Вы тут

Модны бег


Арганізатары маштабнага мінскага паўмарафону імкнуцца не толькі правесці спаборніцтвы на выдатным узроўні, але і пашырыць гарадскую культуру бегу.

Праз некалькі тыдняў у Мінску адбудзецца спартыўная падзея, якой пакуль не было аналагаў у нашай краіне. 13 верасня ў сталіцы на старт выйдуць удзельнікі «Polo-марафону». Прафесіяналы і аматары, моладзь і пенсіянеры, рабочыя і бізнесмены, замежнікі і беларусы, — людзі, якіх проста аб'яднала любоў да бегу.

29-18

«Сышліся інтарэсы бізнесу, энтузіястаў і ўлады»

Калі «гартаю» стужку навін у сацыяльных сетках, адчуваю, што людзей ахапіла бегаманія. Бо столькі бегу ў ёй не было ніколі. Так, пакуль гэтых бегуноў усё роўна няшмат, але колькасць павялічваецца з кожным днём. Шчыра кажучы, мяне гэта ўсцешвае і думкамі вяртае ў сваё дзяцінства.

Напэўна, кожны сталы жыхар Жодзіна памятае «сцежку здароўя», якая акаляла тэрыторыю стадыёна «Тарпеда». Яна літаральна ніколі не зарастала. Раніцай ці пасля абеду бегалі мы, выхаванцы спартыўнай школы, а вечарам падцягваліся жыхары горада. Мне здавалася гэта невялічкім, але ўзроўнем. Але калі я пабываў у Стакгольме, убачыў, як людзі бегаюць разам з сабакамі і нават з каляскамі, пачаў па-добраму зайздросціць. Бег у Еўропе здаўна стаў з'явай гарадской культуры, у вялікіх гарадах штогод праходзяць буйныя забегі, а таму, калі даведаўся, што ў Мінску зноў пройдзе паўмарафон, актыўна пачаў развівацца бегавы рух, падумаў: проста фантастыка!

— І гэта той выпадак, калі сышліся інтарэсы бізнесу, энтузіястаў і ўлады, — кажа Ігар Кольчанка, кіраўнік піяр-кампаніі Sette Studіo, які разам з паплечнікамі стаў каталізатарам ідэі. — Жаданне правесці ў Беларусі паўмарафон з'явілася ў кампаніі «Фальксваген». У сваю чаргу мы вырашылі арганізаваць у сталіцы бегавы рух. Так, клубы бегу ў нас ёсць, яны добрыя, але масавасці, рэкламы, якая б заахвочвала людзей, замала. Пры гэтым нас актыўна падтрымаў Вадзім Дзевятоўскі, старшыня федэрацыі лёгкай атлетыкі, які нават знарок ездзіў у Латвію вывучаць вопыт рыжскага марафону. З намі пастаянна трэніруецца Максім Рыжанкоў, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, які таксама плануе паўдзельнічаць у забегу...

«Здавалася, арганізм не створаны для падобнага»

Сам Ігар захапіўся бегам гады тры таму, а цяпер проста не ўяўляе свайго жыцця без яго.

— Бег быў маім самым нелюбімым заняткам у школе, — моршчыцца суразмоўца. — Я заўжды прыбягаў апошнім і адчуваў сябе кепска. Здавалася, мой арганізм не створаны для падобнага. Але праз нейкі час я захацеў даказаць сябе, што я магу. Пачаў бегаць на школьным стадыёне, а ўжо пасля з'явіліся пэўныя задачы, трэнер. Цяпер рыхтуюся прабегчы 21 кіламетр, паўмарафонскую дыстанцыю. Але я не прафесіянал. Я тыповы гараджанін, які проста любіць бегаць.

Тры разы на тыдзень ён збірае спартыўную сумку і адразу пасля працы адпраўляецца ў парк Перамогі, дзе трэніруецца каманда мінскага «Polo-марафону».

