Вы тут

Улову вашым сеткам!


Адна маладая каляжанка прапанавала напісаць пра знаёмствы праз сацыяльныя сеткі. Падставай для гэтага стала пэўнае асабістае расчараванне дзяўчыны ў такім спосабе знайсці блізкую душу. Раз паспрабавала, другі, трэці — вынік атрымліваўся практычна нулявым. Прыкладна як у тым анекдоце. «Гэта ў інтэрнэце вы такія смелыя, а як гаварыць тосты на святах, дык сядзіце моўчкі ў спадзяванні, што да вас чарга не дойдзе». Красамоўствам і гумарам патэнцыяльныя кавалеры, як высветлілася, вызначаліся толькі ў сеціве, а ў рэальным жыцці іх запалу хапала на сустрэчу-другую, не больш. («Па суботах і нядзелях мала хто піша ў сацыяльных сетках. Адразу відаць — справай людзі заняты, а не на працы сядзяць».)

27-13

Яшчэ адзін бок медаля — знешнасць. У інтэрнэце можна выставіць якую заўгодна фатаграфію, нават не сваю. Але гэта дзейнічае, пакуль справа не дойдзе да вочнага знаёмства. «Як я цябе пазнаю?» — «На мне будзе цяжар пражытых гадоў і сандалікі...» Прыкладна так адбылося ў іншай каляжанкі, калі пасля перапіскі ў сацыяльных сетках на сустрэчу з ёй прыйшоў... сябар віртуальнага кавалера. Яна і зараз не можа зразумець, чаму так здарылася і ў чым прычына. («Мужчына з вытанчаным густам шукае дзяўчыну з параметрамі 92,34х61,71х93,45. Пра сябе — не зануда».) Ці вось яшчэ бываюць персанажы, пра якіх зноў жа жартам сказалі б наступнае: «Калі раней можна было цішком зняць заручальны пярсцёнак, дык цяпер статус «жанаты» незаўважна ад жонкі не выдаліш». Выдаляюць, яшчэ як...

Не, вядома, ніхто не ставіць пад сумненне такі спосаб знаёмства, як сацыяльныя сеткі. Мабыць, кожны можа прывесці не адзін прыклад таго, як дзякуючы ім знаёмыя, сябры, сваякі знаходзілі адно аднаго такім чынам і справа заканчвалася вяселлем. Ды і знаёмствы па перапісцы ўвогуле не вынаходніцтва нашых дзён. Толькі некалі пісалі лісты на паперы і адказаў чакалі значна даўжэй, чым цяпер. Дык тэхналогіі! («Не разумею, як раней людзі жылі без «лайкаў»? Як да дзяўчат заляцаліся? На вуліцы знаёміліся, ці што? Недарэчнасць нейкая...» Ці вось яшчэ да тэмы. «Сацыяльныя сеткі заблакіраваны. Людзі хаатычна ходзяць па вуліцах са сваімі фоткамі і пытаюцца адно ў аднаго: «Табе падабаецца?») Цяпер зусім іншая справа, заляцацца на адлегласці можна анлайн. («Дзяўчына, мы з вамі сучасныя людзі, таму давайце праматаем хуценька, як кінастужку, знаёмства, кветкі, спатканні, рэстаран і — адразу да вас!» — «Няма праблем! Толькі давайце праматаем яшчэ далей: ты мне надакучыў, забірай рэчы і сыходзь!») У астатнім са знаёмствамі праз сеціва ўсё застаецца такім жа, як і ў рэальным жыцці: хтосьці расчаруецца («Не клеіцца асабістае жыццё? Замяніце клей!» Чым, дарэчы, многія і карыстаюцца. «Як асабістае жыццё?» — «У кожнай сацсетцы — па кавалеру!»), а некаму пашанцуе, не спяшаючыся, раскрыцца перад партнёрам, што пры асабістых стасунках не кожнаму пад сілу з прычыны характару.

Тая ж каляжанка, якой не пашчасціла перавесці віртуальныя стасункі ў рэальныя («Дзяўчаты, не трэба крыўдаваць на казлоў! Крыўдуйце на сябе: своечасова брамку ў агарод зачыняць трэба»), задумліва сказала, маўляў, вось некалі знаёміліся на танцах, у транспарце — рамантыка! (Адразу прыгадваецца Людміла з культавага савецкага фільма «Масква слязам не верыць»: «А я вось у навуковы зал Ленінскай бібліятэкі пропуск дастала». — «Навошта?» — «Уяўляеш, які там кантынгент? Акадэмікі, дактары, філосафы». — «Ну і што, будзеш глядзець, як яны чытаюць?» — «Многа ты разумееш! Там яшчэ курылка ёсць...») З чым пагаджуся, дык з тым, што раней сапраўды, каб пазнаёміцца з дзяўчынай, трэба было выклікаць у яе сімпатыю не ў віртуальным свеце, а гледзячы ў вочы. І ніякі Facebook у гэтым дапамагчы не мог, разлічваць можна было толькі на ўласнае пачуццё гумару, рашучасць і «падвешаны» язык. Але і яны не ратавалі, калі не было, як той казаў, іскры. («Ты свабодная ў панядзелак у пяць?» — «Так!» — «Шкада, я буду заняты».)

Неяк яшчэ адна каляжанка збіралася па справах працы на сустрэчу з Аляксандрам Рыбаком, нашым самым вядомым нарвежскім беларусам. Вось я і сказаў ёй жартам, маўляў, пазнаёмся бліжэй, такі хлопец, а ты не замужам... Вы б бачылі, колькі абурэння было ў вачах дзяўчыны! «Што вы там сабе думаеце?! Я не для Рыбака народжана!» Ні больш, ні менш. («Я вам не падабаюся?» — «Ды вы што? Вы моцны прафесіянал, добры і спагадлівы таварыш, цікавая суразмоўца...» — «Значыць, не падабаюся...») Рыбак, вядома, тут ні пры чым, ён нават не ведае, што мы пра яго размаўлялі. Проста гэта быў не яго «ўлоў». («Выходзь за мяне!» — «А што там... за табой?»)

Падагульняючы, магу сказаць толькі адно, у чым абсалютна ўпэўнены. Расстаўляйце свае «сеткі»! Хоць у інтэрнэце, хоць у рэальным жыцці. Галоўнае, каб быў «улоў», а таму трэба дзейнічаць, а не сядзець склаўшы рукі. Нават калі нешта не атрымалася з першага разу, гэта трэба перажыць і ісці далей наперад. Наша шчасце — у нашых руках. Напрыканцы — анекдот да тэмы. «Назавіце вашы моцныя бакі». — «Ініцыятыўнасць!» — «Дзякуй, мы звяжамся з вамі». — «Я сам з вамі звяжуся!»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?