Вы тут

«Зала» чакання


Нішто не збліжае больш, чым грамадскі транспарт. Гэта — адтуль.

Вечар, аўтобус, трое дзяўчат — над мабільнікам схіліліся, SMS-ку, відаць, набіраюць.

— Э-э, как пишется слово здесь? — пытаецца «аўтарка». — Первая буква с или з?

Сяброўкі маўчаць, моршчаць носікі.

— Ну быстрей же! — просіць дзяўчынка.

— Пішыце тут, — раіць нехта з пасажыраў.

О-о, прикольно! Давайте попробуем.

...Першая ластаўка вясны не робіць. Але ж, мусіць, якраз яна прыносіць надзею.

Урок?

Першыя 40 гадоў, паводле анекдота, самыя складаныя ў жыцці хлопчыка.

Гэтаму — пакуль чацвёрты, і ён іх цікава жыве: зімой — пераважна ў Мінску, а летам...

Не так даўно з Турцыі вярнуўся. І нават не ў горад, а ў вёску, дзе ў яго бабуля і дзед, дзе знаёмая карова, свінні... Адна — дык нават з парасятамі! Цуд, якія прыгожыя!

Малы іх бачыў — да ад'езду. Каб паглядзець ізноў, куляй панёсся ў хляўчук.

А прыбег і стаў: там няма парасятак.

— Дзе? — спытаў у гаспадыні.

— Свіння іх выгнала, — адказала чамусьці тая.

— За што?! Яны яе не слухалі?!

Бабуля штось гаварыла. Але ўнук, здаецца, не чуў: ён думаць пайшоў.

Магчыма, над тым, што з бабуляй — дрэнныя жарты.

«Эстафета»

Каб жа ведаў, дзе павалішся...

З драбязы тады пачалося: у пятніцу, пасля працы, хлопцы падбілі Вову зайсці ў піўную, потым піва «шліфануць» гарэлкай. Адмаўляцца — рвацца да жонкі (няхай і цяжарнай) — неяк няёмка было. Вось ён і «шліфаваў».

Дамоў прывалокся позна і на «аўтапілоце», можна сказаць. Аднак яшчэ заўважыў, што ў кватэры пуста — жонкі... няма.

Суседзі сказалі, «хуткая» забрала...

Хмель тады як рукою зняло: працверазеў умомант, бо кахаў, можна сказаць, без памяці! І дзіцяці ўжо імя даў!..

Тэлефон абарваў, пакуль знайшоў іх бальніцу! Злавіў таксі, панёсся і, пакуль ехаў, сам сабе слова даў, што сённяшняя гарэлка была апошняй, больш — ніколі, ні кроплі...

Гадоў з дзесяць не піў зусім. Потым стаў дазваляць сабе куфель піва альбо келіх віна. Але ж тады нязменна (добра, што мабільнікі з'явіліся!) тэлефанаваў сваёй жонцы і, старанна прамаўляючы першае слова, казаў:

— Лю-бі-мая, мы тут сустрэліся з хлопцамі... Добра сядзім. Не, я лішняга не вып'ю. Гадзінкі праз дзве дадому прыйду...

Што важна — ён казаў і прыходзіў, слова трымаў.

Да таго ж, як належыць мужчыну, узводзіў дом (хоць на лецішчы), садзіў там сад, гадаваў дачок.

Харошыя выраслі дзеўкі.

...Адна з іх жыве ў Швецыі, другая — у Тбілісі. Замужам абедзве — за вельмі рознымі хлопцамі.

А вось клічуць-завуць іх аднолькава: калі што — «у расцяжку»: «Лю-бі-мы»...

Радуюць, карацей, і грузіна таго, і шведа... І сябе, успамінаючы дом.

Чаго не купіш за грошы

...Завушніца «сапсавалася»: расшпіляцца стала самахоць — то пад расчоскай, то пад ручніком. Мусіць, нешта з замком.

Па дарозе збочыла ў майстэрню — балазе гэта побач цяпер, і чаргі няма. Да таго ж ювелір сімпатычны патрапіўся: тут жа «ўзброіў» вока, тут жа ўбачыў хібу, тут жа нешта падціснуў — расшпіліў-зашпіліў і... вярнуў завушніцу назад: калі ласка, маўляў. Не паверыла вачам:

— Гатова?

