Вы тут

Вучыцца ніколі не позна?


Часцяком «пазлы» вакансій не супадаюць з магчымасцямі і патрабаваннямі прэтэндэнтаў на працоўнае месца.

Мая юная суседка атрымлівае юрыдычную адукацыю завочна, але ўжо сёння лічыць, што можа працаваць па спецыяльнасці. Вось толькі ніхто не прагне браць яе на работу. Гавораць, што юрысты не патрэбны. Дарэчы, як і эканамісты, бухгалтары, ахоўнікі, інжынеры, сацыяльныя супрацоўнікі, памочнікі выхавальнікаў. Больш за тое, сёння залішнія на рынку працы і грузчыкі, кладаўшчыкі, дворнікі, вартаўнікі, прыбіральшчыкі...

27-26

Тым часам на пачатак жніўня ў гомельскім гарадскім банку даных ёсць інфармацыя пра 767 вакансій. Патрабуюцца, у асноўным, рабочыя высокай кваліфікацыі. Або спецыялісты ў галіне медыцыны. Накшталт: акушэрка, медыцынскі судовы эксперт, урач, медыцынская сястра... А тыя 2711 грамадзян, якія зараз стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама, не адпавядаюць запытам наймальнікаў.

Практычна ва ўсіх выпадках такой неадпаведнасці ім прапануюць набыць новую спецыяльнасць. Начальнік аддзела прафарыентацыі, прафадукацыі і інфармацыйнай работы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама Таццяна Крупянка адзначае, што пералік прафесій, якія прапануюць згодным перавучвацца, абумоўлены запатрабаваннямі на рынку працы:

— Але ж мы гатовы накіраваць на навучанне беспрацоўнага, які знайшоў працу па прафесіі вельмі спецыфічнай, яму неабходна навучанне і яго згодны чакаць наймальнік. У такім выпадку па гарантыйным пісьме ад прадпрыемства мы накіроўваем на навучанне беспрацоўных. Таксама працуем з прадпрыемствамі і прапануем ім пакрыццё затрат на навучанне супрацоўнікаў. Мы штогод закладаем грошы і на кампенсацыю. Калі плануецца скарачэнне па адной прафесіі, але патрэбны спецыялісты па іншай, калі прадпрыемства гатова сваіх супрацоўнікаў перавучваць, па іх заяўцы можам кампенсаваць кошт выдаткаў на навучанне гэтых супрацоўнікаў.

Прадпрыемства можа перавучваць супрацоўнікаў за свае грошы, а потым прасіць ва ўпраўлення па працы кампенсацыю выдаткаў за навучанне. Гэтая магчымасць прапісана ў законе пра занятасць. На жаль, прадпрыемствы ёй не жадаюць карыстацца. Магчыма, баяцца падаваць неабходныя дакументы на кампенсацыю. Думаюць, што гэта складана. Насамрэч, нічога складанага няма. Сапраўды, ёсць пералік дакументаў, які патрэбна вытрымаць. Але ж мы такія дакументы фарміруем кожны раз, калі накіроўваем групу на навучанне. Таму не бачу складанасцей. Проста трэба вызначыць чалавека, які гэтым будзе займацца, а мы са свайго боку гатовы пракансультаваць любога, хто да нас звернецца.

Таццяна Крупянка падкрэслівае, што важна, каб прадпрыемства вучыла супрацоўнкаў у дзяржаўных установах адукацыі, якія маюць для гэтага спецыяльныя ўмовы. У любой галіне прамысловасці ёсць такія акрэдытаваныя цэнтры навучання.

Між тым сярод працадаўцаў распаўсюджана думка, што людзі, якія шукаюць працу праз цэнтр занятасці, ні да чаго не прыдатны. Гэта адна з прычын, чаму кадравікі часам імкнуцца схаваць інфармацыю аб вакансіях, не дзеляцца ёй з цэнтрамі.

