Вы тут

Як прыезджыя «заваёўваюць» сталіцу


Ці яна іх?

Мінск — сінонім поспеху для многіх абітурыентаў з правінцыі. Некаторыя лічаць, што калі атрымалася стаць студэнтам сталічнай навучальнай установы, то пабудаваць кар'еру ў гэтым горадзе будзе нескладана. І сапраўды, не ўсе з такіх шчасліўчыкаў вяртаюцца дадому....

27-20

Віталь Цівунчык, прыехаў з Бераставіцы, жыве ў сталіцы 8 гадоў:

— Мая адаптацыя праходзіла ў асноўным у рамках універсітэта. Зразумела, прызвычаіцца да вялікай колькасці людзей і шуму вялікага горада было складана... Але дапамагалі мінчане: падказвалі, на якім аўтобусе трэба ехаць, куды лепш пайсці па пакупкі.

Сам сябе не адчуваю мінчанінам на 100 працэнтаў і наўрад ці калі-небудзь адчую. Мінск — горад для працы, і ў той жа час тут шмат прыгожых месцаў, дзе можна цікава правесці час. Але раз на месяц мне абавязкова трэба з'ехаць з гэтых «каменных джунгляў» у родную Бераставіцу ці яшчэ куды. Як бы пафасна гэта не прагучала, але душой я адпачываю толькі дома, там, дзе мае бацькі, дзе я рабіў першыя крокі па жыцці.

Ганна Валынец, прыехала з Вілейкі, таксама ў Мінску ўжо 8 гадоў:

— Мінск поўны цудоўных людзей, з якіх, на жаль, так мала зрабіліся маімі сябрамі. Гэта горад, дзе адчуваеш сябе вольна. Сталіца, на мой погляд, можа быць добрай школай для развіцця асобы і пашырэння гарызонтаў. Але для мяне яна не той горад, дзе я пражыву жыццё.

Аляксандр Хацкевіч, прыехаў з Віцебска, «стаж» жыцця ў сталіцы — 4 гады:

— Я адаптаваўся ў Мінску можа менш чым за месяц. На другім курсе пачаў падпрацоўваць і цяпер ведаю горад не горш (а можа, і лепш) за тых, хто жыве тут з нараджэння.

Ганна Някрасава, прыехала з Гомеля, у Мінску ўсяго год:

— Мая адаптацыя доўжылася нядоўга: з моманту, калі я засталася на пероне адна з вачыма, поўнымі слёз, і да таго, як упершыню... пасварылася з кімсьці ў метро. Напачатку мне было складана разабрацца з транспартам, я шмат разоў выходзіла не на сваёй станцыі. А так, у прынцыпе, у Мінску я адчуваю сябе лёгка і нязмушана.

Супрацоўнік псіхалагічнай службы БДУ Юлія Яцкевіч звяртае ўвагу на матывацыю: яна розная ў тых, хто жыве ў сталіцы з нараджэння, і тых, хто сюды прыехаў. Для апошніх паступленне ва ўніверсітэт з'яўляецца пераломным момантам у жыцці, калі дзіця за кароткі тэрмін пераўтвараецца ў дарослага чалавека.

Галоўны, надзвычай важны момант — пачатак самастойнага жыцця без бацькоў. Пакуль маладыя людзі знаходзяцца ў бацькоўскім доме, яны нават не задумваюцца пра такія элементарные рэчы, як прыгатаванне ежы ці аплата камунальных паслуг. А між тым, калі студэнт не будзе займацца гэтым сам, за яго тое ніхто не зробіць. Здавалася б, дробязі, але яны вучаць адказнасці. Многія мінчане сутыкаюцца з бытавымі абавязкамі толькі пасля заканчэння вучобы, а то і пазней.

З'язджаюць у іншыя гарады і сябры студэнтаў з розных мясцін. Гэта падштурхоўвае да знаёмстваў. У новым асяродку (а для моладзі, якая прыехала, ім з'яўляецца не толькі ўніверсітэт, але і ўвесь горад) даводзіцца наладжваць новыя кантакты. Кожны дзень студэнт, для якога Мінск — чужы, павінен пытаць пра дарогу ў незнаёмцаў, прасіць парады ў выпадковых людзей наконт цырульні ці крамаў.

Не трэба абмінаць і той факт, што ў сталіцу, як правіла, прыязджаюць найлепшыя выпускнікі. І калі дома яны ўжо нечага дасягнулі, дык тут пра гэта ніхто не ведае. Таму студэнты наноў мусяць працаваць над сваім іміджам: вучыцца на «выдатна», займацца навуковай дзейнасцю або творчасцю. Дарэчы, абсалютная большасць актывістаў у арганізацыях студэнцкага самакіравання — хлопцы і дзяўчаты, якія не з'яўляюцца карэннымі мінчанамі.

Стаўленне да працы таксама адрозніваецца. Невялікае апытанне студэнтаў БДУ дае наступныя вынікі: 7 з 10 студэнтаў, якія прыехалі, падпрацоўваюць, з 10 студэнтаў-мінчан маюць падпрацоўку толькі 4. Першыя пачынаюць шукаць дадатковыя крыніцы даходу ўжо на першым-другім курсе, у той час як другія адкладваюць гэта да трэцяга-чацвёртага курса. Акрамя гэтага, апытанне паказала, што студэнты, перад тым, як ехаць вучыцца ў Мінск, грунтоўна падыходзяць да выбару будучай прафесіі: амаль усе хлопцы і дзяўчаты плануюць пасля выпуску працаваць па спецыяльнасці. Мінчане ж загадваць не спяшаюцца і не выключаюць магчымасці займацца тым, што не звязана з іх навучаннем ва ўніверсітэце.

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.