Вы тут

Адкуль «мінус»?


Падчас сесіі дэпутаты раённага Савета шукалі прычыны памяншэння колькасці насельніцтва.

У 2014 годзе ў Бярозаўскага раёна былі ўсе падставы атрымаць, нарэшце, дэмаграфічны плюс, але зноў выйшаў мінус — аж на 17 чалавек. Не, немаўлят тут нарадзілася больш, чым сышло людзей, якія памерлі сваёй смерцю. Але ж 69 чалавек раён страціў з так званых знешніх прычын: іншымі словамі, суайчыннікі гінулі на дарогах, на пажарах, на вадзе... На сесіі раённага Савета дэпутаты абмяркоўвалі гэтую праблему і спрабавалі знайсці нейкія падыходы да яе вырашэння. Журналіст «МС» папрасіла асобных удзельнікаў сесіі выказаць свае думкі наконт узнятага пытання.

26-15

Мікалай ЧЫЖ, старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Дэмаграфічная праблема — адно з галоўных у блоку сацыяльных пытанняў развіцця краіны. Мы цудоўна разумеем, што яе нельга вырашыць у асобна ўзятым раёне. Але намеціць некаторыя шляхі, зрабіць канкрэтныя крокі ў зададзеных кірунках мы можам. Што і паспрабавалі зрабіць дэпутаты пасля ўсебаковага аналізу сітуацыі.

Здавалася б, столькі карысных, цікавых, змястоўных мерапрыемстваў у падтрымку інстытута сям'і, здаровага ладу жыцця праводзіцца з сем'ямі, моладдзю, а на светапогляд людзей гэта ўплывае занадта павольна. Нашы спецыялісты пералічылі назвы разнастайных акцый, мерапрыемстваў па зададзенай тэме — атрымаўся вельмі ўнушальны спіс. Ходзім у калектывы, чытаем лекцыі, праводзім гутаркі, заклікаем, агітуем, пераконваем, а праблемы ці не перастаюць існаваць, ці «вылазяць» з іншага боку. Калі недзе ўдалося адвярнуць падлеткаў ад прывычкі да п'янства, то трывогу выклікаў рост спажывання маладымі людзьмі наркотыкаў. Асабліва гэтая бяда характэрна для Белаазёрска. І не сказаць, каб спалі ў шапку супрацоўнікі адпаведных службаў гэтага горада, але выкараніць зло не ўдаецца. Значыць, недастаткова працуем, каб дастукацца да кожнага, каб падтрымаць сем'і, адгарадзіць дзяцей ад негатыўных прыкладаў. Трэба шукаць больш дзейсныя формы работы.

Маргарыта ТАЛКУН, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Бярозаўскага райвыканкама:

— Нараджальнасць у раёне паступова расце. Напрыклад: калі ў 2011 годзе каэфіцыент нараджальнасці складаў 11,9, то ў 2014-м ён падняўся да 13,0 (на 1000 насельніцтва). Гэтаму, несумненна, паспрыялі меры падтрымкі, прынятыя дзяржавай. І вось ужо дзве мамы падалі дакументы на атрыманне сямейнага капіталу. За апошнія чатыры гады дзевяць жанчын у раёне былі ўзнагароджаны ордэнам Маці. Маламаёмасным сем'ям аказваецца адрасная дапамога, такая, напрыклад, як забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей да двух гадоў, бацькі атрымліваюць дапамогу на падрыхтоўку да школы. Прыемна адзначыць, што намецілася тэндэнцыя да паніжэння колькасці разводаў.

Але ж асаблівую трывогу выклікае іншая статыстыка. Даводзіцца канстатаваць рост загінулых у ДТЗ. Пры гэтым супрацоўнікі дарожнай міліцыі адзначаюць, што аварыі нярэдка здараюцца як па віне п'яных вадзіцеляў, так і па віне нецвярозых пешаходаў. У абодвух выпадках гінуць людзі.

Яшчэ некалькі лічбаў: за апошнюю пяцігодку ад пажараў на тэрыторыі раёна загінула 24 чалавекі. 16 з іх — грамадзяне працаздольнага ўзросту, праўда, не ўсе працавалі. Для некаторых гібель стала фактычна вынікам асацыяльнага ладу жыцця. Апошнія злоўжывалі алкаголем. Церпяць, а то і гінуць ад пажараў і старыя адзінокія людзі. І хоць кожны год з бюджэту раёна выдаткоўваюцца сродкі на рамонт печаў, электраправодкі, усталяванне аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, пакуль, як бачым, праблема застаецца. Мясцовым органам улады трэба больш надаваць ёй увагі.

Вячаслаў САКОВІЧ, намеснік галоўнага ўрача Бярозаўскай раённай бальніцы:

— Гібель людзей ад знешніх фактараў застаецца актуальнай праблемай. Ужо шмат гадоў знешнія прычыны займаюць трэцяе месца ў структуры смяротнасці жыхароў раёна. З 69 чалавек, якія загінулі летась, 49 былі ў працаздольным узросце. 90% з іх — мужчыны (вось вам і прычыны розніцы ў працягласці жыцця). Ёсць у гэтай сумнай статыстыцы і выпадковыя атручэнні алкаголем. Непакоіць і даволі высокая колькасць самагубстваў. З 13 чалавек, якія добраахвотна пайшлі з жыцця летась, толькі двое пакутавалі на псіхічныя хваробы. Восем чалавек у мінулым годзе загінулі на вадзе, у іх ліку — адно дзіця.

