Вы тут

Дзявяты вал


 

Ці справіцца Стары Свет з небывалым наплывам бежанцаў?

У Еўропе пачаўся чарговы маштабны крызіс. Стары Свет сутыкнуўся з адной з найбольш сур'ёзных міграцыйных праблем у сваёй гісторыі — процьмай бежанцаў. У многіх еўрапейскіх краінах людзі пачалі масава выходзіць на мітынгі з патрабаваннем да ўлад неадкладна спыніць паток перасяленцаў з афрыканскіх краін і абараніць межы ад мігрантаў, што ў вялізнай колькасці прыбываюць праз Міжземнае мора (іх ужо налічылі каля чвэрці мільёна чалавек, і лічба будзе павялічвацца). Аднак сістэмна ўзяцца за ўрэгуляванне крызісу з нелегальнымі мігрантамі ў Еўрасаюзе вымушаны былі пасля таго, як 30 ліпеня каля тысячы мігрантаў распачалі новую спробу прарвацца ў тунэль пад Ла-Маншам з боку французскага горада Кале, каб перабрацца ў Вялікабрытанію. Як паказаў час, гэта быў толькі першы сур'ёзны «званочак». Дык што ж урэшце чакае Стары Свет?

12_1

12_1

 

Кластар утрыманцаў

Праблема міграцыі ў Еўропе ўзнікла не ўчора, яна мае вельмі глыбокія гістарычныя карані. Выбуховая сітуацыя пачала разгортвацца яшчэ ў сярэдзіне 1940-х. Міжнародныя заканадаўчыя акты ў вобласці правоў чалавека, прынятыя пасля Другой сусветнай вайны, пазначылі агульную лібералізацыю. Не абмінулі яны і міграцыйныя працэсы. Як вядома, пасляваенны падзел Еўропы ў першыя часы абумовіў хвалю міграцыі ў краіны Заходняга блока. Разам з тым бурнае аднаўленне патэнцыялу еўрапейскіх краін і наступныя ўражальныя тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця патрабавалі працоўнай сілы звонку. На «лімітных» наборах рабочых уздымаліся цэлыя галіны прамысловасці, напрыклад аўтамабілебудаванне ў Францыі. Істотная колькасць працоўных прыцягвалася з дзяржаў «пераможанага лагера» — Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Грэцыі, паведамляе expert.ru.

Напрыканцы мінулага стагоддзя, з павелічэннем узроўню дабрабыту гэтых краін і ўсёй Еўропы ўвогуле, патрэбныя працоўныя рукі давялося прывозіць з былых афрыканскіх калоній і дзяржаў колішняга сацлагера. Каб палегчыць працэс «дастаўкі», быў адкрыты міграцыйны «клапан» — і паток мігрантаў проста захліснуў Еўропу. На думку экспертаў, гэтаму нямала спрыялі надзвычай ліберальная пазіцыя Бруселя і адсутнасць цвёрдых межаў на прасторы ЕС.

Высакародныя ідэі еўрапейскага грамадства пра годнае жыццё для кожнага грамадзяніна хутка павярнуліся супраць саміх сябе. Нізкакваліфікаваныя мігранты апанавалі сектар «непрэстыжных» для карэнных еўрапейцаў прафесій, а потым, у сілу беспрацоўя, аселі на шыі дзяржаў, якія іх прытулілі, атрымваючы нядрэнныя дапамогі і льготы. Такое становішча хутка ператварылася ў звычку, і бюджэт Еўропы атрымаў цэлы кластар утрыманцаў, якія не гатовы і, галоўнае, не жадаюць працаваць.

Кароткая перадышка

Па розных ацэнках, агульная колькасць нелегальных мігрантаў у краінах Еўрасаюза складае ад 5 да 8 млн чалавек. На жаль, не існуе афіцыйнай еўрапейскай статыстыкі колькасці нелегалаў, але, як вынікае з асобных крыніц, больш за ўсё іх — па 1-1,5 млн — налічваецца ў Германіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Іспаніі. Прытым апошнія дзве краіны і Кіпр з'яўляюцца галоўным перавалачным пунктам для нелегалаў з Паўночнай Афрыкі. Праз Грэцыю ў іншыя краіны ЕС накіроўваецца паток з Турцыі і Афганістана, да іх таксама дадаліся і бежанцы з Сірыі. Па звестках ААН, лік уцекачоў з гэтай краіны дасягнуў 2 мільёнаў чалавек, з іх 678 тыс. прыбылі ў Ліван, 516 тыс. — у Іарданію, 434 тыс. — у Турцыю. Па звестках агенцтва Frontex, 90% прытоку мігрантаў у краіны Паўднёвай Еўропы складалі бежанцы менавіта з гэтых рэгіёнаў.

