Вы тут

Людзі, я расту!


або Прафесіяналамі не нараджаюцца...

Па-першае, не будзем блытаць рост прафесійны і кар'ерны. У апошнім выпадку — гэта пэўнае прасоўванне па службе: атрыманне новых службовых пасад, званняў і г.д. (развіццё па вертыкалі). Прафесійны ж рост — гэта, хутчэй, набыццё новых і паляпшэнне якасці ўжо назапашаных ведаў, уменняў і якасцей у межах нейкай канкрэтнай прафесіі (развіццё па гарызанталі). Нехта з нас можа паляпшаць свае прафесійныя якасці, але гэта не заўсёды будзе абумоўліваць яго павышэнне па кар'ернай лесвіцы, хоць і павялічвае такую верагоднасць. Тут трэба ўлічваць наяўнасць свабодных вакантных ставак, саму палітыку, структуру арганізацыі і г.д. Але за жаданнем развівацца прафесійна не абавязкова хаваецца жаданне прасоўвацца па службе. Прычыны і імкненні могуць быць абсалютна рознымі.

— Прафесійны рост патрэбны найперш маладым спецыялістам, выпускнікам ВНУ, якія яшчэ толькі асвойваюць практычныя аспекты сваёй прафесіі і павышаюць свае прафесійныя якасці для таго, каб больш упэўнена адчуваць сябе ў сваёй рабоце, — тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Сяргей ЗІЗЮК. — Гэта тая катэгорыя, для якой яшчэ ўсё новае і цікавае, якая атрымала магчымасць на справе выпрабаваць сябе і свае веды. Аднак гэта адбываецца далёка не заўсёды, бо ў час «моды на вышэйшую адукацыю» і перакананасці ў яе ўсеагульнай неабходнасці маладыя хлопцы і дзяўчаты часта выбіраюць спецыяльнасць зыходзячы не з асабістых інтарэсаў, а на аснове ўяўленняў аб прэстыжнасці прафесіі або пад націскам бацькоў. У працэсе навучання многія з іх могуць не выявіць у сабе патрэбных здольнасцей, якасцей або інтарэсу да выбранай спецыяльнасці, пасля завяршэння навучання пашкадаваць аб затрачаным часе і грашовых сродках і ў выніку так і не знайсці смеласці працаваць не па спецыяльнасці. Пасля такія людзі «прырастаюць» да месца і часта аказваюцца нешчаслівымі, паколькі нелюбімая праца займае вялікую частку жыцця. Ні аб якім жаданні прафесійна развівацца тут, вядома, размова ісці не можа.

Сярод больш сталага насельніцтва за жаданнем прафесійна развівацца можа хавацца патрэба ў паляпшэнні свайго матэрыяльнага або сацыяльнага становішча, павазе з боку калег, навакольных і г.д. Аднак, калі гэтая патрэба будзе задаволена або зменяцца каштоўнасці (напрыклад, паспяховая ў сваёй рабоце жанчына нараджае дзіця, і клопат аб ім становіцца больш прыярытэтным, чым прафесійнае развіццё), скончыцца і памкненне да прафесійнага росту. У такім выпадку спецыяліст нібы кансервуе свае веды і навыкі. Набірае сілу адваротны працэс — прафесійнае старэнне, слабая ўспрымальнасць новага і перакананасць, што свой вопыт з'яўляецца самым правільным. Прыпыняючыся на дасягнутым, спецыяліст прапускае новае ў прафесіі. Менавіта таму маладым і сталым калегам часта складана знайсці агульную мову, а, напрыклад, якасць матэрыялу ў навучальных установах можа даўно не адпавядаць патрабаванням рынку працы.

Такім чынам, можна заўважыць, што за жаданнем развівацца прафесійна звычайна хаваецца штосьці яшчэ. Нехта хоча праз прызнанне свайго прафесіяналізму дамагчыся павагі іншых, нехта прагне новых магчымасцей для заробку (жадае палепшыць свой матэрыяльны дабрабыт), а нехта марыць аб павышэнні, жадаючы дабіцца ўлады. Выключэнне складаюць сапраўдныя энтузіясты і фанаты сваёй справы, якіх, на жаль, не шмат. У любым выпадку сэнс, прычыну і мэту свайго прафесійнага развіцця кожны вызначае для сябе сам.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

 

Зазірнуць у сябе

Для рашэння прафесійных праблем у псіхатэрапіі часта прымяняецца тэхніка прафесійнага логааналізу, якая мае сваю структуру:

Ацэнка свайго прафесійнага жыцця.

Высвятляецца разуменне адрознення прафесіянала ад спецыяліста. Адзначаюцца ўласныя праявы прафесіяналізму, уяўленні аб патрабаваннях да асобы прафесіянала, уласныя прафесійныя якасці. Апісваецца прафесійнае станаўленне і самавызначэнне, праявы прафесійнага старэння. Вызначаюцца праблемы самарэалізацыі, канфлікты самавызначэння, крызісы прафесійнага станаўлення.

Рэальнае прафесійнае «Я».

Выяўляецца прафесійная самаацэнка — прафесійныя якасці, кампетэнтнасць, актыўнасць, адказнасць, здольнасць да самарэалізацыі. Фіксуюцца актуальныя ўнутраныя і знешнія супярэчнасці ў прафесійным развіцці, станаўленні асабістай і прафесійнай прасторы.

Прафесійнае мінулае.

Аналізуецца прафесійны вопыт, перавагі і абмежаванні, крызісы і вяршыні, іх прычыны, спосабы вырашэння. Адзначаюцца падзеі і людзі, якія паўплывалі на выбар прафесіі.

Стымуляцыя творчага ўяўлення.

Апісваецца пажаданае прафесійнае ўдасканаленне, вобраз ідэальнага прафесійнага «Я». Ствараецца мадэль ідэальнага спецыяліста сваёй прафесіі, адзначаюцца якасці непрафесіянала. Ацэньваюцца рэальныя і дэкларуемыя прафесійныя каштоўнасці. Разглядаюцца шляхі дасягнення прафесійнага ўдасканалення, планы на будучыню, магчымыя цяжкасці і шляхі іх пераадолення. Выпрацоўваюцца стратэгіі дасягнення дасканаласці. Афармляюцца каштоўнасці і сэнс прафесіяналізму. Вызначаюцца галоўныя мэты і магчымасці іх дасягнення.

Заключны этап.

Ствараецца сімвалічная эпітафія на прафесійным помніку.

Гэтая тэхніка абавязкова выконваецца пісьмова, пасля чаго можа абмяркоўвацца са спецыялістам. Варта звярнуць увагу на тыя моманты, што найбольш цяжка паддаюцца апісанню. Не варта спрабаваць апісаць усё за адзін раз. Лепш абапірацца на ўнутраныя адчуванні. Выкананне такой тэхнікі дазваляе глыбока ацаніць свой прафесійны шлях, паглядзець на сваю прафесійную дзейнасць не як на руціну, а як на свядомую, асэнсаваную працу.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.