Вы тут

Цэны на айчынныя лекі — пад кантролем


70 працэнтаў беларускіх лекаў, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, знаходзяцца ў цэнавым дыяпазоне да 1 долара ў эквіваленце. А 35 найменняў лекаў выпускаюцца з адмоўнай рэнтабельнасцю, прычым па некаторых пазіцыях планавая стратнасць дасягае 40%. Тым не менш па выніках першага паўгоддзя доля айчынных лекаў вырасла на ўнутраным рынку ў фінансавым эквіваленце да 48,5 працэнта. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік дырэктара Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Віктар ШЭІН.

Безимени-2

— Да канца года перад намі пастаўлена задача давесці долю беларускіх лекаў да 50%. Мяркую, што мы з ёй справімся і задаволім патрэбы насельніцтва ў якасных і даступных лекавых сродках, — дадаў Уладзімір Шэін. — Беларуская фармацэўтычная прамысловасць стала канкурэнтаздольным гульцом як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Нашы лекі экспартуюцца ў 29 краін свету.

Сёння беларускія фармацэўтычныя вытворцы выпускаюць ужо больш як 4930 найменняў лекавых сродкаў. Кожны год рэгіструецца не менш за 100 новых прэпаратаў, вытворчасць якіх засвоілі нашы заводы. На засваенне выпуску джэнерыка (аналага арыгінальнага лекавага сродку) у сярэднім патрабуецца 2-3 гады.

Адказваючы на пытанне журналіста «Звязды», чаму здараецца так, што беларускія лекі прайграюць па цане імпартным джэнерыкам, Віктар Шэін паведаміў наступнае:

— Зараз дзейнічае мараторый: мы ўзялі на сябе абавязацельствы не паднімаць цэны на айчынныя лекі, паколькі разумеем, што ў цяперашняй сітуацыі не ўсе могуць дазволіць сабе дарагія імпартныя прэпараты. А калі цана ўсё ж такі паднімаецца, то гэта павышэнне закранае толькі долю імпартнага складніка ў леках, а дакладней, долю ў канчатковай цане фармацэўтычнай субстанцыі, што закупляецца за мяжой. Прычым вытворца павінен нам прадаставіць эканамічнае абгрунтаванне, перш чым атрымае дазвол на павышэнне цаны.

Што тычыцца больш танных імпартных джэнерыкаў, то, па словах прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, любы імпартны вытворца, які жадае замацавацца на рынку, мае права дэмпінгаваць. Указ кіраўніка дзяржавы №366, які вызначае парадак цэнаўтварэння, дазваляе вытворцу імпартнага лекавага сродку пры ўваходзе на рынак Беларусі задэклараваць свой кошт.

Для таго, каб не дапусціць манапалізму айчынных вытворцаў на ўнутраным рынку, адзін і той жа лекавы сродак у той жа дазіроўцы дазволена выпускаць двум-тром беларускім прадпрыемствам. Прымаючы ўдзел у конкурсных закупках, адно айчыннае фармпрадпрыемства становіцца пераможцам, а другое, маючы рэгістрацыю свайго прэпарата за межамі Беларусі, ажыццяўляе яго пастаўкі на экспарт. Такім шляхам прымаюцца кіраўніцкія рашэнні па дыверсіфікацыі збыту лекавых сродкаў.

А для таго, каб аптэчнай сетцы было больш выгадна рэалізоўваць беларускія лекавыя сродкі, летась аптэкам было дадзена права прадастаўляць на іх сніжкі.

— Магчыма, мы недзе недапрацоўваем у плане інфармавання насельніцтва па асартыменце беларускіх лекаў, якасці і эфектыўнасці нашых прэпаратаў, таму будзем гэту сітуацыю выпраўляць, — паабяцаў Віктар Шэін.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.