У пачатку 2010-х становішча змянялася імкліва: калі ў 2009-м было зафіксавана 3,5 тысячы незаконных перасячэнняў мяжы Еўрасаюза, то ў 2013-м — ужо 140 тыс. Больш за ўсё бежанцаў апынуліся ў Італіі і на Мальце — звыш 45% усіх нелегалаў, што прыбываюць у Еўропу. Праўда, 2012 год, канстатавалі спецыялісты, быў перыядам параўнальнага зацішша, калі сітуацыя значна палепшылася — прыток мігрантаў зменшыўся амаль удвая. Але, як паказаў час, палёгка была непрацяглай. Летась краіны ЕС прынялі каля 250 тысяч бежанцаў з краін Афрыкі і Блізкага Усходу. Па прагнозах экспертаў, сёлета іх колькасць можа вырасці ў разы.

Марскія могілкі

Італію накрыў сапраўдны «дзявяты вал» мігрантаў з Лівіі і іншых афрыканскіх краін. Дзясяткі тысяч людзей садзяцца на надзіманыя лодкі і ненадзейныя судначкі і адпраўляюцца да італьянскага вострава Лампедузе — найбліжэйшай да Афрыкі еўрапейскай тэрыторыі. Цэнтральная частка Міжземнага мора ў раёне Сіцыліі ўсё больш ператвараецца ў велізарныя могілкі. Плаванне з Лівіі ў Італію ўтойвае мноства небяспек, улічваючы стан плывучых сродкаў і іх перагружанасць. Мінулы год быў адзначаны сумнай статыстыкай. Летась у моры патанулі каля 3,5 тысячы мігрантаў. Аднак сёлета сітуацыя можа стаць яшчэ горш. У міжземнаморскіх водах загінулі ўжо звыш дзвюх тысяч афрыканцаў, сярод якіх вельмі шмат жанчын і дзяцей.

Абвастрэнне становішча ў Лівіі, дзе ідзе грамадзянская вайна, прымушае тутэйшых жыхароў пакідаць радзіму і перабірацца ў Еўропу. Пераважная большасць накіроўваецца ў Італію: да яе, як ім здаецца, рукою падаць. Па словах высокапастаўленых чыноўнікаў, колькасць афрыканцаў, якія імкнуцца ў Італію, да канца года можа дасягнуць мільёна чалавек! Тым часам цэнтры для бежанцаў ужо даўно перапоўнены і не спраўляюцца з «цунамі» нелегалаў.

Ві­да­воч­на, што сі­ту­а­цыя вы­хо­дзіць з-пад кант­ро­лю па ўсёй Еў­ро­пе. Што з гэ­тым ра­біць, па­лі­ты­кі і чы­ноў­ні­кі, зда­ец­ца, па­куль не ве­да­юць. Тым­ ча­сам лю­дзі ўсё едуць і едуць. Ад­ну толь­кі Сі­рыю з-за вай­ны па­кі­ну­лі ўжо ча­ты­ры міль­ё­ны ча­ла­век.

Клопат пра мігрантаў цяжкім грузам кладзецца на італьянскую эканоміку, якая ніяк не выйдзе з пяцігадовай рэцэсіі. Тое, што Італія не можа справіцца з наплывам уцекачоў, відаць на адным простым прыкладзе. Усяго год дзейнічала італьянская праграма выратавання мігрантаў «Міжземнае мора». Увосень мінулага года з-за нястачы сродкаў яе давялося закрыць і замяніць такой ж па мэтах, але не па ўтрыманні і эфектыўнасці праграмай еўрапейскага памежнага агенцтва Fortex — «Трытон». Неўзабаве пасля таго, як выратаваннем заняліся еўрапейскія памежнікі, лік ахвяр рэзка павялічыўся. І справа тут не ў тым, што італьянскія памежнікі дабрэйшыя і больш уважлівыя за еўрапейскіх. Прычына ў маштабах дзвюх праграм. Калі падчас правядзення «Мора» пад кантролем трымалася тэрыторыя плошчай каля 70 тысяч кв. км, то цяпер памежнікі сочаць толькі за 30-кіламетровай паласой уздоўж узбярэжжа Італіі. Калі ў «Моры» бралі ўдзел да 900 італьянскіх памежнікаў і супрацоўнікаў берагавой аховы, то ў «Трытоне» — толькі 65. Красамоўнае і параўнанне фінансавання праграм: «Міжземнае мора» — 9 мільёнаў еўра ў месяц, а «Трытон» — 2,7 млн.

