Вы тут

Пакуль гром не грымне...


Не разлічваешся за жыллёва-камунальныя паслугі — можаш пазбавіцца кватэры.

Атрымаўшы нядаўна «жыроўку», аўтар гэтых радкоў звярнуў увагу не толькі на ўласныя жыллёва-камунальныя плацяжы. На зваротным баку быў надрукаваны спіс грамадзян, якія стаяць у чарзе на высяленне з кватэр па УЖРЭП Ленінскага раёна г. Гродна. У ім — 96 наймальнікаў (уласнікаў) жылых памяшканняў з пратэрмінаванай запазычанасцю перад ЖКГ. «Лідар», паводле апошніх звестак, завінаваціўся каля 13 мільёнаў рублёў.

[caption id="attachment_97724" align="alignnone" width="600"]26-16 Вы­му­ша­ны пе­ра­езд...[/caption]

«Заўтра разлічуся...»

Дазваніцца даўжнікам удаецца не заўсёды, бо ў некаторых з прычыны няплаты заблакіраваны дамашні тэлефон, праблема і з мабільнай сувяззю. А калі дазвонішся, то, як правіла, ад неплацельшчыкаў гучаць абяцанкі, што неўзабаве абавязкова разлічацца.

— Яўген Барысавіч, чаму не трымаеце сваё абяцанне пагасіць запазычанасць? — звяртаецца намеснік начальніка разлікова-даведачнага цэнтра №2 УЖРЭП Ленінскага раёна г. Гродна Кацярына ДЗЯШКЕВІЧ да наймальніка адной з кватэр шматпавярхоўкі па вуліцы Дзяржынскага.

За паслугі ЖКГ ён не плаціць ужо тры месяцы, доўг разам з пеняй складае 900 тысяч рублёў. Але той запэўнівае, што на гэтым тыдні разлічыцца. У адваротным выпадку, як папярэджвае Кацярына Яўгенаўна, адключаць святло. Дарэчы, такую меру да яго ўжо прымянялі. Пасля частковай аплаты чалавеку пайшлі насустрач — святло ў кватэру вярнулі. Аднак зноў запазычанасць...

Наступны званок — у арэндную кватэру, за якую не заплачана ўжо каля 13 мільёнаў рублёў. Валерый Часлававіч у няпростай сітуацыі: працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, аднак трапіў у бальніцу і зараз работы не мае, развёўся з жонкай. Кажа, што брат павінен выслаць яму грошы на разлік з ЖКХ — будзе прадаваць машыну.

Паводле апошніх звестак РДЦ №2 УЖРЭП Ленінскага раёна г. Гродна, пратэрмінаваныя даўгі тычацца 442 рахункаў (каля 3% ад агульнай колькасці), прычым у 87 выпадках запазычанасць больш чым трохмесячная. Увогуле неплацельшчыкі завінаваціліся за паслугі ЖКГ 132,7 мільёна рублёў.

— Пераважную частку гэтых людзей мы ўжо добра ведаем, і яны нашых спецыялістаў — таксама. Тэлефануем неплацельшчыкам, наведваем іх па месцы жыхарства, выклікаем на пасяджэнні камісіі, якія штотыднёва праводзяцца з даўжнікамі ў раённай адміністрацыі, — кажа Кацярына Дзяшкевіч.

Можна застацца без святла і вады...

У рабоце з даўжнікамі ўжо выпрацавалі сістэму. Не паступіла аплата за адзін месяц — званок наймальніку ці ўласніку кватэры, напамін аб доўгу ў рахунку-квітанцыі. Два месяцы не плаціць — атрымлівае папярэджанне аб адключэнні ад камунальных паслуг. Трохмесячная запазычанасць — у суд накіроўваюць іск аб прымусовым спагнанні доўгу з зарплаты, пенсіі. Злосным неплацельшчыкам адключаюць святло і ваду.

— Апошні спосаб барацьбы з неплацельшчыкамі, мяркуючы па нашай практыцы, з'яўляецца асабліва дзейсным. Адключылі ад электра- і водазабеспячэння — нарэшце пачынаюць разлічвацца. Праўда, такія меры цяжка прымяніць, калі ў сям'і непаўналетнія дзеці, на чым нярэдка і спекулююць даўжнікі. Маўляў, як жа нашым дзеткам без святла і вады? — зазначае Кацярына Дзяшкевіч.

