Вы тут

Новы Стары Свет


Еўрапейскія “канікулы” страчваюць рамантыку.

Мой знаёмы нядаўна вярнуўся з адпачынку -- ездзіў у Італію. Прычым тур выбраў па свайму густу. Яму ўдалося, як кажуць, спалучыць прыемнае з карысным. Тыдзень адвёў на тое, каб аб’ехаць Апенінскі паўвостраў з поўначы на поўдзень --  ад Венецыі да Неапаля. І завяршыў падарожжа ў італьянскай сталіцы --  вечным горадзе Рыме.

Зразумела, не абмінуў і  дзяржаву ў сталіцы дзяржавы. Я маю на ўвазе Ватыкан. І вось менавіта ў Ватыкане здарылася з маім знаёмым непрыемная гісторыя, якая пэўным чынам азмрочыла ягоныя “рымскія канікулы”. Пасля экскурсіі па Ватыкане, ашаломлены велічнай прыгажосцю фрэсак, карцін вялікіх майстроў, архітэктуры, дзіўным выглядам маляўнічых папскіх гвардзейцаў і шмат чым больш дробным, але не менш адметным, Віталь рушыў да свайго турыстычнага аўтобуса. Непадалёк ад прыпынку --  звычайная справа --  таўкліся шматлікія гандляры. Зразумела, зусім не карэнныя італьянцы. Цёмнасурыя шустрыя “карабейнікі” прапаноўвалі ўсялякую драбязу кшталту календароў, карцінак з выявамі як Ватыкана у прыватнасці, так і іншых італьянскіх адметнасцяў. Шумным натоўпам гандляры літаральна абляплялі з усіх бакоў кожнага турыста. Пасля ўзвышанага зусім нечаканым аказалася такое вось “зямное”. Віталь паспрабаваў адхіліцца ад непатрэбных прапаноў, але зрабіць гэта было цяжка. Тады ён па-англійску ў вельмі інтэлігентнай форме папрасіў ад яго адчапіцца. Чым вельмі пакрыўдзіў аднаго з “карабейнікаў”. Цемнаскуры мужчына паводзіў сябе вельмі агрэсіўна: крычаў “ай эм італьяна”, “панаехала” тут (хаця невядома хто больш “панаехаў”) і больш таго --  пабег за “групай падтрымкі”. Віталю пашчасціла --  пад’ехаў яго аўтобус і ўдалося такім чынам паспяхова рэтыравацца. Ззаду беглі раз’юшаныя “карабейнікі”...

Гэта такое своеасаблівае адлюстраванне крызісу, які цяпер перажывае Стары Свет. Еўропа сутыкнулася з адной з найбольш сур'ёзных міграцыйных праблем у сваёй гісторыі -- процьмай бежанцаў. Паводле самых прыблізнах падлікаў, сёлета колькасць перасяленцаў з афрыканскіх краін і мігрантаў, што  прыбываюць праз Міжземнае мора, ужо перавысіла 350 тысяч чалавек. Вядома, гэта па самых агульных падліках. Колькасць бежанцаў на трэць перавышае паказчык усяго мінулага года. І сёлета можа скласці зусім жахлівую лічбу з шасцю нулямі. Лідары Еўрасаюза ўжо назвалі цяперашнюю сітуацыю “найгоршым крызісам бежанцаў з часоў Другой сусветнай вайны”.

У сувязі з усплескам незаконнай міграцыі ў Еўропе загучалі заклікі закрыць межы ў Шэнгенскай зоне, абмежаваўшы адзін з утваральных пастулатаў  ЕС -- права на свабоду перамяшчэнняў. Напярэдадні пра гэта казалі кіраўнік МУС Германіі Томас дэ Мезьер, а таксама міністр замежных спраў Італіі Паола Джэнцілоні. Як вядома, у Шэнгенскую зону ўваходзяць 26 еўрапейскіх краін, большасць з якіх з'яўляюцца членамі ЕС. Падпісанае паміж імі пагадненне прадугледжвае скасаванне памежнага кантролю на ўнутраных межах і ўсталяванне агульных правіл пра прадастаўленні сховішча.