Напруга на астравах

Міжземнаморскі маршрут з'яўляецца асноўным шляхам дастаўкі нелегалаў у Еўропу, другі па маштабах транзітны маршрут праходзіць праз Балканы. Па звестках агенцтва Frontex, праз Грэцыю, Балгарыю і Кіпр у 2011-2012 гадах на тэрыторыю ЕС прабраліся амаль палова ўсіх нелегальных мігрантаў. Усяго, па некаторых ацэнках, на тэрыторыі Грэцыі знаходзяцца ад 800 тыс. да 1 млн нелегалаў. Гэтаму спрыяла далучэнне Грэцыі да Шэнгенскага пагаднення і пагаршэнне становішча на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Вялікая частка з прыкладна 50 тыс. бежанцаў, якія прабраліся ў Грэцыю толькі ў ліпені (дарэчы, гэта больш, чым на працягу ўсяго мінулага года), трапіла на тэрыторыю Элады праз астравы на ўзбярэжжы Турцыі. Найбольш цяжкае становішча склалася на востраве Кос. Там адбыліся сутыкненні паміж мігрантамі і паліцыяй, пасля якіх больш за дзве тысячы чалавек замкнулі на мясцовым стадыёне. Выбуховая напруга нарастае і на іншых грэчаскіх астравах каля турэцкага ўзбярэжжа. З пачатку года на іх прыбылі больш за 120 тыс. мігрантаў, тады як за ўвесь мінулы год — менш за 30 тыс.

З-за крызісу і недахопу грошай грэчаская паліцыя і міграцыйная служба не ў стане хутка рабіць усю патрэбную працу. Не хапае месцаў для размяшчэння людзей, часам нестае ежы і нават вады. У выніку такой блытаніны і ўзнікаюць выбуховыя сітуацыі, падобныя да той, што склалася цяпер на Косе. Тым часам большасць сірыйскіх уцекачоў, якіх у Турцыі цяпер сабралася звыш 1,6 млн чалавек, нягледзячы на тое, што адбываецца на астравах, усё адно маюць намер адправіцца ў Грэцыю.

Да нядаўніх падзей на Косе, насельніцтва якога не перавышае 30 тыс. чалавек, самае напружанае становішча было на Лесбасе. Туды для падтрымання парадку Афіны адпраўлялі нават вайсковыя падраздзяленні. На дапамогу Брусель штогод накіроўвае сотні салдат Frontex — памежнага агенцтва Еўрасаюза. Але і гэта не ратуе сітуацыю. Паўтара года назад улады Грэцыі нават абвясцілі, што маюць намер узвесці сцяну на мяжы, але пазней адмовіліся ад гэтай ідэі з-за адсутнасці грошай. Сітуацыя напалілася гэтак, што летась увосень у ЕС задумаліся пра тое, каб выключыць Грэцыю з Шэнгенскай зоны. Праўда, афіцыйнага пацвярджэння гэта інфармацыя не атрымала.

На пачатку жніўня ўлады Грэцыі пачалі беспрэцэдэнтную аперацыю супраць нелегальных мігрантаў. Як паведамляе France-Presse, у аблавах бралі ўдзел 2 тыс. паліцэйскіх у Афінах і 2,5 тыс. памежнікаў, змешчаных на мяжы з Турцыяй. Толькі ў адзін дзень у Афінах былі затрыманы 4 900 нелегалаў, з якіх 1 130 у той жа дзень былі выправаджаны з тэрыторыі Грэцыі.

Па-за кантролем

Дапамога насамрэч паступае. Выдзяляюцца сродкі тым, хто першы прымае той самы «дзявяты вал». Да 2020 года Італіі выдзеляць каля 560 мільёнаў еўра, трохі менш атрымаюць Іспанія і Грэцыя. Дапамогу для вырашэння міграцыйных праблем ужо атрымала Францыя, яшчэ раней грошы былі пералічаны Брытаніі.

У лакаматываў еўрапейскай эканомікі таксама сур'ёзныя праблемы. У Францыі тунэль пад Ла-Маншам штурмуюць кожную ноч. У Германіі ў шэрагу месцаў прыезджых гэтулькі, што карэнныя жыхары апынуліся ў меншасці. Брытанія вельмі прывабная для перасяленцаў, да апошняга часу там былі ліберальныя законы для імігрантаў. Высокі ўзровень жыцця і адладжаная сістэма сацыяльнага забеспячэння — гэта асноўныя прычыны, па якіх мноства перасяленцаў хацелі б застацца ў Злучаным Каралеўстве назаўжды. Павелічэнне прытоку мігрантаў каласальнае. Паводле апытанняў, большасць грамадзян краіны лічаць, што Вялікабрытанія ўжо «перанаселена» і неабходны надзвычайныя меры па абмежаванні ўезду мігрантаў.

