Вы тут

Таццяна Старчанка: «Трэба ўмець рабіць нечаканыя радасці»


Яе «Музычная гасцёўня» збірае аншлагі ўжо значна болей, чым дзесяцігоддзе. Гледачы да апошняга крэсла напаўняюць залу, у якой піяністка Таццяна Старчанка, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, іграе класічную музыку і запрашае ў кампаньёны знакамітых музыкантаў, спевакоў, акцёраў. Слухачы прыходзяць да яе зноў і зноў — напоўніцца эмоцыямі, натхніцца прамяністым, інтэлігентным вобразам і атмасферай, якую дзе яшчэ адшукаеш... Спецыяльна для «Звязды» Таццяна Старчанка падзялілася сакрэтамі сваіх творчых поспехаў, сямейнага шчасця і таго, як штодзень быць шчаслівай.

8_2

— Хачу прызнацца, што за апошні год я стала вашай аматаркай...

— Гэта вельмі ўдалае слова. «Паклонніца» не падышло б. Ведаеце, у мяне ёсць такі разрад «старой гвардыі» — жанчын у гадах, якія ходзяць на кожнае маё выступленне. Я іх вельмі люблю. Тэлефаную і бясплатна запрашаю на канцэрты. Тут слова «паклонніца» — самае дарэчнае. А для моладзі хочацца падабраць іншае... Няхай і «аматарка». Ці лепей так: паклонніца музычнай гасцёўні. На такую фармулёўку я згодна.

— Увогуле, вас здзіўляе, што маладыя людзі таксама завітваюць на канцэрты класічнай музыкі?

— Ні ў якім разе. Філарманічныя сцены дапускаюць абсалютна розныя праграмы. Яшчэ некалькі гадоў таму я выступала з цыкламі канцэртаў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Акадэміі МУС, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Асабліва радаваў апошні, дзе цудоўныя хлопчыкі, адораныя інтэлектуальна, нават упершыню пачуўшы класіку, успрымалі яе і разумелі. Яшчэ раней, у маладосці, згаджалася выступаць у гімназіях. А быў выпадак, калі падмяняла калег і давялося выйсці на сцэну перад малодшымі школьнікамі — і яны слухалі фартэпіянную музыку. Таму зараз я адэкватна магу сказаць, што ўтрымаю любую аўдыторыю.

— Адкуль такія поўныя залы? Для таго, каб трапіць у гасцёўню, мы набываем квіткі за некалькі месяцаў...

— Сапраўды так. Галоўная прычына хаваецца ў наступным: я разумею, што можа быць цікава людзям. Усё ж такі трэба ўмець рабіць тое, што мала хто робіць. Ёсць бяспройгрышныя канцэрты. Напрыклад, на Шапэна ў любым выкананні зала абавязкова збярэцца — толькі зрабі добрую афішу. Ці на ўнікальныя канцэрты накшталт «Музыкі жартуюць» ці «Не толькі танга...». Але ёсць праграмы, якія я лічу сваімі перамогамі. Адна з іх — «Даўніна і сучаснасць: канцэрт беларускай камернай музыкі». Я дакладна ведаю, што, калі б на афішы было напісана толькі гэта, зала не сабралася б.

Ад адносін, вядома, стамляешся. Таму ўменне радаваць іншага выратоўвае. З гадамі гэта рабіць усё складаней... Але гэта трэба ў сабе культываваць штодзень.

— Чаму вы так лічыце?

— Разумееце, пакуль не будзем любіць сваё, нашы беларускія таленты, нічога не будзе. Я чалавек рускі, які, прыехаўшы ў Беларусь, здзіўляецца, колькі тут выбітных кампазітараў! Але афіцыйна прызнаныя моцна адрозніваюцца ад тых, якіх ведаюць у Еўропе і свеце. Сярод беларускіх творцаў ёсць тыя, хто бліскуча працуе з электроннай класічнай музыкай. У тым канцэрце мы зладзілі першае аддзяленне — беларуская старажытная класічная музыка, а другое — сучасная. І быў такі аншлаг! Пасля выступу людзі падыходзілі з пытаннем: «Калі будзеце паўтараць?» Значыць попыт ёсць. Каб адшукаць такую разынку, важна дакладна разумець, якая сітуацыя зараз на музычным рынку. Для поспеху неабходны хоць бы адзін з трох складнікаў: ці праграма, ці выканаўца, ці канцэрт, якога больш нідзе няма.

