Вы тут

Выратавальніца Рут


Чаму амерыканка пахавана на Вайсковых могілках?

Пасля вызвалення Мінска чатырнаццацігадовая Тома Місейчык разам з мамай і братам жыла ў падвальным памяшканні ў раёне Нямігі. На траіх яны мелі адзін пакой, але і гэта лічылася выгодамі, калі навокал былі руіны... Праўда, ад перанесеных ваенных цяжкасцей, а таксама ад таго, што Свіслач часта выходзіла з берагоў і затапляла пакой, Тома цяжка захварэла. Настолькі, што ў хуткім часе не змагла хадзіць. Маці дзяўчынкі ў роспачы кінулася шукаць дапамогу, і знайшла яе...

[caption id="attachment_98143" align="alignnone" width="600"]5_4 Ма­гі­ла Рут Уо­лер на Вай­ско­вых мо­гіл­ках у Мін­ску.[/caption]

«Найбольш мама запомніла шакаладны напой»

У тыя часы дзеці знаходзілі сабе забавы ў гульнях на руінах — там можна было адшукаць шмат цікавага. У невымернае захапленне пасляваенную малечу прыводзіў паказ трафейных фільмаў. Малыя «штурмавалі» кінатэатр, хаваліся, каб паглядзець кіно бясплатна, хоць стоячы. Тады часта паказвалі фільмы пра Тарзана, «Багдадскі злодзей», «Зора», «Жалезная маска», музычныя стужкі... А яшчэ цікава было разглядаць «элітарныя» крамы, у якіх было шмат розных прадуктаў, але звычайныя людзі не маглі іх набыць: харчы па нейкай таямнічай сістэме размяркоўваліся паміж чыноўнікамі, партыйнымі работнікамі і вайскоўцамі.

Але адкуль у галоднай пасляваеннай краіне на прылаўках з'явіліся кансервы, сыры, рыба, ікра, шакалад, арахісавае масла? Справа ў тым, што 9 лістапада 1943 года ў Вашынгтоне прадстаўнікі 44 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі дамову аб стварэнні ЮНРРА (UNRRА — Unіtеd Nаtіоns Rеlіеf аnd Rеhаbіlіtаtіоn Аdmіnіstrаtіоn) — Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення аб'яднаных нацый. Гэта была першая буйная міжнародная гуманітарная арганізацыя ў вызваленым ад фашызму свеце. У задачы ЮНРРА ўваходзіла аказанне пасляваеннай эканамічнай дапамогі краінам Еўропы, рэпатрыяцыя і дапамога бежанцам. Пагадненне аб пастаўках дапамогі ў Беларусь на суму 61 млн долараў ЗША было падпісана ў Вашынгтоне ў снежні 1945 года.

[caption id="attachment_98140" align="alignnone" width="600"]5_1 Тац­ця­на Гра­ча­ні­ка­ва што­год на­вед­вае ма­гі­лу вы­ра­та­валь­ні­цы ма­ці.[/caption]

Доўгія гады ў Беларусі дзейнасць гэтай арганізацыі замоўчвалася, паколькі ў студзені 1946-га была прынята пастанова, у адпаведнасці з якой забаранялася «адказным партыйным савецкім работнікам у сваіх дакладах і гутарках прыводзіць якія-небудзь лічбы па пастаўках ЮНРРА і спасылацца на пытанні дапамогі з боку ЮНРРА». Але людзі старэйшага пакалення добра памятаюць амерыканскія пасылкі з ежай, адзеннем і лекамі. Толькі прадуктаў харчавання па лініі ЮНРРА было завезена звыш 100 тысяч тон.

Плыт разваліўся ў вадзе, і дзеці пачалі тануць. Нядоўга думаючы, Рут кінулася ў сажалку і павыцягвала іх.

Апроч рэчавай дапамогі, арганізоўвалася і лячэнне хворых. Менавіта дзякуючы місіі ЮНРРА атрымалася адправіць Тому Місейчык у санаторый у Астрашыцкім гарадку.

