Вы тут

Той самы дворык


Ёсць у Магілёве месцы, куды работнікі камунальных службаў найчасцей водзяць афіцыйных гасцей горада і мясцовыя ўлады. Паглядзець там сапраўды ёсць што. Сцены пад'ездаў нагадваюць творы анімацыйнага мастацтва, як і кветнікі, і дэкаратыўныя кампазіцыі. І ніякая гэта не паказуха. Проста ў горадзе ёсць жыхары, якія прывыклі адчуваць сябе не староннімі наглядальнікамі, а творцамі. Вядома, не абыходзіцца тут і без натхняльнікаў. Валянціна Еўдакімава — адна з іх.

[caption id="attachment_97730" align="alignnone" width="600"]26-20 Ва­лян­ці­на Еў­да­кі­ма­ва з Евай Ша­га­вай ро­бяць ад­ну спра­ву.[/caption]

Не кожны можа быць дворнікам...

У сістэме ЖКГ яна працуе з 1977 года. Прычым увесь гэты час выключна ў ЖЭУ №4. Апошнія 10 гадоў яна начальнік участка і па сумяшчальніцтве старшыня савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны № 7, у якую ўваходзяць 29 дваровых тэрыторый. Непасрэдная ўдзельніца і каардынатар дзеянняў па падтрымцы належнага санітарнага стану, правядзенні добраўпарадкавання і навядзенні чысціні.

— У нас створана 5 дамавых камітэтаў, — расказвае Валянціна Кузьмінічна. — Адзін з іх па вуліцы Гагарына прызнаны найлепшым у горадзе. Не горш працуе дамавы камітэт па бульвары Непакораных. Запрашаем жыхароў на суботнікі, дапамагаем рабіць у пад'ездах рамонты. Ёсць жыльцы, якія перажываюць за тое, каб іх дом быў узорны. Найчасцей гэта людзі больш сталага ўзросту, але хапае і моладзі. Імкнёмся, каб у пад'ездах былі парадак і чысціня, каб не курылі, каб актыўней са старшымі па пад'ездзе кантактавалі.

Валянціна Еўдакімава лічыць сваю прафесію найлепшай і самай неабходнай. І савет тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання — добры спосаб сумеснымі намаганнямі дамагчыся станоўчых вынікаў. У яго склад уваходзяць людзі, зацікаўленыя ў навядзенні парадку, а рабіць сваю справу з удзелам аднадумцаў значна лягчэй.

26-19

ЖЭУ №4 абслугоўвае 85 жылых дамоў па вуліцах Астроўскага, Гагарына, бульвары Непакораных, праспектах Пушкінскім і Шміта. У штаце 94 чалавекі, з іх 69 дворнікаў. Але нават калі б іх было ў 2 разы больш, навесці парадак без удзелу жыхароў было б няпроста. На думку Валянціны Еўдакімавай, самыя актыўныя жыхары жывуць на бульвары Непакораных і вуліцы Гагарына. Там двары патанаюць у кветках...

— У нас 20% дваровых тэрыторый адрамантавана капітальна, шырэйшая стала праезная частка, на дарожках з'явілася плітка. І няпраўда, што людзі менш часу сталі праводзіць у дварах.

[caption id="attachment_97734" align="alignnone" width="600"]26-18 А горку і арэлі купілі за свае грошы.[/caption]

У ЖЭУ працуюць сапраўдныя майстры. З падручных матэрыялаў (на участку падчас апошняга ўрагану вецер паваліў 64 (!) дрэвы) робяць розных казачных герояў. Паравозік з Рамашкава, жар-птушку, розных чарапашак і лебедзяў. З ПЭТ-бутэльек атрымліваюцца цудоўныя пальмы, званочкі, ландышы. «Сёння мы яшчэ не кожнага дворніка на працу возьмем, — сцвярджае Валянціна Кузьмінічна. — Трэба, каб чалавек быў старанны, а не проста час адбываў. Прыклад для пераймання — Людміла Бялова, якая прыбірае двор па праспекце Шміта. У яе такая чысціня заўсёды, што не ў кожнага дома так бывае. Нам часта тэлефануюць, каб падзякаваць ёй».

Пад'езд ці... мастацкая галерэя?

