Вы тут

Вялікая літара «Л»


Упершыню ў краіне будзе ўручана Нацыянальная літаратурная прэмія.

Была ў аматараў беларускай літаратуры такая радасць: сачыць за тым, каго з нашых літаратараў вылучылі на значную міжнародную прэмію. Спрэчкі разгараліся, розныя погляды выказваліся, і было зразумела: зусім неабыякава ў Беларусі ставяцца да сучаснай літаратуры. Вядома, ёсць людзі больш дасведчаныя, зацікаўленыя і менш. Але вось гэтае «менш» залежыць у тым ліку ад таго, наколькі «прасоўваюцца» ці рэкламуюцца кнігі чытачу ў наш час, калі маркетынг і прамоўшн могуць гуляць на патрэбным баку. І з гэтым трэба лічыцца. Гэтым трэба займацца, каб у Беларусі не проста выходзілі кнігі ў добрым аздабленні, але гэтыя кнігі траплялі да людзей, абмяркоўваліся і давалі глебу для разваг.

Цяпер ёсць нагода для разваг: у Беларусі зацверджана Нацыянальная літаратурная прэмія, лаўрэатаў якой назавуць у Дзень беларускага пісьменства. Што гэта дасць беларускай літаратуры?

7_1

Георгій МАРЧУК, пісьменнік, драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996 г.), сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Любыя прэміі для літаратара важная не толькі ў матэрыяльным плане, але і ў сэнсе адзнакі творчасці, прызнання, калі хочаце. Таму што цікавасць да слова не толькі ў Беларусі, але па ўсім свеце губляецца, трэба рабіць захады, каб яе ўздымаць. У нас была сур'ёзная прэмія «Залаты купідон» Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яна прафесійная, але ўнутры саюза, таму, хутчэй, кулуарная. Зараз, калі статус узнімаецца да ўзроўню «нацыянальная літаратурная прэмія», больш пільная ўвага надаецца творам, якія напісаны на працягу года. І адразу ўзровень твораў, якія будуць адзначаны, падымаецца на дзяржаўную ступень увагі. Дзяржаўны ўзровень — гэта тое, што важна ў грамадскім сэнсе. Таму і працэс вылучэння сам па сабе адметны: маюць права прадстаўляць кнігі і аўтараў бібліятэкі, музеі, установы культуры, тэатры, дамы культуры, выдавецтвы, тэлебачанне. Усяго 7 намінацый, і па кожнай любая культуралагічная ўстанова рэспублікі можа ўносіць прапановы. Вось нават гэта ўжо спрыяе адраджэнню цікавасці да кнігі. Я лічу, што гэта будзе яшчэ большым стымулам для пісьменнікаў якасна працаваць, не спяшацца, выбіраць сур'ёзныя тэмы, несці пэўную адказнасць перад словам. Пісаць не толькі дзеля самой прэміі, а менавіта каб быў твор, варты гэтай прэміі.

— Але ж у нас кніжкі ствараліся, літаратараў шмат, і яны актыўна пісалі: бывае ж такое, калі для некага наогул немагчыма не пісаць...

— Адно другому не пярэчыць. Калі чалавек напісаў, а сам па прыродзе ён сціплы, яму бывае складана нават некуды прапанаваць свой твор. Службаў маркетынгу, папулярызацыі літаратуры мала існуе, вельмі скупая рэклама кніг (хіба ў газетах трошкі ёсць). Як пра іх даведвацца? А чалавек, напрыклад, напісаў шэдэўр, гэты шэдэўр павінен быць прадстаўлены народу, а калі варты, то адзначаны прэміяй. Але трэба адшукаць гэты шэдэўр — з дапамогай чытачоў, бібліятэкараў, прафесіяналаў, супрацоўнікаў кнігарняў, якія могуць сказаць: «Вось цікавы раман ці дзіцячая кніга вельмі добрая — разышліся за палову года...»

— Ці могуць прэміі актывізаваць літаратурны працэс?

— Скажу па ўласным вопыце і па вопыце калег, якія атрымлівалі прэміі, нават дзяржаўнага ўзроўню. Гэта дае вялікі стымул. Ты адчуваеш, што працуеш недарма. Вядома, я магу выказвацца і пісаць для сябе і ў стол. Аднак прызнанне важкасці твайго слова грамадскасцю вельмі спрыяе натхненню і аптымізму пісьменніка.

— Ёсць у нас Дзяржаўная прэмія, самая высокая...

