Вы тут

«Інжыр»: «Бярыце ініцыятыву ў свае рукі»


Трыа, дзе працуюць Марыя Разумава, Таццяна Камарова і Марыя Яковіч — калектыў вядомы па такіх праектах, як украінскае шоу «Х-фактар», Emporіo Musіc Fest by Baіgalі іn Moscow. І гэты спіс можна працягваць. Цяпер дзяўчаты заняты падрыхтоўкай да «Новай хвалі» — конкурс сёлета пройдзе ў Сочы ўвосень. Аднак яны знайшлі магчымасць сустрэцца і пагаварыць пра беларускую эстраду, працоўны энтузіязм і магчымасці для прафесійнага росту.

27-11

— Сёлета вы прадстаўляеце Беларусь на конкурсе «Новая хваля». Ці складана было прабіцца?

Таццяна Камарова: «У паўфінале ад Беларусі было сем прадстаўнікоў. Адбор праходзіў у Маскве, бо ў нас ён ужо гады два як не праводзіцца».

Марыя Разумава: «Канкурыравалі мы не канкрэтна з удзельнікамі ад нашай краіны, а з усімі, хто прайшоў папярэднія кастынгі і трапіў у паўфінал. Была задача — здабыць сабе месца сярод паўфіналістаў. Там усё адбываецца па прынцыпе: калі ўдзельнік падабаецца журы, то ён праходзіць далей. Таму прэтэндэнты змагаюцца за тое, каб краіна прагучала на конкурсе».

— А вы адсочваеце, што адбываецца цяпер на розных музычных конкурсах і фестывалях?

Марыя Разумава: «Нядаўна прайшоў «Славянскі базар у Віцебску», за якім я назіраю штогод...»

Таццяна Камарова: «Пра канкурсантаў, якія прадстаўляюць там Беларусь, не магу сказаць, што яны слабыя. Нашы ўдзельнікі вельмі годна абараняюць гонар краіны. У тым ліку і Валерыя Грыбусава. А вось сам фестываль стаў іншым. Я з дзяцінства ездзіла туды з бацькамі. Мы куплялі білеты на конкурс маладых выканаўцаў і назіралі з цікавасцю за ўсім, што там адбываецца. Цяпер жа пасля прагляду выступленняў канкурсантаў ужо не застаецца здзіўлення. А гэты момант, мне здаецца, мае значэнне для гледача».

Марыя Яковіч: «Выканаўцы развіваюцца больш імкліва, чым сам фестываль. Нашы артысты імкнуцца выехаць за мяжу, каб мець магчымасць расці прафесійна. Ёсць беларуская эстрада, на якой заняты пэўныя нішы. А дзе дэманстраваць і шукаць сябе іншым, у тым ліку і маладым выканаўцам — пытанне адкрытае... Просты прыклад: трыа «Інжыр» — калектыў, пра які даведаліся толькі пасля нашага ўдзелу ў шоу «Х-фактара». Хоць да таго мы ўжо існавалі год!

Мы цяпер рыхтуемся да «Новай хвалі» і на ўласныя вочы пераконваемся, што ў гэты конкурс арганізатары ўкладваюць не толькі грошы, але і душу. З намі працуе цэлая каманда прафесіяналаў. Яны тэлефануюць, пішуць, мы абмяркоўваем дэталі. І нас як артыстаў такое стаўленне падкупляе.

27-10

— Зараз вы працуеце самастойна, але пачыналі выступаць пад патранатам прадзюсараў. Калі зразумелі, што лепш рабіць усё самім?

Марыя Яковіч: «Мы нядаўна ўзгадвалі той перыяд. Тыя людзі сабралі нас разам, за што мы ім вельмі ўдзячныя. Але год нашага супрацоўніцтва быў патрачаны ўпустую».

Таццяна Камарова: «Іх бачанне не супадала з нашым. Таму зразумелі, што працаваць, хутчэй за ўсё, давядзецца зусім не ў тым фармаце. Для чарговага выступлення мы самі пашылі сабе касцюмы, купілі абутак, а потым за працу нам нават грошай не вярнулі...»

— На «Х-фактар» вы паехалі ўжо без прадзюсараў?

Марыя Разумава: «Зразумеўшы, што нічога не адбываецца, узялі ініцыятыву ў свае рукі».

— У якім рэчышчы плануеце развівацца?

Марыя Яковіч: «Мы хацелі б мець прафесійную каманду і ведаем, што яна ў нас з'явіцца. І калі прадзюсар і будзе, то дакладна не з Беларусі. Бо наша мэта — быць сур'ёзным калектывам. Таму што, калі бачыш узровень музыкальных гуртоў за мяжой, то і сам імкнешся да якасці ў працы. Цяпер ездзім на розныя праекты. Хочацца прасоўваць сябе і нашу краіну. І конкурс «Новая хваля» — якраз добрая магчымасць прадэманстраваць свае мэты на міжнародным узроўні».

— А складана быць «нефарматным» калектывам?

Таццяна Камарова: «На мой погляд, паняцце «фармат» не павінна існаваць у артыстычным асяродку.

Так, мы выглядаем нефарматна для звыклага ўспрымання людзей. Але як артысты — мы добрыя выканаўцы.

І да гледача выходзім, не акцэнтуючы ўвагі на тое, з'яўляемся мы фарматам ці не. Знешнасць другасная, а на першым месцы заўсёды вакал. І сама публіка ў нейкі момант забывае пра розныя «параметры». Мы ж ведаем дакладна: добрага артыста павінна быць шмат».

— Песня «Go on, Baby», з якой вы ўдзельнічалі ў адборы на «Еўрабачанне-2015», у чым яна сугучная вам?

Марыя Разумава: «Усе мы атаясамліваем сябе з такім вобразам дзяўчыны. Не важна, хто ты, дзе нарадзілася, з кім сустракалася — ідзі і дабівайся сваіх мэтаў. Песню мы запісалі вельмі хутка, бо яна блізкая нам па духу і па настрою».

Марыя Яковіч: «Калі правесці паралель з нашай творчай гісторыяй, то яна сімвалічная. Бо мы не будзем жыць, як раней, пойдзем далей. Гэта наш заклік да кожнага — ніколі не адчайвацца!»

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.