Разам з Валянцінай Еўдакімавай і намеснікам дырэктара ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Таццянай Касаткінай рушым на агляд мікразоны. Жыхары пяціпавярховіка па бульвары Непакораных, 7 летась выканалі рамонт пад'езда за ўласны кошт. Ён сапраўды ўражвае дагледжанасцю. Усюды дэкаратыўныя кветкі, на сценах з першага па пяты паверх — карціны.

— Тут жыльцы на рэдкасць актыўныя, — тлумачыць начальнік ЖЭУ. — Адны з першых у Магілёве ўсталявалі прыборы ўліку цяпла, а на дзвярах — дамафоны. За апошнія 15 гадоў пад'езд двойчы рамантаваўся з удзелам жыхароў. Раней, напрыклад, было проста пафарбавана, а цяпер з'явіліся яшчэ і элементы аздаблення. На апошні капрамонт яны патрацілі каля 2,5 мільёна — па 150 тысяч з кватэры. Гэты пад'езд быў адзначаны падзячным лістом абласнога Савета дэпутатаў. А на грашовую прэмію жыхары збіраюцца купіць лінолеум.

Не менш прыгожа ў суседнім пад'ездзе. Старшая па ім Ева Сямёнаўна Шагава — сапраўдны прыклад для астатніх. Яна не чакае, пакуль нехта штосьці зробіць — клумбу пасадзіла сама і даглядае яе. Запэўнівае, што ёй гэта падабаецца. Дачы ў жанчыны няма, а тут ёсць магчымасць у зямлі пакорпацца. Зараз іншыя прыклад бяруць, Ева Шагава гэтаму радуецца. На сваім паверсе яна таксама паставіла кветкі, павесіла фіранкі, паслала лінолеум. Суседзі паверхам вышэй паглядзелі і зрабілі тое ж.

[caption id="attachment_97732" align="alignnone" width="600"]26-22 У до­ме па ву­лі­цы Яра­слаў­скай малюнкі на кож­ным кро­ку.[/caption]

На гэта грошай не шкадуем

— У нас ёсць унікальны дом, ад якога ўсе ў захапленні, — запрашае на тэрыторыю ЖЭУ №8 Таццяна Касаткіна. — Каля 70% яго жыхароў — выключна маладыя людзі. Пяць гадоў таму, калі спраўлялі наваселле, паабяцалі зрабіць з дома сапраўдную цукерку. І зрабілі яе. На першы погляд, звычайная «панэлька», але ад таго, што ўнутры, нельга не прыйсці ў захапленне.

Калі заходзіш у пад'езд дома №15а па вуліцы Яраслаўскай, нібы трапляеш у казку. Прыгожа — вачэй не адвесці. Фарбы купілі жыхары, а вось творчасцю займалася мастачка з ЖЭУ. На першым паверсе знаходзіцца спецыяльны куток для нагляднай агітацыі: трэба, каб кожны ведаў свае правы і абавязкі.

— А яшчэ кажуць, што моладзь у нас неактыўная, — здзіўляецца Таццяна Касаткіна. — Калі некалькі гадоў таму зрабілі першы пад'езд — ён у горадзе быў прызнаны найлепшым. Зараз зроблены тры пад'езды. Калі дэпутаты былі тут, жыльцы паабяцалі, што пад'ездамі не абмяжуюцца. У выніку летась занялі 2-е месца сярод дваровых тэрыторый.

[caption id="attachment_97733" align="alignnone" width="600"]26-21 Прыгожа жыць не забароніш (бульвар Непакораных, 7).[/caption]

Сёлета жыхары купілі горку, арэлі, камунальнікі зрабілі альтанку з закупленых жыхарамі дошак. У планах — футбольная і баскетбольная пляцоўкі.

— Зробім і разметку для аўтамабіляў, — кажа Таццяна Касаткіна. — Кіраўнік адміністрацыі прыязджаў, размаўляў з жыхарамі, яны дзяліліся планамі, казалі, чаго ім не хапае. Ён абяцаў дапамагчы.

Старшая па пад'ездзе Таццяна Міхайлоўская гатова падзяліцца вопытам. Прызнаецца, што дамагчыся такіх вынікаў можна толькі дзякуючы ўпартасці.

— Большасць з нас не жадае жыць у брудзе. Калі нешта трэба набыць для агульных патрэб, вывешваем аб'яву, а потым ідзём па кватэрах збіраць грошы. Усе ставяцца з разуменнем. Прыемна, што мысленне людзей паступова мяняецца. Яны імкнуцца жыць прыгожа.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.