— Справа ў тым, што Дзяржаўная прэмія з прычыны сваёй значнасці (і матэрыяльнай) таксама ўручаецца не часта і мае высокую канкурэнцыю, — таму што ёсць адна намінацыя на ўсе віды мастацтваў. У гэтую намінацыю і літаратары аднесены, прычым усе. А як гэта можна ўсіх мераць адной меркай? І як выбраць? Калі ёсць добры твор у дзіцячай літаратуры, альбо раман, альбо выдатны кінасцэнарый ці п'еса... Можна чакаць прэмію дзесяцігоддзямі — і не дачакацца. Таму што ў Камітэта па дзяржаўных прэміях існуе выбар: ёсць мастакі, ёсць кампазітары, ёсць кіно і тэатр. І літаратары. Я лічу, што трэба, каб было болей прэмій і ў кожным з мастацтваў называліся б найлепшыя творы. У Расіі, напрыклад, міжнародных літаратурных прэмій багата: Льва Талстога «Ясная паляна», прэмія ва Ульянаўску вядомага і вялікага класіка Ганчарова (якую, дарэчы, я атрымаў у 2014 годзе), прэмія Ясеніна ў Разані, прэмія Цютчава (нашы Тамара Краснова-Гусачэнка і Таццяна Шпартава атрымалі яе) у Бранскай вобласці. Людзі падтрымліваюць майстроў слова. А прэмія падтрымлівае самога пісьменніка і яго імідж у грамадстве. Былі б сродкі, і ў нас можна было б зрабіць міжнародную прэмію Мележа ці Шамякіна, па драматургіі — міжнародную прэмію Крапівы і г.д. Праз гэта таксама пашыраецца цікавасць да Беларусі.

Але найбольш актуальна для нас сёння — звяртаць увагу на сваіх пісьменнікаў. Творы на Нацыянальную літаратурную прэмію разглядала экспертная камісія, прапанавала членам журы тое, што палічыла патрэбным, таму што работы былі на ўзроўні. Зразумела, што можа быць па-рознаму: цяпер для выбару было шмат цікавага, а ў наступным годзе — жыццё пакажа, можа з'явіцца твор, які будзе больш важны ці таленавіты. Немагчыма ж даваць загады пісьменніку: «Пішы, каб вылучыць на прэмію...» Усё залежыць ад многіх фактараў: як чытачы ўспрымуць, як крытыка, як літаратурнае асяроддзе, ці можа быць экранізаваны твор, ці пойдзе ў тэатры. Ці ёсць з'ява, новае адкрыццё — сюжэты, характары. Шмат крытэрыяў, якія даводзіцца ўлічваць у рэчаіснасці. Таму важна, каб сам факт адзнакі высокай прэміяй (і ўвагай) надаваў вагу творам, творчай працы, гэта б спрыяла росту нашай пісьменніцкай браціі, таму што патрэбна новая кроў. І якасць будзе ўздымацца, калі пісьменнік будзе мець адказнасць перад словам, перад людзьмі. Чытач стаў вельмі патрабавальны, каб яго здзівіць, трэба быць арыгінальным творцам, смелым альбо прапанаваць высокамастацкі твор.

7_2

Іван Саверчанка, доктар філалагічных навук, прафесар:

— Нацыянальная літаратурная прэмія прысуджаецца сёлета за найлепшы твор 2014 года. Невыпадкова гэта робіцца праз пэўны тэрмін пасля яго заканчэння: трэба агледзець усю дзялянку выданняў, якія кнігі выходзілі, каб экспертная супольнасць вылучыла найлепшыя, ды і чытачы маглі пазнаёміцца з тым, што з'явілася ў прозе, паэзіі, драматургіі, дзіцячай літаратуры. Гэтыя творы павінны быць прачытаны — гэта не фармальны падыход, а сутнасны. Акрамя таго, важкасць прэміі падкрэсліваецца тым, што яна будзе ўручацца ў Дзень беларускага пісьменства. Гэта свята агульнанацыянальнае і, можа быць, у пэўным сэнсе ўнікальнае ў свеце: мы разумеем, што пісьменства, літаратура ў Беларусі адыгрывае не проста адукацыйную, асветніцкую ролю. Для нас гэта нешта большае: захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў глабалізаваным свеце, выхаванне агульнай культуры грамадства і развіццё для асобных людзей — разумовых здольнасцей і эмацыйнага свету. Таму Нацыянальная прэмія павінна акцэнтаваць увагу грамадства на літаратуры, на прыгожым пісьменстве, на культуры слова. Я вельмі ўсцешаны, што існуе такая прэмія і наогул гэтае свята: яно не толькі для пісьменнікаў, літаратараў, настаўнікаў, але для ўсёй краіны, таму што людзі павінны ўмець пісьменна выкладаць свае думкі.

— Вы, як літаратуразнаўца, шмат чытаеце. На вашу думку, ці ёсць у нас творы, пра якія можна сказаць, што гэта нацыянальны ўзровень?

