Вы тут

Шчасце ў кубе


Злата, Ксенія і Лізавета — такія імёны далі сваім дочкам Ігар і Алена Шмурадко. Адразу тры дзяўчынкі на Гомельшчыне сёлета нарадзіліся ўпершыню. Ім дапамаглі з'явіцца на свет у Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы №2. 22-гадовая матуля гаворыць, што дачушкі, якія спачатку былі вельмі маленькімі (1360, 1530 і 1990 грамаў), адчуваюць сябе добра.

4_3

— Муж, — адзначае Алена, — заўсёды казаў, што хоча мець траіх дзяцей. Жартаваў, што трэба гэта зрабіць за пяцігодку, але атрымалася раней, чым планавалі.

Шчаслівыя бацькі, якія згулялі вяселле ў кастрычніку 2014 года, думаюць пра пераезд у Светлагорск, адкуль Алена родам. Там будуць будаваць жыллё.

Галоўны акушэр-гінеколаг Гомельскай вобласці Аксана Цяслова гаворыць, што тройні ва ўсім свеце нараджаюцца адна на прыкладна 10 000 родаў. Летась па вобласці іх было тры. Аднак шматплодная цяжарнасць, у тым ліку штучная, а не толькі спантанная, як у гэтым выпадку, гарантуе павышаную рызыку самых розных ускладненняў:

— Мы робім усё, каб выжыла кожнае немаўля, з якімі б паталогіямі яно ні нарадзілася. Кожны выпадак для нас унікальны, бо выхадзіць такое дзіця — вялікая сумесная праца медыкаў і бацькоў.

Пасля таго, як Алену Шмурадко з дзецьмі выпішуць з бальніцы, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Светлагорскага раёна прадаставіць гэтай сям'і няню і выдасць пасведчанне шматдзетнай сям'і, што дазволіць вырашыць жыллёвае пытанне за кошт ільготнага крэдыту.

4_2

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Таццяна Кулеш расказвае, што, дзякуючы Указу Прэзідэнта №41, сям'я будзе мець права на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання без уліку прыбыткаў:

— Бацькам таксама будзе выплачана адначасовая дапамога пры нараджэнні —
10 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на першае дзіця і па 14 бюджэтаў на другое і трэцяе — усяго Br56 млн. Дапамога па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў са жніўня складзе Br7701,8 тысячы. Адначасовая выплата пры нараджэнні двух і больш дзяцей — Br8849,2 тысячы. І на працягу паўгоддзя сям'я Шмурадко мае права звярнуцца па сямейны капітал — гэта $10 тысяч безнаяўных.

З пачатку года на Гомельшчыне трэцяе і наступнае дзіця нарадзілася ў 1240 сем'ях. Яны і могуць скарыстацца падарункам дзяржавы ў выглядзе сямейнага капіталу. Цяпер пададзена амаль 1100 заяў і вынесена амаль 900 рашэнняў аб яго прызначэнні.

У вобласці пражывае больш за 12,3 тысячы шматдзетных сем'яў. Галоўным чынам гэта сем'і з трыма — 79% і чатырма дзецьмі — 14%. З кожным годам іх колькасць павялічваецца ў сярэднім на 10-12%.

Значная падтрымка аказваецца малазабяспечаным сем'ям. У першым паўгоддзі гэтага года дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўлена на суму Br13,8 млрд. Яе атрымалі 2,8 тысячы сем'яў, 68% з іх маюць дзяцей.

Напрыклад, гамяльчанцы Наталлі Калінінай, якая ў студзені атрымала сацыяльнае жыллё і знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, за кошт дзяржаўнай дапамогі дапамаглі набыць неабходныя халадзільнік, газавую пліту, канапу. Жанчына з'яўляецца сіратой і апёку над ёй узялі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навабеліцкага раёна.

Штогод у вобласці праводзяцца разнастайныя акцыі, у тым ліку «Збяры партфель да школы». Дабрачынныя, прафсаюзныя арганізацыі, грамадскія аб'яднанні, установы адукацыі з прыцягненнем спонсарскіх сродкаў дапамагаюць набыць усё, што неабходна для школы, дзецям з малазабяспечаных сем'яў.

Вельмі важным для шматдзетных сем'яў з'яўляецца рашэнне жыллёвых пытанняў. Ільготны крэдыт на будаўніцтва жылля ім выдаецца на 40 гадоў пад 1% гадавых. Адначасова вылучаецца фінансавая дапамога дзяржавы ў пагашэнні запазычанасці па выдадзеных крэдытах. Пры нараджэнні трэцяга дзіцяці ў сям'і дзяржава гасіць 75% льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля, пры нараджэнні чацвёртага і наступных — усе 100%.

На Гомельшчыне летась 961 шматдзетная сям'я палепшыла свае жыллёвыя ўмовы за кошт такіх крэдытаў, 28 сем'яў атрымалі сацыяльнае жыллё. Плануецца, што сёлета будзе ўведзена ў эксплуатацыю 700 кватэр для шматдзетных сем'яў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.