Вы тут

Квас не для вас


Магчыма, у хуткім часе з вуліц сталіцы знікне «бочкавы» квас.

У савецкія часы, як толькі пачыналася цёплае надвор'е, на вуліцах вялікіх і маленькіх гарадоў з'яўляліся бочкі з квасам і півам. Каля іх стваралася асобная, непаўторная атмасфера: стоячы ў вялікіх чэргах, можна было даведацца апошнія навіны, абмеркаваць надвор'е, наслухацца розных чутак.

26-34

Спажывалі напоі павольна, смакуючы кожны глыток, нікуды не спяшаліся, а пасля яшчэ і па дабаўку станавіліся. Сёння такога ўжо няма. На вуліцах яшчэ дзе-нідзе сустракаюцца прыкметныя жоўценькія бочкі з квасам, але купляюць яго ўжо без ажыятажу. Ды і адметны паход «па квас», які калісь быў як рытуал, таксама знік. Стаў штодзённасцю... Але ў хуткім часе пакаштаваць квасу з бочкі, пэўна, зусім не атрымаецца: санслужба Мінска мае намер ліквідаваць гэты вулічны гандаль.

Сёння ў сталіцы ўжо не вырабляюць бочкавы квас — для продажу яго прывозяць са Смалявіч і Фаніпаля. Прадаюць на вуліцах горада менавіта жывы квас — той, які вырабілі з натуральных інгрэдыентаў, без усялякіх там кансервантаў, таму і тэрмін прыдатнасці ў яго кароткі (некалькі дзён). Калі не прададуць — то ўсё, пішы прапала, прадукт псуецца. Але ў гарачыя дзянькі гандаль ідзе жвава.

Хтосьці купляе кубачак ці куфаль, а нехта бярэ пару бутэлек. А напаўняецца розная тара ўжо не з аўтацыстэрны — гэта састарэлы спосаб продажу. Зараз квас льецца акуратна з кегі. Кега — гэта ўнікальная металічная пасудзіна. На заводзе яна герметычна закрываецца коркам, і ўжо напоўніць без спецыяльнага прыстасавання яе немагчыма.

Чаму ж тады санстанцыя хоча спыніць продаж квасу? Здавалася б, цяпер з новым абсталяваннем можна забыцца пра розныя страшылкі наконт таго, што ў бочках то чарвякі заводзяцца, то яшчэ якая жыўнасць. Льецца квас не з бочкі, а з кегі, і тут ужо магчыма гарантаваць якасць напою...

Але галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Мінска Наталля Жукава лічыць, што такі вулічны від гандлю састарэў і не адпавядае санітарным нормам.

— Санітарна-эпідэміялагічная служба горада правяла ацэнку рэалізацыі харчовых тавараў праз сетку дробнарознічнага гандлю. Мы знайшлі аднатыпныя парушэнні санітарных правілаў: невыкананне тэмпературнага рэжыму пры продажы тавару, рэалізацыя напояў без звестак аб праходжанні спецыяльнага агляду, адсутнасць дакументаў, якія пацвярджаюць правядзенне санапрацоўкі цыстэрнаў і гэтак далей.

Перспектывы на будучыню відаць: у наступным сезоне, гарачым летнім днём, пэўна, ужо не ўдасца задаволіць смагу, каля жоўценькіх аўтацыстэрнаў.

Але пакуль канчатковай забароны продажу квасу не было, Наталля Жукава раіць суб'ектам гаспадарання, якія рэалізоўваюць гэты безалкагольны напой, паклапаціцца пра наступнае: прымаць і прадаваць харчовую прадукцыю толькі пры наяўнасці дакументаў, якія сведчаць аб якасці і бяспецы; змяшчаць квас у спецыялізаваных апламбаваных вытворцамі ёмістасцях, якія падлягаюць санітарнай апрацоўцы; захоўваць аднаразовы посуд і тару ва ўмовах, якія выключаюць забруджванне, і г.д.

А прадаўцам не трэба забывацца на асабістую гігіену, ахайны знешні выгляд, спецыяльную чыстую адзежу і галаўны ўбор. І, вядома, у кожнага гандляра квасам павінна быць медыцынская даведка аб стане здароўя.

...На вуліцах бочак з цёмным пенным напоем становіцца менш, але прыхільнікам разліўнога квасу не варта хвалявацца: канчаткова ён не знікне, ва ўсялякім выпадку застанецца ў гандлёвых цэнтрах, установах грамадскага харчавання, летніх кавярнях.

Можа, гэта і не так зручна, але нічога не зробіш. А пакуль намер застаецца намерам, я накіравалася да прыкметнай бочкі — паглядзець, як там ідзе гандаль.

На вуліцы каля + 20 па Цэльсію, крыху халаднаваты вецярок, і праз гэта продаж квасу ідзе марудна. Жанчына-прадавачка, салодка пазяхаючы, сядзіць на крэсле і нешта разглядвае ў сваім тэлефоне.

Падыходжу бліжэй, на бочцы бачу паперку з коштам (літр — 15 тысяч рублёў, паўлітра — 7500), іншай інфармацыі няма.

Пытаюся, ці купляюць што? Жанчына ўздыхае і кажа, што ўжо хутка вечар, а яна прадала толькі некалькі кубачкаў квасу, а вось калі была спёка, увесь напой мог скончыцца да абеду. Не магу не пацікавіцца, як яна ўспрыняла навіну, што ў наступным сезоне такіх вось бочак на вуліцах горада, пэўна, не будзе.

— Шкада, гэта ж мая праца, заробак быў нядрэнны. Наступным летам давядзецца іншыя вакансіі разглядаць...

Я падзякавала за размову, купіла кубачак квасу (пэўна, ужо апошні раз вось так, на вуліцы з той самай жоўтай бочкі) ды накіравалася ў краму — паглядзець на выбар традыцыйных славянскіх напіткаў.

Выбар, безумоўна, ёсць, але...

Гляджу на адну, другую, трэцюю бутэльку: кансерванты, падсалоджвальнікі і іншыя «немілагучныя» словы. І тэрмін прыдатнасці вялікі — паўгода, год. Але ж і такі квас знаходзіць сваіх пакупнікоў, у адваротным выпадку, не быў бы іх асартымент такім вялікім. За некалькі апошніх дзесяцігоддзяў старажытнаславянскія напоі пацяснілі модныя заморскія. Многім падабаецца, ды і танней атрымліваецца.

Гляджу, хлопец падыходзіць да палічак, бярэ бутэльку цёмненькага і апускае яе ў цялежку. Спытала, які квас яму больш падабаецца — магазінны ці «вулічны», з бочкі?

— Вулічнаму квасу не давяраю: хто там ведае, адкуль яго наліваюць, колькі ён там знаходзіцца, ці не псуецца ў гэтай пасудзіне? Я вось у магазіне бяру, усё ж, надзейней, тут і склад прапісаны, і тэрмін прыдатнасці, і дзе зроблены.

...Сёння вуліцы горада пакідае не проста квас — адметны атрыбут эпохі. Адны засмучаюцца, другія радуюцца, трэція застаюцца абыякавымі: не было б, маўляў, большых праблем...

Дарэчы

На вуліцах Масквы ўжо сёлета нельга было набыць упадабаны многімі расіянамі квас. Каб адчуць «той самы смак» сёння, трэба ісці ці ў гандлёвыя сеткі, ці ва ўстановы грамадскага харчавання.

Хрысціна Хілько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».