Вы тут

Беларускі рок жыцця


Беларускі (у прыватнасці беларускамоўны) рок — гэта легенда, якая нараджалася недзе ў 80-я гады. Але легенда жывая, якую немагчыма спісаць і забыць, пакуль ёсць у людзей жаданне слухаць рок па-беларуску. Ёсць магчымасць: вяртаецца гурт «Крама». Вяртаецца канцэртам, прысвечаным 55-годдзю лідара і саліста Ігара Варашкевіча (30 жніўня, у месцы сімвалічным — «Сябры»). Немагчыма абысці ўвагай сам факт гэтага вяртання: Варашкевіч быў верны сабе (музыцы, якой займаўся), кірунку, у якім працаваў, і мове, на якой спяваў. Беларуская — гэта рок яго жыцця.

Так і было. Калісьці пачуць, як гучыць рок па-беларуску, мне ўдалося дзякуючы Варашкевічу. Быўшы студэнткай, трапіла на адзін з канцэртаў у Тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе выступала тады «Бонда», адзін з першых беларускіх рок-гуртоў. Тады, яшчэ за савецкім часам, папулярнасць песень на беларускай мове ўжо была даказана «Песнярамі» ды «Сябрамі». Але тыя былі ўлюбёнцамі маіх бацькоў. А нашаму пакаленню хацелася зусім іншых рытмаў. І беларуская мова з імі спалучалася цудоўна. Далей гэта сцвярджала «Крама» — гурт, які актыўна працаваў у 90-я, салістам быў таксама Варашкевіч. Наогул гэта быў час дзіўны, калі не ў апошнюю чаргу дзякуючы музыкам, якія выконвалі рок у самых розных яго кірунках, павялічвалася колькасць прыхільнікаў беларускай мовы. Гурт запісаў шэраг альбомаў, атрымаў «Рок-карону» ў 1994 годзе і неаднаразова адзначыўся на «рок-каранацыях» за вернасць традыцыі. «Крама» і сапраўды была верная сабе, не здрадзіўшы ні свайму стылю, ні беларускай мове. На ёй спявае «Крама» і Ігар Варашкевіч і цяпер. Ужо пасівелы. Але не толькі там, за межамі нашай краіны, ёсць музыкі, да якіх хочацца ставіцца, як да легендаў. Сваю справу яны рабілі і робяць шчыра, таму гэта заслугоўвае ўвагі. І калі гэта ёсць, значыць, некаму патрэбна. Ствараць на роднай мове — усё ж удзячная справа.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.