Вы тут

Бяспечны вакзал


Калі Нацыянальны аэрапорт называюць паветранымі варотамі краіны, сталічны чыгуначны вакзал здаўна лічыцца наземнай брамай не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі. Кожны дзень тут чакаюць цягнікоў, працуюць ці проста адпачываюць тысячы мінчан і гасцей горада. Аднак далёка не кожны спяшаецца на электрычку ці заскочыў перакусіць у адну з кавярняў. Хапае і тых, хто толькі і чакае спрыяльнай магчымасці, каб завалодаць чужой маёмасцю...

6_4

Вас здымаюць!

— Вакзал станцыі «Мінск-Пасажырскі» — самы буйны ў нашай краіне, — кажа Генадзь ЗАВАЦКІ (на фота), намеснік начальніка Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, з якім мы сустрэліся ў памяшканні аператыўна-дзяжурнай службы на чыгуначным вакзале. — Гэтаму аб'екту міліцыя заўжды аказвае пільную ўвагу. У тым ліку і ў плане грамадскай бяспекі.

Калі ў аэрапорце «Мінск-2» ты часцяком сустракаеш заможную публіку, на вакзале маеш справу з прадстаўнікамі ўсіх сацыяльных слаёў.

— Трэба мець на ўвазе, што злачынцы таксама карыстаюцца транспартам, — заўважае Генадзь Завацкі. — І нехта прыходзіць на вакзал як на працу, каб здзейсніць крадзеж. Ёсць і тыя, хто хоча проста павесяліцца ў кавярні, а іншыя будуць шукаць у міліцыянера даведачную інфармацыю. Менавіта таму супрацоўнік патрульна-паставой службы мусіць быць настолькі шматгранным, каб умець разабрацца з любой праблемай, з якой сутыкнецца падчас працы.

6_1

Для чыгуначнага вакзала і ў цэлым для Мінскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце, які абслугоўвае таксама ўчастак чыгункі ў межах Мінскай вобласці, асноўнымі злачынствамі з'яўляюцца крадзяжы, хуліганствы і рабаванні. Па лініі крымінальнага вышуку сёлета за сем месяцаў зафіксавана 87 падобных злачынстваў. За знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане затрымана звыш 3,5 тысячы чалавек! Лічба, безумоўна, сур'ёзная. Паводле статыстыкі, менавіта распіццё спіртных напояў падштурхоўвае многіх да здзяйснення злачынства.

— Мы неяк сутыкнуліся з наступным выпадкам, — узгадвае Генадзь Завацкі. — Кампанія маладых людзей — жыхары Фаніпаля і Дзяржынска — у 5 гадзін раніцы села ў электрацягнік, які ішоў да Стоўбцаў, і, пакуль ехалі, вырвалі ў цягніку 16 крэслаў, павыкідвалі іх праз вокны. Пасля затрымання прызналіся, што ім... было проста весела. А літаральна днямі ў Жодзіне праваднік адмовіўся прапускаць у вагон п'яных пасажыраў, за што адзін з іх адкрыў агонь па цягніку з пнеўматычнага пісталета. Пасля яны пераселі ў электрычку, дзе іх і затрымалі міліцыянеры.

6_3

— А як звычайна крадуць на вакзале?

— Спосабы розныя. Многія спакушаюцца на пакінутыя без нагляду чужыя рэчы. Трапляюцца і зладзеі-кішэннікі. Нядаўна супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі «прафесіянала» з расійскага горада Арла, грамадзяніна Украіны, які таксама перыядычна арудаваў на мінскім вакзале.

— У гэтай справе вам актыўна дапамагаюць камеры відэаназірання?

— Так, і яны ўстаноўлены не толькі ў Мінску, але і на шэрагу станцый Мінскай вобласці. Безумоўна, не на ўсіх, але гэтае пытанне паступова вырашаецца. Што тычыцца вакзала, то ён як на далоні. На яго тэрыторыі працуе больш за 240 камер відэаназірання, — кажа суразмоўца і заводзіць нас у пакой, дзе на вялікія маніторы выводзіцца карцінка з усіх відэапрыбораў Мінскага аддзела. — У любы момант можна не толькі ацаніць сітуацыю ў любым кутку вакзала, але і прагледзець падрабязнасці злачынства. Вось напрыклад...