— Так, сапраўды, часам кажуць: у вас сумніўны кантынгент, — дзеліцца сваімі меркаваннямі Таццяна Крупянка. — Яны сумніўнымі здаюцца толькі таму, што страцілі працу, паспрабавалі яе самастойна знайсці і — не атрымалася. Але ж любы чалавек можа апынуцца на гэтым месцы. Людзі — паўсюль людзі, яны шукаюць працу, і многія з іх гатовы зрабіць усё, каб працаваць добра. Быў у нас, напрыклад, малады чалавек, які па прымусе бацькоў вывучыўся на праграміста. Але ж пасля зразумеў, што насамрэч хоча стаць кухарам, і стаў ім.

Між тым у тых, хто шукае працу, сапраўды хапае псіхалагічных праблем. Ад таго, як сябе чалавек прэзентуе, многае залежыць. Дарэчы, ёсць шмат парад для шукальнікаў працы наконт таго, як сябе паводзіць, у што апрануцца, што казаць... Меркаванне пра свае магчымасці абавязкова павінна падмацоўвацца дыпломам аб прысваенні кваліфікацыі і працоўнай кніжкай.

Начальнік аддзела прафарыентацыі распавядае:

— Нехта яшчэ падчас вучобы на курсах працаўладкоўваецца, а нехта ходзіць і ные, што «курсы дрэнныя», хаця вакансіі па выбранай спецыяльнасці ёсць. Мы ж не можам наймальніка прымусіць узяць прэтэндэнта на працоўнае месца. Але ж большая частка людзей адаптуюцца ў перыяд навучання. Калі спачатку яны сапраўды няўпэўненыя ў сабе, часта нервуюцца і гатовы канфліктаваць, то пасля заканчэння навучання мы бачым упэўненых людзей, якія набылі прафесію і магчымасць зарабляць.

— Колькі? — пытаюцца маладыя людзі, для якіх грошы — адзіны крытэрый будучага месца іх працы. Яны не пытаюцца, чым давядзецца займацца, наколькі гэта супадае з іх здольнасцямі і інтарэсамі... Яны хочуць усё і цяпер. З цэнтра занятасці такія найчасцей за ўсё выходзяць расчараванымі. Да таго ж падлеткі, якія летам жадаюць знайсці падпрацоўку, ці ўчарашнія не паступіўшыя ў ВНУ школьнікі здзіўляюцца, калі ім прапаноўваюць некваліфікаваную працу прыбіральшчыцы ці дворніка.

Часцяком менавіта не падмацаваныя адукацыяй амбіцыі перашкаджаюць маладым людзям знайсці нармальную працу. У наймальніка, зразумела, свае мэты — ім патрэбны гатовы спецыяліст, яшчэ і з вопытам. Супрацоўнікі цэнтра занятасці ўсё ж раяць спусціцца з нябёсаў на зямлю, пачаць з невялікага заробку, напрацаваць вопыт, каб гадоў праз пяць-дзесяць заняць дастойную пасаду з адпаведным заробкам. Сумна і доўга? Але ж бліжэй да рэчаіснасці.

— Чалавек павінен асэнсоўваць свае рэальныя магчымасці, — нагадвае Таццяна Аляксандраўна. — Тады не будзе завышаных патрабаванняў да наймальніка і бясконцых пошукаў работы. «Вялікія грошы — сёння» — гэта тыповая памылка маладых людзей, якія шукаюць першае месца працы. Калі чалавек шукае працу толькі па гэтым крытэрыі, ён сам сябе заганяе ў пастку, з якой цяжка будзе выбрацца. Тыповы выпадак: малады чалавек ідзе на першае месца працы ахоўнікам у краму, дзе добры заробак. Яго сябар — спецыялістам на невялікую зарплату, але з перспектывамі росту. Праз дзесяць гадоў той, хто спачатку згадзіўся на невялікі заробак і старанна напрацоўваў аўтарытэт, вырасце і будзе мець значна вышэйшую зарплату, а той, хто пайшоў ахоўнікам, на той жа пасадзе і застанецца. Пра гэта многія маладыя людзі не задумваюцца, а трэба было б.

Мая юная суседка, якая атрымлівае адукацыю юрыста, між тым уладкавалася. У краму прадаўшчыцай. Заробак быццам больш-менш прымальны, але дзяўчына зноў незадаволена — цяпер распарадкам працы і зносінамі ў калектыве. Ну што ты зробіш: вопыт, у тым ліку жыццёвы, замацоўваецца толькі асабістымі гузамі. Калі замацоўваецца...

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.