Вы тут

Калі і як капаць бульбу


Вось і жнівень набліжаецца да канца — час капаць бульбу. Быццам бы, справа гэтая няхітрая, хоць і працаёмкая. Але ў ёй, аказваецца, таксама ёсць свае важныя «дробязі» і хітрасці, якія могуць паўплываць на якасць нашага ўраджаю і на яго захоўванне.

26-4

Як даведацца, што час прыйшоў

На фактычнае паспяванне клубняў уплывае і тэрмін пасадкі, і гатунак, і кліматычныя ўмовы, і асаблівасці догляду.

Самая відавочная і надзейная прыкмета — адміранне і засыханне бульбоўніку. Калі гэта адбылося, трымаць клубні ў глебе далей сэнсу няма. Пасля таго як бацвінне звяла, максімальна магчымы тэрмін, на працягу якога клубні могуць заставацца ў зямлі, — тры тыдні. Калі спазніцца з уборкай саспелай бульбы, захоўвацца ўраджай будзе значна горш.

Халады набліжаюцца, а бацвінне стаіць зялёненькае? Глядзім на надвор'е. Калі прыйшлі раннія замаразкі, пашкодзілі парасткі, адкладаць уборку нельга: расліна будзе спрабаваць аднавіць лістоту за кошт пажыўных рэчываў, назапашаных у клубнях.

Некаторыя гаспадары скошваюць бульбоўнік перад уборкай. У якіх выпадках гэта мэтазгодна, і як правільна гэта зрабіць? Скошваць яго ёсць сэнс у тым выпадку, калі тэрміны ўборкі падыходзяць, а бульбоўнік працягвае расці (так здараецца, напрыклад, пры позняй пасадцы). Робіцца гэта, каб паскорыць паспяванне клубняў, што можа быць важна на парозе надыходзячых халадоў.

Толькі праводзіць падобнае мерапрыемства трэба загадзя: не варта скошваць парасткі непасрэдна перад уборкай — дайце расліне 7-10 дзён на завяршэнне ўсіх біялагічных працэсаў.

Калі на бульбу напала фітафтора, бацвінне таксама варта скасіць і неадкладна знішчыць. Клубні ў гэтым выпадку пакідаюць у зямлі на тэрмін да 3 тыдняў, каб яны паспелі цалкам выспець і ўтварыць дастаткова трывалую лупіну, якая не будзе пашкоджвацца пры ўборцы.

На паспяванне бульбы таксама ўплываюць:

урадлівасць глебы: чым бяднейшая зямля на пажыўныя рэчывы, тым раней наступіць час капаць бульбу — на ўрадлівых, добра ўгноеных участках рост клубняў можа працягвацца да глыбокай восені;

колькасць вільгаці: яе дэфіцыт на працягу вегетацыйнага перыяду паскорыць паспяванне бульбы, таму ў засушлівае лета на ўчастках без паліву мы бачым бульбоўнік, які рана высах (праўда, ураджай у гэтым выпадку нярэдка засмучае);

высокія дозы ўгнаенняў: вялікая колькасць унесенай пад бульбу арганікі падаўжае тэрмін паспявання (і, дарэчы, можа павялічыць ўтрыманне нітратаў у клубнях, асабліва калі прыступіць да ўборкі заўчасна).

Плануючы ўборку бульбы, варта ўважліва сачыць за прагнозам:

• нельга зацягваць з уборкай, калі чакаюцца працяглыя дажджы: пераўвільгатненне глебы правакуе хваробы клубняў, гніль, пагаршае стан пры захоўванні, капаць бульбу з наліплай на яе зямлёй таксама не надта лёгка і прыемна;

• аптымальная тэмпература паветра для ўборкі бульбы — не вышэй за +17 градусаў, але не ніжэй як +10: холад можа стаць прычынай пачарнення клубняў;

• найлепш за ўсё капаць бульбу ў пагодны дзень, калі клубні можна падсушыць на паветры, а глеба добра чысціцца і не ліпне;

• увосень не рэкамендуюць капаць бульбу раніцай, калі астылае за ноч паветра нашмат халаднейшае за глебу, якая яшчэ захоўвае летняе цяпло;

• цалкам завяршаць уборку ўраджаю варта да надыходу ўстойлівых замаразкаў, якія здольны пашкодзіць не толькі бацвінне, але і клубні ў зямлі.