І зноў жа, калі прааналізаваць прычыны траўмаў, якія атрымалі жыхары раёна за год, то амаль у палове выпадкаў прысутнічае алкаголь. Як ні круці, выходзім на сацыяльную праблему, якую трэба вырашаць. Здароўе ж — катэгорыя не медыцынская, а найперш сацыяльна-эканамічная. Колькі затрат вымушана несці грамадства на лячэнне толькі тых людзей, якія атрымалі цялесныя пашкоджанні, траўмы, калецтва ў выніку знешніх прычын!

З года ў год расце колькасць матэрыялаў па медыцынскай тэматыцы ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. Прафілактычная работа, здаецца, вядзецца па ўсіх кірунках, але выніковасць яе, якая мае на ўвазе фарміраванне адказнасці кожнага за сваё здароўе і здароўе сваіх блізкіх, застаецца невысокай. Значыць, робім не тое і не так, не знаходзім правільныя шляхі, каб дастукацца да людзей?

26-23

Сяргей ВАСІЛЕЎСКІ, галоўны ўрач Белаазёрскай гарадской бальніцы:

— Яшчэ ў мінулым стагоддзі даследчыкі-дэмографы выявілі прамую залежнасць дэмаграфічнай дынамікі ад духоўнага стану грамадства. Дрэнны духоўны стан адбіваецца не столькі на паказчыках узроўню смяротнасці (яе можна часткова паніжаць з дапамогай высокатэхналагічнай медыцыны і развітай сацыяльнай сістэмы), колькі на самім жаданні нараджаць дзяцей. Устаноўка на прыярытэт пачуццёвых, фізічных задавальненняў перад духоўнымі прывяла да таго, што сіла эгаізму аказалася вышэйшай за патрэбу мець дзяцей. І ў выніку дзіця нярэдка ўяўляецца для маці не як непараўнальная каштоўнасць, а як канкурэнт ў валоданні жыццёвымі дарамі. Часам падсвядома, а то і свядома маці прыходзіць да высновы: «Навошта нараджаць канкурэнта?»

Свабода, на жаль, прыводзіць да вызвалення не толькі найлепшага ў чалавеку, але і найгоршага. Дэмаграфічныя даследаванні паказваюць, што больш за дзве трэція прычын дэпапуляцыі звязаны з такімі ўзніклымі ў постсавецкі перыяд сацыяльна-псіхалагічнымі феноменамі, як сацыяльная дэпрэсія, апатыя і агрэсія.

Адсюль цэлы шэраг прычын, якія спрыяюць дэмаграфічнаму ўпадку. Ну, напрыклад, згасанне інтарэсу да процілеглага полу, звязанае з так званай сексуальнай рэвалюцыяй. Індустрыя інтымных забаў, навязлівая сексуальнасць масавай культуры робяць рэальных жанчын не такімі прывабнымі, як «прыгажуні з вокладак», а дабаўце сюды яшчэ і рост фемінізму і сексуальных вычварэнняў. Акрамя таго, у апошні час заходняя маскультура культывуе інфантылізм дарослых: калі 30-40-гадовыя людзі паводзяць сябе так, быццам ім па 18-20 гадоў — імкнуцца «ўзяць ад жыцця ўсё», аддаючы ўзамен мінімум. Усё гэта, на жаль, уплывае на духоўны свет чалавека, які ўступае ў жыццё, на яго маральны складнік.

Многія асацыяльныя з'явы: алкагалізм, наркаманію, сацыяльнае сіроцтва, злачыннасць, суіцыды — мы можам характарызаваць як дэмаграфічныя пагрозы, бо яны ўплываюць на нараджальнасць і смяротнасць, але ж іх карані — у сферы светапогляду. Таму мы не маем права не ўздзейнічаць на гэтую сферу. Лічу, што многія маладыя людзі гатовы прыняць традыцыйныя для нашай культуры каштоўнасці, але яны іх не ведаюць. Іх галовы забіты іншым — тым, што навязвае масавая культура праз СМІ.

Думаю, што мы паступова прыйдзем да распрацоўкі і прыняцця законаў, якія будуць абараняць менавіта мараль чалавека. Але не варта сядзець склаўшы рукі на мясцовым узроўні і сёння. Скажам, грамадскі савет па маральнасці з удзелам прадстаўнікоў традыцыйных для нашай краіны рэлігійных канфесій ужо цяпер можа выпрацаваць нейкія падыходы і крокі для паляпшэння становішча нават у сваім раёне. Трэба вучыць моладзь усяму самаму добраму.

* * *

Нейкаму скептыку можа падацца, што на занадта глабальнае замахнуліся дэпутаты раённага Савета. Ну, што можна зрабіць у асобным раёне: «адключыць» інтэрнэт альбо забараніць не найлепшыя фільмы? Але старшыня раённага Савета Мікалай Чыж лічыць, што паспрыяць прыняццю законаў, якія будуць ахоўваць грамадскую мараль, можа і павінна ініцыятыва менавіта на месцах. На гэты раз дэпутаты прынялі рашэнне рэкамендаваць кіраўнікам працоўных калектываў заахвочваць тых працаўнікоў, якія вядуць здаровы лад жыцця. А адпаведныя аддзелы райвыканкама атрымалі заданне распрацаваць праграму мерапрыемстваў, накіраваных на адраджэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Некаторыя прапановы пакуль засталіся на ўзроўні дыскусіі — для іх яшчэ прыйдзе час.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».