Вы тут

Педагог — павінна гучаць горда


«Кажуць, што прэстыж педагагічнай прафесіі трэба ўзнімаць. А я лічу, што ён залежыць найперш ад саміх педагогаў. І калі вы самі будзеце ставіцца да сваёй прафесіі з любоўю і трапятаннем, то нікому не дазволіце яе зневажаць, — падкрэсліла, звяртаючыся да ўдзельнікаў жнівеньскага форуму педагагічных работнікаў сталіцы, намеснік прэм'ер-міністра краіны Наталля КАЧАНАВА. — Прафесія педагога павінна «гучаць горда» ў нашым грамадстве».

26-38

26-38

 

Удзел у форуме ўзялі больш за 500 педагогаў. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

— Увага, якая ўдзялялася і з боку кіраўніка дзяржавы, і з боку ўрада педагагічным кадрам, прынесла свой плён: сёлета падчас прыёмнай кампаніі педагагічныя ВНУ вельмі хутка ўкамплектаваліся. Важна, што на педагагічныя спецыяльнасці прыйшлі больш моцныя абітурыенты, — паведаміла віцэ-прэм'ер, якая ўзначальвала сёлета Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.

Тая акалічнасць, што ў сталіцы ў новым навучальным годзе адкрываецца вялікая колькасць профільных класаў, не можа не радаваць. Але Наталля Качанава папярэдзіла гарадскія ўлады: фармалізм у гэтым пытанні недапушчальны. Профільныя класы павінны стварацца толькі там, дзе дазваляе матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі і дзе ёсць моцны кадравы склад.

На думку віцэ-прэм'ера, школы павінны надаваць больш увагі прафарыентацыйнай рабоце. Несумненна, пасля 9-га класа ў выпускнікоў базавай школы павінны быць сур'ёзныя экзамены, каб у дзясятыя траплялі ўжо больш моцныя і матываваныя вучні — тыя, хто сапраўды жадае вучыцца. «Нікога не трэба цягнуць да атэстата аб заканчэнні сярэдняй школы за вушы, — дадала Наталля Качанава. — І ў вышэйшыя навучальныя ўстановы павінны прыходзіць больш моцныя абітурыенты...»

Усяго ў школах і гімназіях сталіцы ў новым навучальным годзе адкрыюцца 394 дзясятыя класы, з іх 206 профільных. У профільных класах вучні змогуць выбраць 2-3 прадметы, якія будуць вывучаць на павышаным узроўні. Для навучання ў іх выпускнікі базавай школы ўпершыню праходзілі конкурсны адбор.

Намеснік прэм'ер-міністра таксама паведаміла ўдзельнікам форуму, што да 2020 года ў Беларусі плануецца пабудаваць 79 дзіцячых садкоў. Увядзенне новых аб'ектаў дасць магчымасць вырашыць праблему забяспечанасці месцамі ў дзіцячых садках. Да таго ж будуць развівацца альтэрнатыўныя формы — прыватныя дашкольныя ўстановы. Павялічыцца і колькасць груп кароткатэрміновага знаходжання дзяцей, якія таксама часта выратоўваюць бацькоў дашкольнікаў.

26-39

26-39

 

Наталля Качанава папрасіла кіраўнікоў устаноў адукацыі надаваць асаблівую ўвагу арганізацыі харчавання дзяцей. Падчас правядзення ў дашкольных установах Камітэтам дзяржаўнага кантролю праверкі арганізацыі харчавання там была выяўлена вялікая колькасць парушэнняў: у першую чаргу, размова ідзе пра недакладанні прадуктаў, выкарыстанне пратэрмінаваных. «Ніхто не павінен заставацца абыякавым у гэтым пытанні. Я прашу — паглядзіце, чым харчуюцца побач з вамі дзеці», — звярнулася да педагогаў Наталля Качанава.

Яшчэ адно актуальнае пытанне — выкананне настаўнікамі неўласцівых ім функцый і паперавытворчасць. «Настаўнікі павінны вучыць і выхоўваць. І выхаванне — такая ж неад'емная частка працы педагогаў», — падзялілася сваім бачаннем сітуацыі віцэ-прэм'ер. А што тычыцца папяровай бюракратыі, то адпаведныя ўказанні органы кіравання на месцах павінны былі атрымаць....

— Мы разаслалі строгія рэкамендацыі падпарадкаваным нам структурам. Каб яны не нагружалі нашых дарагіх настаўнікаў папяровай працай і неўласцівымі функцыямі, — пацвердзіў міністр адукацыі Міхаіл ЖУРАЎКОЎ. — Дзякуючы ўкараненню ў практыку «Электроннай школы» дакументаабарот ва ўстановах адукацыі істотна скароціцца.

У праект «Электронная школа» да 2017 года плануецца ўключыць установы агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Сёлета яго ўвядуць у некалькіх буйных рэгіёнах краіны. Пілотны праект «Электронная школа» стартаваў у Мінску ў 2013 годзе. У ім прынялі ўдзел 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, пазней далучыліся яшчэ тры школы. У 2016 годзе электроннымі стануць усе сталічныя школы. Праект прадугледжвае ўкараненне анлайн-рашэнняў па прадастаўленні розных інфармацыйных сэрвісаў — такіх, як электронны журнал, дзённік, расклад заняткаў.

Закранаючы тэму адмены хатніх заданняў для школьнікаў (такая ініцыятыва была агучана нядаўна медыкамі), Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што педагогі прытрымліваюцца іншай пазіцыі. Хатняе заданне з'яўляецца неад'емнай часткай вучэбнага працэсу і самастойнай работы вучня. «Нават мой сын-старшакласнік такую ідэю не падтрымаў», — прызнаўся ў гутарцы з журналістамі міністр.

— І фізіёлагі, і псіхолагі кажуць, што за апошнія 100 гадоў мозг чалавека не змяніўся, як не змянілася і колькасць інфармацыі, якую можа успрыняць наш мозг, тым больш мозг дзіцяці або падлетка. А вось аб'ёмы ведаў змяніліся... Раней мы лічылі, што чым больш інфармацыі ўкладзём у галовы школьнікаў, тым будзе лепш. Але гэта не так... Трэба думаць, чаму вучыць дзяцей і як іх вучыць. Сучасныя школьнікі ўжо не жадаюць, каб настаўнік, проста стоячы ля дошкі, трансляваў свае веды. Яны хочуць вучыцца актыўна. І мы павінны ім такую магчымасць даць».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.