Праз некалькі секундаў Генадзь Завацкі ўключае відэа з Калядзіч, на якім звычайнага выгляду мужчына, не падобны на злачынцу, крадзе насценны гадзіннік проста з памяшкання вакзала. Якасць карцінкі такая, што апазнаць злодзея даволі лёгка. Яго, між іншым, вылічылі аператыўна. Зламыснік штодня карыстаўся паслугамі электрычкі. А вось яшчэ адно відэа. Гэта якраз той самы жыхар расійскага Арла, які паквапіўся на чужое, каля вакзальных кас. Мужчына выглядае даволі прэзентабельна. У адной руцэ — валізка, а ў другой — акуратна складзены плашч. Менавіта гэтай рукой ён асцярожна адкрыў сумачку ў адной жанчыны, пасля адышоў, вярнуўся і ў прысутнасці людзей, што стаялі ў чарзе, асцярожна выцягнуў з яе мабільны тэлефон. Мужчына аказаўся прафесійным кішэннікам. Праўда, не ведаў, што стаіць пад самай камерай і ўсё ўбачыць міліцыя...

— А ці прыцягваюць вакзалы увагу наркагандляроў?

— Што тычыцца наркотыкаў, мы затрымлівалі іншагароднюю моладзь, якая ездзіла на вакзалы па «закладкі», хавала спайсы ў вагонах. Пры аглядзе міліцыянеры пераважна знаходзілі курыцельныя сумесі.

— На вакзалах раней пастаянна змагаліся з жабракамі, якіх заўжды хапала. Ці гэтае пытанне ўжо не актуальнае?

— Мы з імі працуем. Асабліва шмат іх становіцца ў халодны перыяд года. Людзі прыходзяць пагрэцца, многія з іх у нецвярозым стане. У дачыненні іх штрафы не дзейнічаюць. Прыходзіцца ізаляваць ад грамадства праз арышт. Пры гэтым пасля яны адразу трапляюць у спецыяльныя ўстановы, дзе іх мыюць, стрыгуць, аказваюць дапамогу. Проста так мы іх не адпускаем.

6_2

Сумны пятачок

Разам з Дзмітрыем АНІСКОВІЧАМ, камандзірам першага ўзвода роты патрульна-паставой службы, мы падымаемся ў прыгожую, прасторную залу чакання вакзала. Наогул міліцыянеры працуюць тут пазменна, па 12 гадзін. Праца, зразумела, не цукар. Ты пастаянна павінен быць на нагах і ў патрэбны момант мусіш працаваць не толькі з пацярпелымі, але і павінен умець дзейнічаць на папярэджанне, каб прадухіліць злачынства.

Зараз будны дзень, не час пік, а таму людзей адносна няшмат. А вось па пятніцах, суботах тут у некаторых месцах не прайсці, і нярэдка падобнай масавасцю карыстаюцца злачынцы. Менавіта зала чакання з'яўляецца самым крымінагенным месцам вакзала.

— З левага боку шэсць радоў крэслаў... На гэтым пятачку сёлета здзейснілі ўжо пяць крадзяжоў, — кажа Дзмітрый Анісковіч. — Людзі засынаюць, і зладзеі карыстаюцца гэтым, каб забраць чужыя рэчы. Ну а часам пасажыры самі садзейнічаюць падобнаму, калі пакідаюць сваю маёмасць на захаванасць патэнцыйным злачынцам. А бывае, што добрапрыстойныя грамадзяне проста губляюць грошы, якія таксама даволі часта становяцца знаходкай для іншых. Таму не давярайце незнаёмым сваю маёмасць. Не трэба думаць, што людзі ўсе добрыя. На жаль, сярод іх сустракаюцца злачынцы, якія будуць карыстацца даверам.

— Шматлікія кіёскі ўвагу зладзеяў не прыцягваюць?

— Не, і з падобнымі выпадкамі мы ўжо даўно не сустракаліся. Затое тры гады таму ў гандлёвым пункце, што ў танэлі па дарозе да прыпынку «Дружная», кампанія скрала выручку ў касіра. Папрасілі каву, якая стаяла на самай высокай паліцы, і пакуль прадавачка здымала яе, яны скралі грошы. Сума была невялікая, але гэта ўсё роўна крадзеж.

Пры гэтым Генадзь Завацкі, які працуе тут яшчэ з тых часоў, калі новы вакзал толькі-толькі даводзілі да ладу, прыгадвае, што раней колькасць злачынстваў тут была невымерна большай, чым цяпер. І людзі сталі больш дысцыплінаванымі, законапаслухмянымі і адказнымі. Спадзяемся, надоўга

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».