Вы тут

Суседзі павінны жыць у згодзе


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў нашай краіне Майра Мора падчас сустрэчы адзначылі паляпшэнне адносін паміж ЕС і Беларуссю.

Перамовы прайшлі з нагоды завяршэння дыпламатычнай місіі Майры Моры ў Беларусі, і Прэзідэнт высока ацаніў яе дзейнасць, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. «Вы зрабілі нямала для таго, каб мы не толькі пачалі размаўляць з вялікай Еўропай, але і ў нечым разумець адно аднаго, наладжваць нашы адносіны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на ад'езд Майры Моры з Беларусі, яна застанецца сапраўдным сябрам краіны. Прэзідэнт запрасіў яе ў любы зручны час наведваць Беларусь. Адзначаючы ўклад кіраўніка прадстаўніцтва ў развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕС, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы ведаем, што вы рабілі вельмі многае шчыра, і, калі не маглі нечага зрабіць, маўчалі, і мы разумелі гэтае маўчанне».

Прэзідэнт адзначыў, што сустракаецца далёка не з усімі пасламі, якія завяршаюць сваю дыпламатычную місію. І факт гэтай сустрэчы гаворыць сам за сябе. «Гэта прызнанне нашай краіны значэння чалавека, які прысвяціў сябе таму, каб палепшыць адносіны, а не разарваць, не пагоршыць, як гэта часам бывае», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, работа Майры Моры з'яўляецца ў пэўным сэнсе «ўзорам паводзінаў пасла ў краіне знаходжання». «Пасол павінен склейваць, аб'ядноўваць, але ні ў якім разе не рваць і не раз'ядноўваць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу, кіраўнік прадстаўніцтва ЕС сказала, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэння стасункаў з Еўрасаюзам. «Жадаю, каб адносіны такімі заставаліся і надалей, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе», — сказала Майра Мора. Яна падзякавала Прэзідэнту Беларусі за высокую ацэнку яе дыпламатычнай дзейнасці. Майра Мора лічыць падарункам лёсу той факт, што ёй двойчы давялося працаваць у Беларусі: першапачаткова паслом Латвіі, а затым кіраўніком прадстаўніцтва ЕС. Яна лічыць важным, што сёння адносіны Беларусі і Еўрасаюза паляпшаюцца. «Мая прафесія — дыпламат. Гаворкі, кантакты — гэта наша зброя. Трэба не адмяжоўвацца, а, наадварот, абмяркоўваць усе, нават вострыя, пытанні, што я гэтыя гады і рабіла», — сказала Майра Мора.

На сустрэчы абмеркаваны актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня. Акрамя таго, была адзначана роля Беларусі як важнага звяна падтрымання стабільнасці і бяспекі ўвогуле ў Еўропе.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.