Вы тут

Выніковае лета


Два медалі (сярэбраны і бронзавы) заваявалі беларускія школьнікі на 12-й Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе, якая праходзіла сёлета ў Цвярской вобласці ў Расіі. У ёй прынялі ўдзел 164 канкурсанты з Аўстраліі, Аргенціны, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Даніі, Інданезіі, Казахстана, Кітая, Японіі, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, ЗША, Тайланда, Турцыі, Філіпін, Фінляндыі — усяго з 40 краін.

Міжнародная геаграфічная алімпіяда (ІGeo) праводзіцца, пачынаючы з 1996 года. Да 2012-га яна арганізоўвалася раз на два гады, а потым стала штогадовай. Да ўдзелу ў ёй дапускаюцца навучэнцы ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў. Мова правядзення — англійская, таму, акрамя ведання геаграфіі, удзельнікам трэба яшчэ і свабодна валодаць англійскай мовай. Алімпіяда складаецца з трох асноўных тураў — тэарэтычнага, які ўяўляе з сябе пісьмовы тэст, палявога і мультымедыйнага (мультымедыйнага тэста).

Адной з самых важных тэм сёлета стала змена клімату, а самым напружаным выпрабаваннем — палявы тур, падчас якога ўдзельнікам трэба было прадэманстраваць свае веды ў практычнай геаграфіі. Праграма ўключала таксама і стэндавыя даклады ад каманд.

Беларусь на алімпіядзе прадстаўлялі Міхаіл Стрэмаус, навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 18 г. Баранавічаў, Уладзіслаў Дагліс, адзінаццацікласнік гімназіі № 1 г. Жодзіна, Аляксандра Цяцёркіна, адзінаццацікласніца гімназіі № 2 г. Віцебска і Арцём Зубрыцкі, дзесяцікласнік сталічнай гімназіі № 22.

Па выніках спаборніцтваў Арцём Зубрыцкі заваяваў «серабро», а Міхаіл Стрэмаус узнагароджаны бронзавым медалём. Усяго на алімпіядзе было разыграна 13 залатых, 26 сярэбраных і 39 бронзавых медалёў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.