Наступствы могуць быць самыя цяжкія. Годныя ідэі еўрапейскага грамадства пра годнае жыццё для кожнага грамадзяніна, хутка павярнуліся супраць саміх сябе. Нізкакваліфікаваныя мігранты апанавалі сектар «непрэстыжных» для карэнных еўрапейцаў прафесій, а потым, у сілу беспрацоўя аселі на шыі дзяржаў, якія іх прытулілі, атрымваючы нядрэнныя дапамогі і льготы. Такое становішча хутка ператварылася ў звычку, і бюджэт Еўропы атрымаў цэлы кластар утрыманцаў, якія не гатовы і, што галоўнае, не жадаюць працаваць.

Паводле  дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы, нелегальныя мігранты складаюць каля трэці ўсіх мігрантаў. Яны пераважна заняты ў ценевым сектары эканомікі, які стаў хутка расці пасля крызісу 2008-2009 гадоў. Яго доля у валавым унутраным прадукце краін ЕС набліжаецца да 20% і, па афіцыйных ацэнках Еўракамісіі, складае ў Грэцыі 30-35%, у Італіі 27,8%, у Іспаніі 23,4%. Тым часам як у Ірландыі, Францыі і Германіі, краінах з больш выразнай міграцыйнай палітыкай і сістэмай прыёму бежанцаў, гэты паказчык вагаецца ад 14,9 да 16,3 працэнта.

Адным з сегментаў ценевай эканомікі Еўрасаюза, якія растуць найбольш імкліва, з'яўляецца наркагандаль. Асноўным перапраўным каналам, сцвярджаюць спецыялісты, застаецца Косава. Наркотыкі ідуць праз Афганістан і Пакістан у Турцыю, дзе перапрацоўваюцца, а потым праз Косава накіроўваюцца ў балканскія краіны і дзяржавы Паўднёвай Еўропы, а праз Чэхію --  у паўночныя краіны ЕС. У Вялікабрытанію яны паступаюць праз Ла-Манш, асноўныя порты якога кантралююцца албанцамі, а ў ролі асноўных перавозчыкаў выступаюць нелегальныя мігранты.

Міграцыйная сітуацыя ў Еўропе набыла яшчэ больш сур'ёзны характар пасля ўзмацнення прытоку мусульманаў-мігрантаў. Іх колькасць складае, па розных ацэнках, ад 15 млн да 25 млн чалавек. Мусульмане ператвараюцца ў важны элемент еўрапейскага грамадства, які не інтэгруецца ў яго, а, наадварот, спрыяе яго дэзынтэграцыі. Нездарма ж урад Славакіі заявіў, што з усіх уцекачоў з Сірыі будзе прымаць толькі хрысціян, бо мусульмане не змогуць інтэгравацца ў грамадства. Іслам ужо стаў другой рэлігіяй у Італіі і Францыі пасля каталіцызму. Узмацненне мусульманскай субкультуры вядзе да павышэння ролі мусульманскіх дыяспар у сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці краіны знаходжання.

Не абыходзіцца і без “вулічных баёў”. У сутыкненнях з паліцыяй бяруць удзел сотні выхадцаў з краін трэцяга свету. Ёсць і пацярпелыя. Адзін са шматлікіх прыкладаў. Спрабуючы супакоіць раз'юшаны натоўп мігрантаў, паліцэйскім іспанскага курортнага горада Салоу давялося адкрыць стральбу ў паветра. Гэта выхадцаў з Сенегала не спыніла. Яны працягнулі паліць смеццевыя кантэйнеры, граміць паліцэйскія аўтамабілі і будаваць барыкады на чыгуначных пуцях. Хваляванні ўспыхнулі пасля рэйду супраць незаконных вулічных гандляроў. Адзін з іх, уцякаючы, выкінуўся з акна і загінуў…

Курортны горад Салоу асабіста мне ўзгадваецца пальмамі з зялёнымі папугаямі, прыгожымі дамамі, усмешлівымі іспанцамі, кветкамі --  карацей кажучы, усім самым светлым і радасным. А зусім не агрэсіўнымі выхадцамі з Сенегала. Цяпер, на жаль, “новы” Стары Свет імкліва губляе непаўторны шарм і рамантыку. Больш таго, нават становіцца небяспечнымі. Шкада.

Мікалай ЛІТВІНАЎ.

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.