— У вас ёсць усе яны.

— Так. Але самае галоўнае — гэта каманда аднадумцаў. У маёй гасцёўні няма дрэнных людзей, прытым усе выдатныя музыканты, найлепшыя з усёй краіны. Хаця бывала, што добры чалавек не дацягвае да планкі або геній, няроўны свайму таленту па-чалавечы. З абодвума даводзіцца расставацца. Я ж не магу падманваць публіку і казаць на чорнае белае. Гэта псуе агульную экалогію «Музычнай гасцёўні». Кола музыкантаў вакол мяне можа пашырацца, але яно павінна поўніцца шчырымі, прыстойнымі і прытым таленавітымі людзьмі.

— Давайце зірнём на гледача. Беларускі наведвальнік гасцёўні, ён які?

— Я думаю, што адрозненняў беларускага гледача ад еўрапейскага ці расійскага не так шмат, як прынята думаць. Усё ж такі на таленавітае ўсе заўжды рэагуюць аднолькава, нягледзячы на нацыянальныя асаблівасці. У мяне ёсць гісторыя, якая дакладна адлюстроўвае гэтую думку. Вельмі даўно, у юнацтве, я ездзіла на конкурс Моцарта ў Зальцбург. На наступны дзень пасля першага тура іду па мясцовай вулачцы. Раптам з другога бока дарогі перабягае мужчына, нясецца да мяне з бліскучымі вачыма і кажа: «Ой, вы ўчора так ігралі! Гэта было так цудоўна!» Ён кажа па-англійску, а зараз, калі ўзгадваю, у мяне адчуванне, што па-руску. Бо эмацыянальны зарад і выраз твару аднолькавыя для гледача ў любой кропцы свету. А рэакцыя залы — сіла таленту выканаўцы.

[caption id="attachment_98149" align="alignnone" width="600"]8_1 Такую «дошку» падарылі калегі.[/caption]

— З сакрэтам вашых творчых поспехаў усё зразумела. А што наконт сямейнага?

— Ведаеце, тут можна казаць пра любоў, моцныя пачуцці, сімпатыю... Але гэта ўсё само сабой. Галоўны сакрэт — у велізарным цярпенні і не меншай працы. І нікуды ад прозы жыцця не падзенешся. Калі ў мяне падрастаў сын, я пастаянна яму казала: «Калі хочаш быць шчаслівым у сямейным жыцці і адносінах, то павінен выхаваць сябе так, каб, з аднаго боку, умець пачуць іншага чалавека, а з іншага — навучыцца рабіць нечаканыя радасці». Ладзіць сюрпрызы — вялікае ўменне і шчасце. Можна жыць у сям'і сумленна, правільна, але так сумна! А калі ты сабраўся прайсці з чалавекам цэлае жыццё разам? Ад адносін, вядома, стамляешся. Таму ўменне радаваць іншага выратоўвае. З гадамі гэта рабіць усё складаней... Але гэта трэба ў сабе культываваць штодзень.

— У вас атрымліваецца?

— Як жа інакш. Хаця так няпроста!.. Асабліва востра адчулася гэта на мінулы Новы Год. У мяне былі канцэрты 30 і 31 снежня. У ноч паміж імі я рабіла торт «Прага» — традыцыйны для нашага сямейнага навагодняга стала. Раніцай у апошні дзень года накрыла стол і пайшла на выступленне. А пасля яго ўсе пайшлі да нас у госці. І тут я зразумела, што гэта сапраўды цяжка. Але магчыма.

— Няўжо гэта ўсе сакрэты?

— Не, зразумела. Яшчэ адзін вельмі важны момант — уменне жартаваць. У майго сына былі закаханасці ў англамоўных, абсалютна цудоўных дзяўчат (ён вучыўся ў Англіі). Для іх англійская таксама не родная мова. Я з разуменнем ставілася да гэтага. Але заўжды казала, што не будзе вельмі вялікага «сектара» ў вашым жыцці — будзеце смяяцца з розных рэчаў. Не будзе больш цытавання Іосіфа Бродскага і Арсенія Таркоўскага, фразы і жарты з любімых фільмаў — яна проста не зразумее. І тут акажацца, што сумеснае жыццё магчыма, але вельмі складана даецца. Бо мова — яшчэ адна магчымасць прыносіць іншаму радасць. Увогуле, залог поспеху на сцэне і ў жыцці — свяціцца радасцю. Толькі дзе ж яе ўзяць! (Смяёмся разам.)

