Вы тут

Каб бізнес не прастойваў у чаканні...


Дыялог дзяржавы з прадпрымальнікамі: глабальныя змены па ўсіх напрамках.

Нядаўна міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі заявіў, што рухавік прагрэсу будучай пяцігодкі — хуткае развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Ужо сёння гэты сектар адыгрывае важную ролю ў эканоміцы краіны. У аб'ёме ВУП доля малога і сярэдняга бізнесу займае 25%, пры гэтым яшчэ дзесяць гадоў таму яна складала толькі 16%. Дасягнуць падобнага прагрэсу, у якім маюць выгады і бізнес, і дзяржава, магчыма толькі ў выпадку кансалідацыі намаганняў.

Спрасцілі жыццё

Дзяржава робіць стаўку на малы і сярэдні бізнес. Сёння, нягледзячы на ўсе праблемы ў сусветнай эканоміцы, гэты сектар не губляе сваіх пазіцый. Такое ўстойлівае становішча прадстаўнікі бізнесу маглі заняць у выніку сумеснай працы з дзяржавай. Па словах намесніка дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Пятра Арушаньянца, дзякуючы Дырэктыве №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці», за апошнія пяць гадоў прыняты 193 заканадаўчыя акты, якія лібералізавалі і ўдасканалілі прадпрымальніцкую дзейнасць.

«Пазітыўныя змены закранулі розныя пытанні спрашчэння і рэгулявання цэнаўтварэння, кантрольна-нагляднай дзейнасці. Скарочана амаль удвая колькасць адміністрацыйных працэдур, а тыя, што засталіся, — уніфікавалі і спрасцілі. У галіне ліцэнзавання перыяд падрыхтоўкі дакументацыі скараціўся з 25 да 12 дзён. А, як мы ведаем, час каштуе грошай, і мы робім так, каб бізнес не прастойваў у чаканні», — адзначыў Пётр Арушаньянц.

За апошнія пяць гадоў адбыліся глабальныя змены па ўсіх напрамках. Ужо цяпер Міністэрства эканомікі выступіла з ініцыятывай абнаўлення палажэнняў Дырэктывы №4. Дакумент яшчэ падчас сваёй падрыхтоўкі шырока абмяркоўваўся з дзелавой супольнасцю, прадстаўнікі якой уносілі свае карэктывы.

«Напрыклад, сёння ёсць праблема выкупу арандатарамі дзяржаўнай маёмасці, у якую яны доўгі час інвестуюць свае сродкі. Іcнуе правіла, згодна з якім прадпрымальнік мае прыярытэтнае права выкупу дзяржаўнай ўласнасці, калі ён арандуе яе звыш трох гадоў. А зараз мы хочам прадугледзець крытэрыі, пры адпаведнасці якім яму не ў праве адмовіць у выкупе маёмасці», — удакладніў намеснік дырэктара.

У краіне таксама спрасціліся многія працэдурныя пытанні, якія сёння можна вырашаць у электронным выглядзе і эканоміць на гэтым час. Аптымізавалі і падаткаабкладанне. Па словах Пятра Арушаньянца, зараз дзейнічае мараторый на змяненне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў, а адміністраванне дзякуючы дэпартаменту па прадпрымальніцтве максімальна спрашчаецца і пераходзіць у электронную форму.

Прадпрымальнікі пайшлі ў глыбінку

За апошнія пяць гадоў бізнес-клімат паляпшаўся не толькі ў буйных гарадах, але і на перыферыі краіны. Асноўным крокам тут стала выданне Дэкрэта №6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці».

«Прымяненне гэтага дакумента мела адчувальны эфект. За 2,5 года колькасць суб'ектаў гаспадарання ў малых гарадах вырасла на 38%. Для параўнання: у буйных гарадах гэта лічба склала толькі 1,5%. У сельскай мясцовасці стварыліся ўнікальныя прывабныя ўмовы. Прычым гэта датычыцца не толькі гандлю, які сёння хоць і скарачаецца, аднак па-ранейшаму займае найбольшую долю — каля 39%. Папулярна сёння весці бізнес становіцца ў сектары прамысловай вытворчасці», — падкрэсліў Пётр Арушаньянц.

Актывізацыя дзелавой ініцыятывы адбываецца і за кошт дзяржаўных субсідый. Банк развіцця з 2014 года пачаў рэалізоўваць праграму для малога і сярэдняга бізнесу.

«Мы імкнёмся адмовіцца ад ільготнага крэдытавання на карысць субсідый, якія прадугледжаны Указам Прэзідэнта №255 «Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва». Шырока прымяняецца субсідаванне на кампенсацыю банкаўскіх працэнтаў на конкурснай аснове. Такім чынам не будуць скажацца рыначныя прынцыпы ў эканоміцы краіны», — падкрэсліў намеснік дырэктара дэпартамента. Асаблівасць праграмы Банка развіцця для малога і сярэдняга бізнесу заключаецца ў тым, што субсідаванне накіроўваецца ў вытворчасць і носіць доўгатэрміновы характар. За ўвесь перыяд існавання гэтай праграмы ўжо прафінансавана 226 інвестыцыйных праектаў. Сярэдні кошт такога аднаго праекта складае прыкладна 1,5 млрд рублёў.

Будучыня за аб'яднаннямі

Па словах Пятра Арушаньянца, у Беларусі каля 116 тысяч юрыдычных асоб, суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу і 250 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны працуюць у самых розных сферах дзейнасці, часам шматпрофільных. І кажучы пра тое, каму дзяржава будзе надаваць больш увагі, натуральна, можна згадаць інавацыйную дзейнасць.

«Найбольш эфектыўна ўзаемадзеянне адбываецца з тымі, хто кансалідуецца ў бізнес-супольнасці і асацыяцыі. Але актыўнымі многіх з бізнесменаў назваць цяжка. Магчыма, гэта яшчэ адбываецца з-за загружанасці справамі, магчыма — з-за неразумення значнасці вядзення дыялогу паміж дзяржавай і бізнесам», — расказаў Пётр Арушаньянц.

Акрамя таго, актыўная частка прадпрымальнікаў, якія ўваходзяць у саюзы і асацыяцыі, складае менш за 5%. Вось і атрымліваецца, што з імі адбываецца асноўная праца. Аднак і пры гэтым у дэпартаменце імкнуцца разглядаць менавіта тыя пытанні, якія найбольш важныя для ўсяго беларускага бізнесу.

Хто будзе ў лідарах?

Па словах Пятра Арушаньянца, рабіць прагнозы на будучую пяцігодку цяжка, аднак развівацца будуць хутчэй тыя, хто вырабляе прадукцыю з вялікай дабаўленай вартасцю. Як правіла, на такіх прадпрыемствах і курсавыя ваганні валют адбіваюцца менш. Але на практыцы нават ім варта ўлічваць шматлікія фактары. Вядзенне бізнесу вызначае стратэгія. Статыстыка ж паказвае, што за апошняе дзесяцігоддзе доля малога і сярэдняга бізнесу пастаянна павялічвалася. Штогод доля прадпрымальнікаў у аб'ёме ВУП узрастае на 0,5-1%.

«У гэтым сектары працуе каля траціны эканамічна актыўнага насельніцтва, што складае каля 1,5 млн чалавек. Яны прыносяць да 28% падаткаў у бюджэт краіны. Сектар малога і сярэдняга бізнесу застаецца адным з найбуйнейшых у долі ВУП краіны», — выказаў сваю думку намеснік дырэктара.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.