фонду. Па выніках праведзеных даследаванняў будзе апублікавана брашура з прадстаўленымі праектамі. Акрамя таго, фонд будзе аказваць дапамогу маладым вучоным, фінансаваць іх удзел у міжнародных канферэнцыях.

Важнасць падтрымкі навукоўцаў падкрэсліў дырэктар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах» Алег БАРАДЗІН.

— Аднаўленне і вывучэнне дзікай прыроды мусяць мець навуковую абгрунтаванасць. Іначай наступствы могуць быць непрадказальнымі. Праекты, прапанаваныя маладымі вучонымі, зацікавілі спецыялістаў. У будучыні гэтыя напрацоўкі могуць стаць сур'ёзнымі інвестыцыямі ў навуку, — падсумаваў вучоны.

Другі праект «Дом для арла» датычыцца непасрэдна дзікай прыроды: ён мусіць вырашыць «жыллёвае пытанне» драпежных птушак. Справа ў тым, што з кожным годам становіцца ўсё менш вялікіх дрэў, прыдатных для ўладкавання скапы, арлана-белахвоста, беркута, змеяеда. Праблема абвастраецца яшчэ і таму, што кожны год драпежныя птушкі засяляюць новае гняздо. Партнёрам ініцыятывы стала таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сушы Хаус», якое праводзіць акцыі па зборы сродкаў. Сам праект пакуль знаходзіцца ў пачатковай стадыі: для яго рэалізацыі неабходна выявіць месцы для ўстаноўкі штучных гнёздаў, падлічыць іх прыкладную колькасць і матэрыяльныя затраты. Ужо 29 жніўня адбудзецца адкрыццё будаўнічага сезона: у «Чырвоным бары» пачнуць рабіць платформы для арлоў. Плануецца, што з часам усе ахвотныя змогуць набыць імянное гняздо для птушкі (такі падарунак абыдзецца прыкладна ў 700 тысяч рублёў) і ўстанавіць там камеру для відэа-назірання.

На працягу некалькіх апошніх гадоў навукоўцамі вядзецца праца па вывучэнні крыніц Беларусі. Яна стане асновай праекта «Жывая вада. Чыстая крыніца».

— Мы збіраемся сабраць і сістэматызаваць інфармацыю пра ўсе крыніцы Беларусі, цікавыя як гісторыка-культурныя і турыстычныя аб'екты, — удакладніў Сяргей Плыткевіч. — На месцах будзем правяраць якасць вады, бо, як вядома, гідралагічнае становішча мяняецца. Дагледжаныя крыніцы ўключым у спіс турыстычных маршрутаў. Зробім топ-10 самых цікавых, выдадзім даведнік. А занядбаныя крыніцы будуць аднаўляцца сіламі ініцыятыўнай групы.

Ігар Качаноўскі дадаў, што па выніках праекта з'явіцца магчымасць узяць пад ахову самыя каштоўныя крыніцы і аб'явіць іх помнікамі прыроды. У рамках ініцыятывы «Жывая вада. Чысты бераг» мяркуецца выбраць участкі рэк і азёр, якім патрабуецца пастаянная прыборка і назіранне, а пасля арганізаваць вываз смецця з тэрыторый, устанавіць кантэйнеры і прыбіральні на ачышчаных участках.

Намеснік міністра расказаў, што ў найбліжэйшы час плануецца правесці акцыі па зарыбленні вадаёмаў каштоўнымі абарыгеннымі відамі рыб. Ён таксама адзначыў: апякунскі савет чакае прапаноў па развіцці іншых кірункаў дзейнасці. Больш дэталёва азнаёміцца з праектамі фонду і прапанаваць сваю дапамогу можна праз сайт арганізацыі fondprіroda.by.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.