Плот


Плот, агароджа, тын — часцей за ўсё драўляная агароджа падворка і хаты, якая стала сімвалічнай мяжой, падзяляла «сваю» і «чужую» прасторы і ўказвала на засвоеную тэрыторыю. Плотам абавязкова абносілі могілкі, загоны для жывёлы. У даўнія часы агароджай з вялікіх бярвёнаў (валам, сцяной) абносілі ўсю вёску ці горад, што часам было адзінай аховай ад ворагаў.

* Плот быў надзелены статусам цэласнасці і недатыкальнасці. Таму выхад не праз вароты ці злом плота параўноўвалі з пазашлюбнымі адносінамі: «Хата без плота, што баба без мужыка», «Вяселле пад плотам, а вянчанне потым», «хадзіць з дзіркай у плоце» — значыць страціць цнатлівасць па-за шлюбам, «ісці за плот» — зрабіць аборт. Дзіця, якое нараджалася па-за шлюбам, звалі «падзаборным».

* Цяжарнай жанчыне забаранялася пералазіць праз плот, каб «не выкінуць», страціць дзіця. У той жа час, калі роды былі цяжкімі, мужу раілі знесці або разламаць частку плота. Лічылася, што такія магічныя дзеянні паспрыяюць хуткаму нараджэнню дзіцяці.

* На плоце ніколі не сушылі дзіцячае адзенне, пялёнкі. Меркавалі, якімі рэдкімі былі штакеціны, такімі рэдкімі вырастуць зубы і валасы дзіцяці.

* У традыцыйнай культуры ўсходніх славян плот набыў статус небяспечнага, «нячыстага», але ў той жа час сакральнага месца ці рэчы. Пад плот (самую яго аддаленую ад жылых памяшканняў частку) вылівалі ваду пасля абмывання нябожчыка; а таксама ў якой пралі бялізну. Пад агароджай могілак хавалі нехрышчоных і незаконнанароджаных дзяцей, «задушных» нябожчыкаў (самазабойцаў, тапельцаў і г.д.).

* Травой, сабранай пад плотам, а значыць, той, якую ніхто не кранаў і па якой хадзілі людзі, народныя лекары лячылі людзей і хатнюю жывёлу.

* Каля плота абмывалі людзей, якія хварэлі «падучай» хваробай. Пад плотам закопвалі рытуальныя рэчы, на якія «адсылалі» хваробы і няшчасці. Каб пазбавіць дзіця ад сурокаў, пад плотам рабілі лаз і прымушалі хворае дзіця некалькі разоў пралезці ў яго.

* На плот вешалі рытуальныя рэчы, якія з'яўляліся абярэгам для ўсёй гаспадаркі, напрыклад старыя лапці, бітыя гліняныя гаршкі, траецкія і купальскія травы і г.д. Часам на плот вешалі чэрапы кароў ці быкоў, падчас калядавання — чучала, якое сімвалізавала сквапнасць ці злоснасць гаспадароў хаты.

* Плот быў асноўным «удзельнікам» варажбы на Раство. Дзяўчаты перакідвалі праз плот боты і жадалі даведацца: у якім баку жыве нарачоны. Яны абхоплівалі плот і варажылі: возьмуць шлюб у гэтым годзе ці не. Цотная колькасць слупоў прадказвала «пару», няцотная — адзіноту. Дзяўчаты позна ўвечары выходзілі на вуліцу і ішлі ўздоўж суседскага плота, часам заходзячы за самы край. Пры гэтым казалі: «Пара — не». Ці так: «Маладзец, удавец...».

Янка Крук, Аксана Катовіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.