Вы тут

Ад этнамюзікла да трагіфаршу


У самы зацішны месяц тэатральнага года — жнівень — сапраўдным тэатралам толькі і застаецца, што чакаць новага сезона, прадчуваючы яго найлепшыя падзеі. Адной з іх сёлета стане ІІ Маладзёжны тэатральны форум, які напрыканцы лістапада будзе прымаць на сваіх пляцоўках Рэспубліка Беларусь. У Мінску можна будзе пабачыць азербайджанскі этнамюзікл, літоўскую інсцэніроўку Чака Паланіка, сучасную беларускую драматургію, увасобленую на ўкраінскай сцэне, ды шмат іншага.

[caption id="attachment_97696" align="alignnone" width="600"]26-5 Спек­такль «Гам­лет» (Ма­гі­лёў­скі аб­лас­ны тэ­атр ля­лек).[/caption]

Месца дзеяння: Беларусь

Адразу варта зазначыць унікальнасць падзеі для беларускага тэатральнага працэсу. Нягледзячы на адносна спрыяльную сітуацыю з фестывальным рухам у нашай краіне (напрыклад, у межах «ТэАрта» гэтай восенню ў сталіцы пабачаць спектаклі Томаса Астэрмаера і Піпа Дэльбона), Маладзёжны тэатральны форум канцэнтравана прадставіць малазаўважны для беларускага гледача сегмент працэсу — найлепшыя спектаклі маладых творцаў з краін СНД, Балтыі і Грузіі.

Мэта арганізатараў (Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў і Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД; з беларускага боку сёлета выступаюць: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) — аднавіць некалі трывалыя тэатральныя сувязі, стварыць прастору для камунікацыі тэатральнай моладзі і пашырыць кола магчымасцей для маладых прафесіяналаў. Першы форум паспяхова прайшоў у 2012 годзе ў Кішынёве (Малдова). Дарэчы, Гран-пры там заваявала беларуская пастаноўка нямецкай п'есы Інгрыд Лаузунд «Офіс» (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, рэжысёр — Кацярына Аверкава). Арганізатары плануюць, што форум будзе раз на два гады пераязджаць у новую тэатральную сталіцу з шэрагу краін-удзельніц.

Шэкспір у лялечным тэатры

З 19 па 26 лістапада на пляцоўках Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача пакажуць 13 спектакляў з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Украіны і Эстоніі. У праграму форуму трапілі розныя віды і розныя жанры. Крытэрыямі для экспертаў-адборшчыкаў, у лік якіх увайшлі рэжысёр Уладзімір Панкоў, тэатразнаўцы Марыя Халізева і Марыя Львова ды іншыя, сталі найперш якасць пастаноўкі і ўзрост рэжысёра — да 35 гадоў.

Так што ў рамках форуму гледачы змогуць пабачыць і нацыянальны тэатр — азербайджанскі этнамюзікл «Боская гульня». І драматургічную класіку ў сучасным пераасэнсаванні — беларускі трагіфарш «Гамлет» паводле Уільяма Шэкспіра Магілёўскага абласнога тэатра лялек. І дакументальны тэатр з Малдовы — «Дзеці голаду. Сведчанні» паводле Аляксея Вакулоўскага. І трупу Лысьвенскага тэатра драмы імя Анатоля Савіна ў спектаклі «Воблака-рай», якую крытык Павел Руднеў адзначыў як адну з найлепшых у Расіі. І сучасную беларускую драматургію ва ўкраінскай тэатральнай прасторы: рэжысёр Стас Жыркоў паставіў п'есу беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «Любоў людзей» у Кіеўскім акадэмічным Маладым тэатры. І інсцэніроўку сучаснай сусветнай літаратуры як прыклад паспяховай капрадукцыі маладой тэатральнай групы і Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Літвы — «Байцоўскі клуб» паводле Чака Паланіка.

У склад тэатральных дэлегацый ад краін-удзельніц таксама ўвойдуць драматургі, сцэнографы і крытыкі. У рамках форуму будзе прэзентаваны зборнік маладой драматургіі і пройдуць чыткі асобных тэкстаў. Найлепшыя ўзоры мастацтва сцэнаграфіі можна будзе пабачыць на выставе. А крытыкі традыцыйна будуць ладзіць адкрытыя абмеркаванні спектакляў.

Неабмежаваныя магчымасці

Акрамя панарамнага погляду на творчасць тэатральнай моладзі краін СНД, Балтыі і Грузіі, форум прапануе ўдзельнікам і магчымасць пазмагацца за матэрыяльную падтрымку. Паказы спектакляў адбываюцца на конкурснай аснове. Пераможца, якога вызначае прафесійнае журы, атрымлівае грашовы прыз, а таксама магчымасць выйсці на новы ўзровень і паказаць сваю работу ў праграме аднаго з вядучых сусветных тэатральных фестываляў — Міжнароднага тэатральнага фестываля імя А.П. Чэхава.

Дарэчы, водгалас І Маладзёжнага тэатральнага форуму ў беларускай тэатральнай прасторы досыць адчувальны. Спектакль «Офіс» займеў прыкметную гастрольную гісторыю. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў капрадукцыі Расія—Беларусь—Кыргызстан пастаўлены спектакль «Ціхі шоргат сыходзячых крокаў» Дзмітрыя Багаслаўскага: Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў падтрымала ідэю запрасіць на пастаноўку сучаснай беларускай п'есы ўдзельніка форуму, маладога кыргызскага рэжысёра Шаміля Дыйканбаева. А магілёўскі Міжнародны маладзёжны форум «Март-кантакт» наладзіў трывалыя творчыя стасункі з Ераванскім дзяржаўным тэатрам лялек імя Аванэса Туманяна. Усё гэта дазваляе спадзявацца, што паказы і сустрэчы і ў рамках другога форуму перарастуць у цеснае творчае сяброўства і супрацоўніцтва. А тэатральныя падзеі і падчас форуму, і пасля яго заканчэння пацвердзяць значнасць і плённасць ідэі яго правядзення.

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.