Вы тут

Караван кіруе на Сочы


Мінск падчас Форуму рэгіёнаў прадставяць больш за 20 прадпрыемстваў.

Некалькі тыдняў застаецца да аднаго з самых стратэгічна значных мерапрыемстваў для беларускіх вытворцаў у прыватнасці і айчыннай эканомікі ў цэлым — Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які мае адбыцца 17-18 верасня ў Сочы. На ім будуць прадстаўлены ўсе вобласці нашай краіны, у тым ліку і горад Мінск. Пра тое, якім чынам наша сталіца праявіць сябе на ім, расказала Жанна БІРЫЧ, намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

26-35

26-35

 

«Мне прыемна адзначыць, што першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі быў праведзены ў чэрвені мінулага года менавіта ў Мінску, — гаворыць Жанна Эдуардаўна. — Тады ў ім узялі ўдзел звыш 180 чалавек з расійскага боку (было прадстаўлена 19 рэгіёнаў) і каля 120 чалавек — з беларускага».

Як адзначае Жанна Бірыч, другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы 17-18 верасня будзе яшчэ больш маштабным. Бо «мерапрыемства арганізоўваецца на самым высокім узроўні з удзелам кіраўнікоў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, членаў урадаў, кіраўнікоў усіх рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін».

Ключавой тэмай форуму вызначана прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы. «Цяпер, нягледзячы на наладжанае добрае ўзаемадзеянне, у дачыненні прамысловых комплексаў дзвюх краін застаецца маса нявыкарыстаных магчымасцяў, — лічыць віцэ-мэр Мінска і дадае: — Узаемавыгаднае супрацоўніцтва рэгіёнаў — неад'емны элемент эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін».

Дарэчы, у рамках праграмы форуму беларуская сталіца заяўлена ў адной з секцый з выступленнем на тэму «Шляхі рэалізацыі асноўных прынцыпаў і задач рэгіянальнай прамысловай палітыкі дзяржавы. Паўнамоцтвы органаў улады суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і органаў самакіравання ў сферы прамысловай палітыкі: праблемы і паспяховы досвед». «Работа ў гэтай секцыі дазволіць нам вызначыць адзіныя і ўзгодненыя падыходы да прамысловай палітыкі мясцовых органаў улады нашых краін», — тлумачыць Жанна Бірыч.

Па словах намесніка старшыні Мінгарвыканкама, урадам і Саветам Рэспублікі ўжо распрацаваны і ўзгоднены канцэпцыя і праграма форуму, якая прадугледжвае правядзенне выставы прамысловай прадукцыі нашай краіны, кірмашу-продажу беларускіх тавараў, а таксама падпісанне шэрагу камерцыйных кантрактаў і пагадненняў з рэгіёнамі Расіі.

«Сярод больш чым 80-ці прадпрыемстваў, якія прымаюць удзел у прамысловай выставе ў мэтах прэзентацыі перадавых беларускіх распрацовак у галіне навукі і тэхналогій, ваеннага, нафтахімічнага і дрэваапрацоўчага комплексаў, а таксама ў экспазіцыі тавараў народнага спажывання, звыш 20-ці — сталічныя», — паведамляе Жанна Эдуардаўна. Гэта «Белкамунмаш», МАЗ, «Амкадор», Мінскі трактарны завод, «Гарызонт», «Інтэграл», «Атлант», «Белмедпрэпараты», «Мінскінтэркапс» ды інш.

«Напярэдадні форуму мінскімі прадпрыемствамі ўжо заключана больш за 155 кантрактаў з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі на агульную суму звыш 7 мільярдаў расійскіх рублёў», — дзеліцца звесткамі віцэ-мэр Мінска. Што тычыцца трэцяй часткі форуму — кірмашу-продажу, — то на ім жыхарам і гасцям горада Сочы прапануюць шырокі спектр спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці. Мінск на кірмашы прадставяць асноўныя брэнды — «Мінскхлебпрам», «Камунарка», Кандытарская фабрыка «Слодыч», «Крыніца», «Беліта», сувенірная прадукцыя «Белмастацпромыслы». Па словах Жанны Бірыч, караван з беларускімі малочнымі, мяснымі, кандытарскімі вырабамі, а таксама трыкатажам і абуткам адправіцца ў сонечны горад ужо 13 верасня.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.