— Так.

— Колькі ж плаціць?

— Ніколькі.

— Як гэта?

— Проста, — усміхнуўся майстар і даверліва дадаў: — Я тут адной жанчыне ланцужок нядаўна паправіў — мінутная справа была, грошай не ўзяў. Дык яна потым спытала маё імя. Я ёй: «Навошта вам?» А яна: «Каб за вас памаліцца...» Гэта ж, згадзіцеся, дарагога каштуе?

...Гэта і сапраўды не купіш за грошы.

Другі бок медаля

Юбілеі спраўляюць не толькі людзі — прадпрыемствы таксама. А сцэнар у многім падобны: і там і там — прыбраныя залы, шырокае кола гасцей, кветкі, прамовы, падарункі... Каму? Ну, вядома ж, юбіляру, у тым выпадку — генеральнаму дырэктару, маладому, прыгожаму, дасціпнаму.

— Гэта сын мой! — не стрымаўшы гонару, прашаптала жанчына, што сядзела побач.

...З яе мужам (і бацькам таго генеральнага) лёс звёў пазней, недзе праз год пасля юбілею, але ж уражанні ад яго засталіся...

Грэх было не падзяліцца: не сказаць чалавеку пра сына, пра жонку. Бо ці ж не малайчына — у людзі вывела, падняла...

Муж, слухаючы гэта, сумна ўсміхаўся, маўчаў (мусіць, разважаючы, казаць ці не?), і ўрэшце ўсё ж такі выдаў, што жонка яго дзяцей не хацела, што, зацяжараўшы (тым самым хлопчыкам), сабралася на аборт, але ён сказаў: «Зробіш — дамоў не вяртайся, жыць з табою не буду».

...Не зрабіла — тады. За мужам пражыла жыццё. Чым і ганарыцца.

Каму вайна...

У Пятровіча бізнес, і досыць раскручаны. Яго фірма (хоць, дакладней, вядома ж, фірмачка) рытуальныя паслугі аказвае. Гэта значыць, што ў ліхую гадзіну ім толькі пазвані — з паўслова зразумеюць, прапануюць на выбар крыжы, дамавіны, вянкі, выкапаюць магілу, арганізуюць патрэбны транспарт, музыку, адпяванне, жалобную вячэру, завязуць, прывязуць, прынясуць, пакіруюць... Любое жаданне, карацей... З улікам магчымасцяў...

Што, вядома ж, добра, бо сем'і цяпер, як правіла, малыя і ў горы (тым больш вялікім!) трэба, каб нехта памог. А калі яшчэ і прафесійна...

Сябру, што сёлета цешчу хаваў, з гэтым вельмі пашчасціла: ён нават візітоўку ў Пятровіча ўзяў, каб іншым перадаць...

Карацей, яны па-людску разышліся. І думалі, надоўга... Аж не: надоечы сябра на могілках быў, вакол цешчынай магілы абгародку ставіў. Бачыць, і Пятровіч там — хавае некага.

Была вольная хвілінка — парукаліся яны, пастаялі.

— Цяжка вам, — найперш паспачуваў сябрук, — гэткая спёка сёлета.

— Добра нам, — тут жа паправіў яго Пятровіч, — столькі заказаў...

Народ сказаў...

Мінск нехта хваліць за чысціню, за безліч кветак і прыгожых жанчын, за новабудоўлі. Яно і сапраўды: здаецца, з месяц таму недзе пустка была, а глядзіш — ужо абгарадзілі... І вежавы кран паставілі.

Зрэшты, наадварот таксама здараецца: ну была ж агароджа на рагу дзвюх вуліц! Ну вісеў жа на ёй так званы «пашпарт аб'екта»! І раптам...

— Дык народ жа стаў абурацца, — распавядае адна з жанчын, — стаў супраць гэтай будоўлі калектыўныя скаргі пісаць. Вось улады і прыслухаліся...

Прасіце — і атрымаеце, шукайце — і знойдзеце, стукайце... І вам адчыняць?