— Якраз і хацела ў вас запытацца.

— Мой муж кажа: «Я ажаніўся з такой радаснай, усмешлівай дзяўчынай!» І гэта праўда. Зараз я ўжо не тая. Інакш і быць не магло: вопыт і абставіны не могуць не мяняць чалавека. Але ўмець акумуліраваць станоўчыя эмоцыі жыццёва неабходна. Музыкант, насамрэч, можа сабе дазволіць выйсці на сцэну і не свяціцца, толькі калі ён геній. У чым сакрэт поспеху Співакова? У харызме і прыцягальнасці. А свайму сыну, калі ён маленькім з дому выходзіў у дрэнным настроі, пастаянна казала: «Такі твар не носяць!» Ён лічыў, што ў мяне заўжды першамайская дэманстрацыя ў душы. Насамрэч — сіла волі.

— Але ж ваша праца не абмяжоўваецца ігрой на раялі і аддачай станоўчай энергіі...

— Гасцёўня — гэта яшчэ і вялікая арганізатарская работа. У выключных выпадках здараецца, што да артыста прыйдуць і адразу прапануюць выступ. Найчасцей мы самі павінны ствараць сабе праекты і рэалізоўваць іх. Натуральна, больш прыемна, калі цябе клічуць на ўсё гатовае. Але так амаль ніколі не адбываецца. І для таго, каб арганізоўваць канцэрты класічнай музыкі, трэба ведаць яе знутры. Як мінімум — мець музычную адукацыю. Мне аднойчы задалі пытанне, ці рыхтую я сабе змену. А як гэта можна зрабіць? Павінна быць пэўная сукупнасць здольнасцей, ведаў і талентаў, каб арганізоўваць, іграць ды яшчэ паралельна расказваць штосьці гледачам.

— Раз мы ўжо закранулі такую тэму... Прызнайцеся, ці хварэеце? Бо складваецца адчуванне, што ніколі.

— Зразумела, хварэю, усялякае здараецца. Але «прафесіянал пачынае хварэць на наступны дзень пасля канцэрта, а не за дзень да яго». У мінулым годзе ў мяне быў выключны выпадак. У дзень канцэрта з Англіі вярнуўся сын. І я так зачапілася нагой за адну з сумак, у якой быў абагравальнік, што зламала палец. Добра, што гэта была левая нага (мы ёй не педалізуем). Калі за гадзіну да канцэрта я зірнула на ступню, то зразумела, што ні ў які абутак не ўлезу. Да філармоніі дайшла ў красоўках мужа, на 5 памераў большых, чым мой абутак. Але ж на сцэну так не выйдзеш. Адшукала дома французскія чорныя скураныя тапачкі і падумала, што пад доўгай спадніцай не будзе відаць. Сапраўды так. Музыканты, якія выступалі са мной, зразумелі сітуацыю толькі на паклоне. Калі ўсе сталі ў рад і я аказалася на ўзровень ніжэйшай без абцасаў. А што тычыцца прастуды, то ў кожнага арганізма ёсць рэзервовыя сілы, каб пратрымацца падчас канцэрта і толькі пасля захварэць.

— Скажыце, калі б вы не былі піяністкай і гаспадыняй гасцёўні, што б рабілі ў жыцці?

— Думаю, з мяне атрымалася б добрая характарная актрыса. Я нават у маладосці думала сысці ў жанр музычнай эксцэнтрыкі. Але калі казаць пра штосьці не ў творчым рэчышчы, то, мяркую, з мяне б выйшла добрая медсястра. Гэта прафесія, у якой ты сапраўды робіш чалавеку лягчэй і часам нават ратуеш яго. У сілу сваёй станоўча заражанай энергетыкі і магчымасці яе аддаваць я адчувала б сябе на сваім месцы.

— І ўсе бы хадзілі да вас не на канцэрты, а на перавязкі.

— Так-так (смяецца). Але яшчэ не ўсё страчана. Калі я буду зусім немаладой, то дакладна ведаю, чым займуся.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Сам-насам":

Іерэй Сергій Цімашэнкаў: «Слова «павінен» прыходзіць, калі знікае любоў»

Міхаіл Арцем’еў: «Беларускія вучоныя мазгавітыя і працаздольныя»

Ікар свайго часу (гутарка з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам)

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.