— Такія творы ёсць. Напрыклад, я сам для сябе зусім нядаўна адкрыў майстра слова, выдатнага празаіка Уладзіміра Саламаху. Яго аповесць «Расступіся, зямля» скаланула маё сэрца. І гэта напісана на высокім мастацкім узроўні. Гераіня — звычайная беларуская жанчына, якая жыве недзе ў вёсцы ў пасляваенны час, але пісьменнік грунтоўна даследуе ўнутраны свет чалавека. Такая літаратура патрабуе часу, удумлівасці, прафесійнага чытання. Шчыра прызнаюся, што адкрыў гэтага аўтара для сябе, узбагаціўся ўнутрана. З задавальненнем чытаю Леаніда Левановіча, у прыватнасці апошні яго раман «Палыновы вецер», таксама аповесці, ды і дарожныя нататкі ўспрымаюцца як захапляльны дэтэктыў. Энергічны, яркі пісьменнік. Магу сказаць і пра Анатоля Казлова — гэта гонар нашай сучаснай нацыянальнай літаратуры. Яго аповесці, раманы напоўненыя адкрыццём на ўзроўні формы (ён шукае, эксперыментуе) і на ўзроўні вобразаў. Я назваў трох празаікаў, якія мяне ўражваюць, але наша празаічная школа вельмі моцная.

— А кажуць, што Беларусь — краіна паэтаў...

— Свет паэзіі сапраўды неабсяжны, можа быць, я не ўсё чытаю, але маю пэўныя сімпатыі. Вядома, ёсць прызнаныя класікі. Але варта звярнуць увагу на тых, хто побач з намі цяпер стварае. Пачытаў новую кнігу Генадзя Пашкова «Парад планет» — гэта найлепшае, што было ім напісана, і новыя творы. Яго паэтычнае майстэрства для мяне вельмі блізкае, цудоўны сучасны майстар. Цікава працуе Казімір Камейша: уражвае яго ўменне адчуць рытм, стварыць мастацкі вобраз. Але паэтаў у нас выдатных багата, дзякуй Богу.

У драматургіі маю адкрыццё. Можа, гэта падасца некаму дзіўным, але на авансцэну нацыянальнай драматургіі выходзіць наш празаік Георгій Марчук. Ён і раней пісаў п'есы (каля 2 дзясяткаў ужо стварыў). Але я пачытаў апошнія — гістарычную «Альгерд» і сучасную «Аднойчы на дачы». Упэўнены, што іх можна смела ставіць на сцэне. Я быў бы першым, хто б купіў білет на гэтыя спектаклі. І з драматургіяй, аказваецца, не такая праблема, як прынята думаць: ёсць і Дудараў, але і новыя драматургі імкнуцца сказаць нешта сваё. Ёсць свежы струмень у нашай драматургіі. Мяне цешыць наша моладзь, дэбютанты: парадавала кніга Алены Мальчэўскай для дзяцей. У яе свой погляд, смелы, жывы, бадзёры. Яшчэ адзін варты ўвагі від творчасці — літаратуразнаўства, публіцыстыка. Крытыка добра развіваецца, моладзь прыходзіць, абараняе дысертацыі і па сучаснай літаратуры, па гісторыі літаратуры. А гэта спрыяе развіццю літаратурнага працэсу. Напрыклад, цікавая кніга Дзяніса Марціновіча, прысвечаная Караткевічу. Маё ўражанне ад таго, што я прачытаў апошнім часам: ёсць добрыя падставы для аптымізму.

— Ці можа прэмія паспрыяць таму, каб гэтыя і іншыя кнігі мелі шырокага чытача?

— Місія нацыянальнай літаратурнай прэміі палягае ў тым, каб сапраўды стымуляваць, заахвоціць, звярнуць увагу чытача на тое, што сёння вылучана прафесіяналамі. Бо людзі прыходзяць у бібліятэку ці кнігарню і часам губляюцца: што выбраць. А потым скардзяцца, што гэта не для іх кніга ці немагчыма чытаць, бо часам непісьменна выкладваюцца думкі. Нацыянальная літаратурная прэмія заклікана наладзіць сувязь пісьменніка з чытачом, акцэнтаваць увагу на больш значных мастацкіх творах. Але прэмія — гэта прызнаны інструмент, каб стымуляваць майстроў слова. Ганарары за кнігі цяпер не такія значныя, а вось наяўнасць нацыянальных прэмій (у нас іх, насамрэч, не шмат) выконвае такую функцыю. Прэмія важная і для сістэмы адукацыі, каб настаўнікі, выкладчыкі ВНУ звярнулі ўвагу на гэтыя творы і на занятках раілі дзецям. Трэба ведаць і класікаў, але і разважаць над сучаснасцю. І я спадзяюся, што некаторыя творы, якія цяпер ствараюцца, трапяць у скарбніцу нашай класікі.

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.