«Зала» чакання

У вёсцы, нават вялікай, знаёмыя ўсе — хоць па чутках, хоць назіркам.

Ну вось напрыклад: Таня ведае Яню. Ведае, што яна з мясцовых, з карэнных, што ў свае — наўскідку — гадоў сорак не замужам і, кажуць, не была, што жыве адна, але гаспадарку пыніць і дом трымае; што праца ў яе цяжкая, не жаночая — збірае па вёсках малако.

Што Яня ведае пра Таню? Што яна замужняя і, можна сказаць, шчаслівая, бо муж у яе — хоць да раны прыкладзі: не курыць, не п'е (а ўжо ж прыгажун, спакайняк...), што абое працуюць у горадзе, што тут, у вёсцы, гадоў колькі таму пасадзілі сад і паставілі дом...

Ці «перасякаліся» жанкі?

Можна сказаць так, бо віталіся — у краме, на вуліцы; можна сказаць не, бо не размаўлялі, здаецца, ні разу. А тут...

Надоечы ў адзін аўтобус зайшлі. І Яня села. Побач з ёю вольнае месца было. Таня прыладкавалася побач, спытала, адкуль тая едзе.

— Ды ў горад па цвікі матнулася, — з ахвотай адказала кабета. — Я ж новы плот ад вуліцы стаўлю — драўляненькі. Не люблю ні жалезных, ні бетонных у рост чалавека... Ды і некага наймаць — не па мне... А так — слупкі яшчэ добрыя, жэрдкі і штыкетнік ёсць, цвікоў во набрала ды буду біць пакрысе. Сама я, усё сама, — расказвала жанчына, па горла, відаць, намаўчаўшыся. — Я, ты ж ведаеш, адна жыву. Бо за каго тут замуж ісці — звяліся мужыкі, далібог звяліся! Адны інваліды вакол: той, паглядзіш, гультай, якіх свет не бачыў, той — за бутэльку родную маці прадасць, той — дурны як бот... Вось каб ваш Максім аўдавеў...

— ?!

— Я за яго з падскокам пайшла б!

...Святая прастата.

Ці справа жыццёвая?

Memento morі

...Да помнікаў раней не дакупіцца было. І не таму, што дорага (грошы яшчэ палова бяды), — не знайсці сам камень!

Мусіць, таму, знайшоўшы, многія ўдовы (удаўцы) выбівалі на ім не толькі прозвішча-імя, даты жыцця памерлага, але і свае...

Што, вядома ж, добра: па-першае, потым меней клопату дзецям, па-другое, самому спакайней — ведаеш, дзе «асядзеш», ведаеш, ля каго... Па-трэцяе, на свой густ можаш абгародку паставіць, дрэўцаў-кветак насадзіць. Як баба Галя, напрыклад.

Яна ўдавой гадоў з 20 жыве. Што важна, з клопатам пра іншых — і сваіх, і чужых.

Вось і яны, тыя людзі, з пашанай да яе. Надоечы праз раённую газету з днём народзінаў павіншавалі, нажадалі ўсяго. І тым самым столькі шуму паднялі — тэлефон у хаце, можна сказаць, не змаўкаў: «знайшліся» былыя вучні, знаёмыя, аб'явілася далёкая радня... Не кажучы ўжо пра блізкую...

Адна з новых сябровак не ведала, што рабіць. З аднаго боку, ну вядома ж, трэба схадзіць, павіншаваць чалавека. А з іншага... Раёнка рэдка выходзіць. Вось і разбярыся, калі, у які дзень ісці? Загадзя яно ж, кажуць, нельга, пазней — няёмка...

Муж яе выручыў. Сказаў:

— Пяць хвілін — і я ўсё буду ведаць.

— Адкуль? — не паверыла жонка.

Той нічога тлумачыць не стаў: проста знік. І мігам вярнуўся. Сказаў:

— Ідзі, віншуй. Дзень нараджэння сёння.

— ?!

— У яе на помніку напісана. Я на могілках быў.

...Нехта недурны сказаў, што пра смерць варта помніць заўсёды.

Для таго, каб лепей пражыць жыццё.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.