Сапраўды, калі ў сям'і, напрыклад, школьнік, то на працягу навучальнага года нельга адключыць гэтую кватэру ад камунальных паслуг. Аднак летам на такі крок у дачыненні да некаторых неплацельшчыкаў ўсё ж вымушаны былі пайсці. І падзейнічала: адразу ж знайшліся сродкі на пагашэнне запазычанасці. Тым больш што зараз сумы камунальных плацяжоў значна меншыя, чым у ацяпляльны перыяд.

Праўда, тэхнічная магчымасць адключыць кватэру даўжніка ад святла ёсць не заўсёды. Калі лічыльнікі знаходзяцца на лесвічнай пляцоўцы, то праблемы не існуе. А калі ў кватэры, то адключыць святло больш складана, бо неплацельшчыкі або дома не знаходзяцца, або дзверы не адчыняюць. Здараецца і так, што ў адной кватэры ў ізаляваных пакоях пражываюць два наймальнікі, у кожнага — свой рахунак па аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі. Да аднаго пытанняў няма, а другі — даўжнік. Але як пазбавіць апошняга святла, не парушыўшы правы іншага чалавека?

...І нават без жылплошчы

Увогуле пагроза адключэння святла і вады многіх прымушае плаціць. А тых, каму і гэтая мера «да лямпачкі», чакае іншая, яшчэ больш сур'ёзная, — высяленне з кватэры.

Рашэнне аб высяленні даўжніка (з прадастаўленнем яму іншага жылля меншай плошчы, з горшымі спажывецкімі якасцямі) прымаецца толькі ў судовым парадку. Робіцца гэта не адразу пасля падачы іску. Спачатку з даўжніком праводзяць выхаваўчую работу: спрабуюць пераканаць яго ў неабходнасці плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі, даюць час на пагашэнне запазычанасці. У некаторых сітуацыях магчымы нават варыянт рэструктурызацыі доўгу на пэўны перыяд без налічэння пені. Аднак калі ніякія меры выніку не даюць — тады выносіцца судовы вердыкт аб высяленні.

Летась на неплацельшчыкаў, якія знаходзяцца ў сферы адказнасці РДЦ №2 Ленінскага раёна г. Гродна, падалі ў суд 11 іскаў.
5 кватэранаймальнікаў з даўгамі разлічыліся, а 6 — былі выселены. Назаўсёды, без права вярнуцца ў страчаную кватэру. Пры гэтым запазычанасць, што паслужыла прычынай высялення, спісанню не падлягае — яна па-ранейшаму застаецца за даўжніком.

Пасля высялення на іншую жылплошчу даўжнікі паводзяць сябе па-рознаму. Напрыклад, адзін з іх, пераехаўшы з двукпакаёвай кватэры ў аднапакаёўку, нешта ўсё ж усвядоміў — плаціць за новае жыллё і паступова разлічваецца за ранейшае. Аднак бывае і інакш. За няплату іншаму мужчыну адключалі святло, ваду, а потым па рашэнні суда выселілі з двухпакаёўкі ў адзін з пакояў кватэры з агульнай кухняй. У дзень пераезду ён адчыніў дзверы толькі па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. А што зараз? На ім не толькі вісіць запазычанасць за ранейшую кватэру (адміністрацыя раёна перадала яе пад камерцыйнае жыллё), але і накопліваюцца даўгі на новым месцы. Сітуацыя тупіковая: якія меры яшчэ можна прымяніць? Наогул выселіць з горада? Але на якую жылплошчу? Такога жылля сёння ў распараджэнні ЖКГ няма.

Дарэчы, ужо з'явіліся злосныя неплацельшчыкі і за арэндныя кватэры. Здавалася б, ведаеш умовы разліку за такое жыллё і павінен рэальна сувымяраць з імі свае фінансавыя магчымасці. Але... У адным з выпадкаў доўг дасягнуў ужо 12 мільёнаў рублёў, жанчыну з непаўналетнімі дзецьмі з гэтай кватэры выселілі. Прычым, калі наймальніку памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду прадастаўляюць іншае (няхай і меншай плошчы, горшае па спажывецкіх якасцях), то ў дачыненні да даўжнікоў за камерцыйнае жыллё гэта не прадугледжана.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Фо­та Мі­ха­і­ла ІСА­ЧАН­КІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.