Першасны размеркавальны лагер для мігрантаў у аўстрыйскім Трайскірхене перапоўнены. Ён разлічаны на 2 тысячы чалавек, але цяпер тут знаходзіцца ўдвая больш. Месцічы незадаволены. «Гэта ганьба — тое, што адбываецца ў Аўстрыі. Мы ж багатая краіна! І ў самым цэнтры гэтай багатай краіны людзі сядзяць на асфальце, і калі нехта прыносіць ім ежу, яны бягуць і літаральна выдзіраюць прадукты з рук, быццам дзікія звяры. Так не можа доўга працягвацца!» — абураецца мясцовая жыхарка Марыэла Гужэль.

У сутыкненнях з паліцыяй бяруць удзел сотні выхадцаў з краін трэцяга свету. Ёсць і пацярпелыя. Адзін са шматлікіх прыкладаў: спрабуючы ўціхамірыць раз'юшаны натоўп мігрантаў, паліцэйскім іспанскага курортнага горада Салоу давялося адкрыць стральбу ў паветра. Гэта выхадцаў з Сенегала не спыніла. Яны працягвалі паліць смеццевыя кантэйнеры, граміць паліцэйскія аўтамабілі і будаваць барыкады на чыгуначных пуцях. Хваляванні ўспыхнулі пасля рэйду супраць незаконных вулічных гандляроў. Адзін з іх, уцякаючы, выкінуўся з акна і загінуў...

Відавочна, што сітуацыя выходзіць з-пад кантролю па ўсёй Еўропе. Што з гэтым рабіць, палітыкі і чыноўнікі, здаецца, пакуль не ведаюць. Тым часам людзі ўсё едуць і едуць. Адну толькі Сірыю з-за вайны пакінулі ўжо чатыры мільёны чалавек.

Без Шэнгена?

І з апошніх падзей, што называецца, у тэму. 20 жніўня Македонія абвясціла пра ўвядзенне надзвычайнага становішча і перакрыла сваю паўднёвую мяжу. Пры гэтым паліцыя ўжыла супраць мігрантаў, што спрабавалі трапіць на тэрыторыю краіны, слязісты газ і святлошумавыя гранаты. Аднак цяпер, па словах сведак, прапускны пункт у Гевелію цалкам адкрыты, і ў Македонію патокам рушаць мігранты, пераважна з Сірыі, Ірака і Афганістана. У Македоніі яны перасаджваюцца на аўтобусы і цягнікі і адпраўляюцца далей у Сербію і краіны Еўрасаюза. Большасць накіроўваецца на поўнач кантынента, іх шлях ляжыць праз Венгрыю.

У мінулыя выхадныя ў Сіцылійскім праліве, што аддзяляе Лівію ад паўднёвага ўзбярэжжа Італіі, было выратавана 4,4 тысячы імігрантаў. Як паведаміла ў нядзелю італьянская служба берагавой аховы, гэта абсалютны рэкорд. Як перадае ТАСС, усяго былі праведзены 22 аперацыі па выратаванні. У нядзелю выратаваных мігрантаў даставілі ў розныя італьянскія порты. У тым ліку амаль тысяча імігрантаў плывуць у Кальяры на востраў Сардзінія, больш 500 — у Палерма, яшчэ 500 накіроўваюцца ў порт Аўгуста на Сіцылію.

У сувязі з усплескам незаконнай міграцыі ў Еўропе загучалі заклікі закрыць межы ў Шэнгенскай зоне, абмежаваўшы адзін з утваральных пастулатаў ЕС — права на свабоду перамяшчэнняў. Напярэдадні пра гэта казалі кіраўнік МУС Германіі Томас дэ Мезьер, а таксама міністр замежных спраў Італіі Паола Джэнцілоні.

«Мы бачым напружаную сітуацыю на сіцылійскім узбярэжжы, на грэчаскіх астравах, у Македоніі і Венгрыі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа паставіць пад пытанне Шэнгенскія пагадненні», — заявіў Джэнцілоні. Ён падкрэсліў, што мігранты «прыбываюць не ў Італію, Грэцыю ці Венгрыю, а ў Еўропу».

Бельгійскі прэм'ер Шарль Мішэль даў інтэрв'ю тэлеканалу РТЛ пасля спробы здзяйснення тэракта ў цягніку Thalys. «Шэнгенскія пагадненні важныя для нашай эканомікі, аднак перад тварам тэрарыстычнай пагрозы мы, магчыма, павінны будзем іх перагледзець», — цытуе кіраўніка бельгійскага ўрада ТАСС. Ён паведаміў, што ўжо абмяркоўваў ідэю ў тэлефоннай гутарцы з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам і што гэта дыскусія працягнецца ў Бруселі на розных узроўнях. Дарэчы, лідары Еўрасаюза ўжо назвалі цяперашнюю сітуацыю «найгоршым крызісам бежанцаў з часоў Другой сусветнай вайны».

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

 

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.