Вы тут

Шырокая сфера інтарэсаў


Іран зацікаўлены ў развіцці эканамічных стасункаў з нашай дзяржавай.

Патэнцыял супрацоўніцтва паміж нашай краінай і Іранам вельмі вялікі. На гэтым быў зроблены акцэнт падчас сустрэчы намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктара Гумінскага і кіраўніка групы дружбы Сходу ісламскага савета Ірана па супрацоўніцтве з Беларуссю Алі Каідзі.

— Дэлегацыя Ірана знаходзіцца ў нас па запрашэнні беларускага боку, — паведаміў Віктар Гумінскі. — Хачу адзначыць, што традыцыйна сяброўскія стасункі паміж краінамі, нягледзячы на санкцыйную палітыку, якую праводзіць Захад у дачыненні да Ірана, не спыняліся. Сёння, калі дасягнута пагадненне паміж Іранам і шасцёркай пасярэднікаў па іранскай ядзернай праграме, у нас з'яўляюцца новыя магчымасці для далейшага ўсебаковага развіцця адносін з Ісламскай Рэспублікай Іран. Патэнцыял паміж нашымі краінамі для развіцця такога супрацоўніцтва велізарны.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што таваразварот паміж дзвюма краінамі, нягледзячы на санкцыі, летась склаў больш за 100 мільёнаў долараў. У аб'ёме таваразвароту пераважае беларускі экспарт — Іран зацікаўлены ў гандлі з намі па многіх пазіцыях.

— Падчас сустрэчы з групай дружбы Сходу ісламскага савета Ірана мы абмеркавалі, як зрабіць усё неабходнае з боку парламентаў для паглыблення і развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях, — адзначыў Віктар Гумінскі.

Кіраўнік групы дружбы з нашай краінай у іранскім парламенце Алі Каідзі ў сваю чаргу адзначыў, што Іран зацікаўлены ў актывізацыі эканамічных стасункаў з нашай дзяржавай.

— Беларусь займае асаблівае месца ў нашай знешняй палітыцы, таму мы вельмі стараемся развіваць нашы стасункі ва ўсіх сферах, асабліва ў сферах эканомікі, культуры, новых тэхналогій, — заявіў іранскі парламентарый. — У стасунках Ірана і Беларусі ёсць вялікі патэнцыял — і для экспарту, і для імпарту. Нашы эканамічныя стасункі могуць быць узаемадапаўняльнымі. Мы — краіны, зацікаўленыя ва ўмацаванні і развіцці нашых узаемаадносін. Адной з галоўных тэм сустрэчы мы лічым запрашэнне старшыні нашага парламента спадара Алі Ларыджані ў адрас старшыні Палаты прадстаўнікоў наведаць Ісламскую Рэспубліку Іран.

*   *   *

Сучасны Іран прытрымліваецца незалежнага знешнепалітычнага курсу і выступае за ўсебаковае раўнапраўнае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Дыпламатычныя адносіны з нашай краінай былі ўстаноўлены ў 1993 годзе. Паміж Беларуссю і Іранам дасягнуты высокі ўзровень палітычных сувязяў. Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то шэраг іранскіх кампаній, перш за ўсё «Кейсон» і «Дзідас», займаюцца распрацоўкай і рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у нашай краіне. Гэта будаўніцтва шматфункцыянальнага гатэльна-дзелавога комплексу «Магніт Мінска», стварэнне транспартна-лагістычнага комплексу «Прылессе» ў свабоднай эканамічнай зоне «Мінск», будаўніцтва шматфункцыянальнага грамадска-дзелавога і гандлёва-сэрвіснага комплексу «Чэрвеньскі».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.