Чым капаць, як капаць

Адны ўпэўнены: капаць трэба толькі віламі, таму што лапатай лягчэй пашкодзіць бульбу. Кожны, хто спрабаваў гэта рабіць, памятае, як яно бывае: стараешся як мага акуратней падкапаць куст, але не-не, ды і пачуеш характэрны хруст — вострае лязо рассекла чарговы клубень. Што крыўдна — пакутуюць найчасцей адборныя, буйныя бульбіны. Значыць, вілы лепш?

Віламі можна выкапаць гняздо, не пашкодзіўшы яго, і зямля на іх не затрымліваецца, як на лапаце. З іншага боку, каму не даводзілася насадзіць клубень на лязо? Такое таксама здараецца. Дык вось, прыхільнікі выкарыстання лапаты сцвярджаюць: зроблены ёй востры зрэз на паветры хутка заветрыцца, і бульбіна можа яшчэ некаторы час захоўвацца, а з праколам ад вілаў падобнае немагчыма.

Як капаць — залежыць ад глебы. На друзлай, добра апрацаванай — досыць бывае акуратна пацягнуць за астаткі бульбоўніка, сабраць клубні, выбраць тыя, што засталіся ў зямлі, і капнуць лапатай або віламі, каб пераканацца, ці не засталіся тыя, што зарыліся глыбей. А на шчыльнай глебе варта папярэдне падкапаць куст збоку, імкнучыся не пашкодзіць клубні.

Вельмі пажадана адразу адбіраць пасадачны матэрыял — здаровыя клубні сярэдняга памеру з найлепшых кустоў. Іх адкладаем, імкнучыся не змешваць гатункі.

Насенную бульбу пасля ўборкі нядрэнна празеляніць — патрымаць на святле, пакуль клубні не пазелянеюць. Так яны і захоўваюцца лепш, і грызуны на іх не квапяцца.

Калі надвор'е дазваляе, не варта адразу складваць выкапаныя клубні ў мяшкі. Пакіньце іх на зямлі на пару гадзін, рассыпаўшы тонкім слоем. За гэты час бульба злёгку падсохне і атрымае неабходную апрацоўку ўльтрафіялетам. Кароткачасовае ўздзеянне сонечнага святла, на думку спецыялістаў, дапамагае абеззаразіць клубні і прадухіліць развіццё хвароб пры захоўванні. Толькі не перашчыруйце — не забывайце, што пры працяглым знаходжанні на святле бульба зелянее, у ёй выпрацоўваецца яд — саланін, які нам зусім не патрэбны.

Потым выкапаную бульбу сартуем: адбіраем дробныя, пашкоджаныя пры ўборцы, хворыя клубні. Нешта давядзецца проста выкінуць, штосьці пойдзе на корм птушкам або свойскай жывёле (у каго яна ёсць), а бульбу з невялікімі пашкоджаннямі ўжывайце ў першую чаргу.

Улічыце: пры выкопванні, сушцы, сартаванні і ўборцы вельмі непажадана лішні раз перасыпаць, кідаць клубні — абыходзіцца з імі варта беражліва, гэта падоўжыць тэрмін захоўвання.

Але нават прасушаная на полі бульба абавязкова павінна прайсці так званы рэабілітацыйны перыяд.

Па-першае, далёка не ўсе праблемы можна заўважыць адразу: часам хвароба клубня праяўляецца праз нейкі час. Калі гэта адбываецца ўжо пры захоўванні, высокая верагоднасць заражэння суседніх бульбін. Падчас рэабілітацыйнага перыяду такія скрытыя хваробы часцяком выяўляюць сябе, і пашкоджаная бульба выдаляецца. Па-другое, бульба, змешчаная ў адпаведныя ўмовы, даспявае, у яе падсыхае і становіцца больш жорсткай лупіна, забяспечваючы лепшую захоўваемасць, ды і смак клубняў выйграе. А якія патрэбны ўмовы? Абавязкова — высокая вільготнасць паветра (90-95%), аптымальная тэмпература — каля 18 градусаў, але яе паніжэнне да + 13 —10 градусаў не крытычна, абы не павышалася. У такіх умовах раяць вытрымліваць бульбу прыкладна месяц-паўтара. Клубні пры гэтым могуць знаходзіцца ў скрынях або россыпам (калі ў мяшках, то лепш сеткаватых, каб была добрая вентыляцыя). І толькі потым прыбіраем іх канчаткова — на зімовае захоўванне.

Працаёмка? Магчыма... Але вынік варты таго.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.