— Мама расказвала, што есці там ніколі не хацелася, харчоў было шмат і ўсё было вельмі смачнае. Найбольш яна запомніла шакаладны напой, кампот з сухафруктаў, што для ваенных дзяцей было рэдкасцю, — успамінае сёння дачка Тамары Таццяна Грачанікава.

«Каб не было дапамогі, мяне таксама не было б»

Для таго, каб урэгуляваць размеркаванне гуманітарных паставак, 1 красавіка 1946 года ў Беларусь прыехала кіраўніцтва ЮНРРА. Размясцілі яго ў сядзібе ў Лошыцкім парку. Такім чынам і 24-гадовая ўраджэнка Каліфорніі Рут Уолер, якая была жонкай намесніка кіраўніка, а пасля кіраўніка місіі Тэадора Уолера, трапіла ў Мінск. Жанчына займала ў арганізацыі пост сакратара і вяла ўсё яе справаводства. Удзень разам з астатнімі членамі місіі Рут ездзіла па краіне і дапамагала размяркоўваць прадукты і іншую дапамогу, а ўвечары гуляла ў баскетбол, тэніс, бавіла час ля сажалкі ў парку.

[caption id="attachment_98141" align="alignnone" width="600"]5_2 Мі­сія ЮНР­РА. У цэнт­ры ўсмі­ха­ец­ца Рут Уо­лер.[/caption]

У адзін з такіх дзён напрыканцы ліпеня, калі сакратар місіі адпачывала на беразе, яна ўбачыла ў возеры трох падлеткаў, якія выправіліся ў плаванне на плыце. Аднак плыт разваліўся ў вадзе, і дзеці пачалі тануць. Нядоўга думаючы, Рут кінулася ў сажалку і павыцягвала іх. На наступны дзень яна, як звычайна, паехала на працу, але там у яе раптоўна паднялася тэмпература. Беларускія лекары ратавалі амерыканку некалькі дзён, але на той час яны не мелі ў сваім арсенале пеніцыліну. Па злой іроніі лёсу маладая амерыканка Рут Уолер памерла ў Мінску 4 жніўня 1946 года ад хуткацечнага менінгіту і запалення лёгкіх, у той час як дзякуючы дапамозе ЮНРРА ў 1947 годзе тут быў пабудаваны пеніцылінавы завод (цяпер «Белмедпрэпараты»). Да свайго 25-годдзя яна не дажыла 15 дзён...

Толькі прадуктаў харчавання па лініі ЮНРРА было завезена звыш 100 тысяч тон.

Знайсці магілу Рут Уолер на Вайсковых могілках у Мінску вельмі проста. Яна месціцца за дзясятак метраў ад царквы Аляксандра Неўскага на цэнтральнай алеі і нічым не выбіваецца сярод астатніх. Хіба што помнік на ёй не зусім звыклы для беларускіх могілак: надпіс на ім выкананы на рускай і англійскай мовах. Кожны год прадстаўнікі амерыканскага пасольства і тыя, хто ведае пра місію ЮНРРА ў Беларусі, прыходзяць на магілу Рут у дзень яе смерці, каб ушанаваць памяць жанчыны.

[caption id="attachment_98142" align="alignnone" width="600"]5_3 Та­ма­ра Мі­сей­чык у дзя­цін­стве і ця­пер.[/caption]

Таццяна Грачанікава ўпершыню даведалася пра амерыканку, пахаваную на Вайсковых могілках, у 70-я гады. Яе бабуля вадзіла сюды дачку Тамару і казала, што тут пахавана яе выратавальніца.

— Мама бачыла розных жанчын, якія яе наведвалі і ўладкоўвалі ў санаторый у Астрашыцкім гарадку, але не памятае, хто яны. У любым выпадку яе выратавала дапамога ЮНРРА, у якой менавіта Рут займалася справаводствам. Каб не было гэтай дапамогі, дык не было б і гэтых дзіцячых дамоў, бальніц, школьнага харчавання, санаторыяў. І мяне таксама не было б, — гаворыць Таццяна Грачанікава.

Невядома, ці мае дачыненне да гэтай гісторыі Рут Уолер асабіста, але Тамара Фёдараўна, якая ўжо ў паважаным узросце, і дасюль успамінае амерыканку добрым словам.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Фота аўтара

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.