— На першую прабежку вясной да нас прыйшлі толькі 10 энтузіястаў, але мінуў час — і ў самым масавым забегу ўдзельнічалі ўжо 200 чалавек, — усміхаецца Ігар Кольчанка.

— У вас піяр-кампанія добрая. Мінскі паўмарафон і прабежкі рэкламавалі славутыя беларускія і замежныя спартсмены. А яшчэ вы ладзілі экскурсіі, сустрэчы з медыйнымі асобамі, нават фарбамі абсыпаліся. Усё гэта ўплывае на інтарэс.

— Мінск — горад не бегавы. А таму хацелася такім чынам зацікавіць людзей, каб яны прыйшлі некалькі разоў да нас, а ўжо пасля пачалі бегаць самастойна. Калі напрыканцы года ў парку Перамогі на дзесяць веласіпедыстаў будуць прыпадаць тры бегуны, мы сваю задачу выканаем. Але прагрэс ужо ёсць. Я еду на працу з Каменнай Горкі і заўважаю, як шмат людзей бегаюць раніцай. Нам, безумоўна, не хапае бегавых дарожак. Аднак калі бегуноў стане больш, думаю, яны з'явяцца.

У паўмарафоне будуць удзельнічаць не толькі прафесіяналы, але і аматары. Як кажа Ігар Кольчанка, гэта адзіны від спорту, дзе на спаборніцтвах убачыце разам славутага спартсмена і звычайнага прыхільніка бегу. Тым больш прабегчы нароўні з профі 21 кіламетр не патрабуецца. У Мінску будуць арганізаваны забегі і на 5, і на 10 кіламетраў.

Чакаем, што на старт выйдзе славутая беларуска Вольга Мазуронак, якая заняла 9-е месца ў лонданскім марафоне. Пабягуць і вядомыя медыйныя асобы: тэлевядучыя Люцыя Лушчык і Яўген Перлін, консул Францыі ў Беларусі Крыстоф Брамуле, актрыса Алеся Грыбок. І такіх аматараў насамрэч шмат.

— У бегу захапляе магчымасць выпрацаваць вынослівасць, — прызнаецца фатограф Дар'я Буракіна, якая збіраецца прабегчы 13 верасня дыстанцыю ў 10 кіламетраў. — З кожнай прабежкай мой кіламетраж павялічваецца. А актыўна бегаць я пачала ўсяго некалькі месяцаў таму разам з камандай бегавога руху #followmіnsk. Раней я толькі эпізадычна падтрымлівала цела ў тонусе і наведвала трэнажорную залу. А бег — гэта адзін з самых эфектыўных і даступных спосабаў падтрымліваць фізічную форму.

— А якія задачы ставіш перад сабой?

— Ніякіх! Гэта спроба перамагчы ляноту, даказаць самой сабе, што я спраўлюся.

Траса пройдзе праз цэнтр горада

Дарэчы, бегавая траса пройдзе па цэнтры горада, злучыць два сталічныя праспекты — Пераможцаў і Незалежнасці, закране вуліцу Карла Маркса. Для гледачоў пастараюцца зрабіць камфортныя ўмовы. І каб тыя не сумавалі ў чаканні бегуноў, у розных месцах дыстанцыі для іх зладзяць канцэрты. Усё да дробязяў пралічылі і арганізатары марафону. Нават абзавяліся спонсарам, які забяспечыць так званыя пікеты пітной вадой «Вітэль».

— Марафоны традыцыйна праводзяцца ў вялікіх гарадах, і сталі часткай еўрапейскай гарадской культуры, — кажа Ігар Кольчанка. — І для Лондана, Берліна яны пасля Калядаў, напэўна, займаюць другое месца па турыстах, бо збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў. У Берліне бягуць 50 тысяч чалавек, а яшчэ 150 тысяч, умоўна, стаяць у чарзе! У Мінск таксама прыедуць замежнікі. Ужо ёсць заяўкі. Людзі не хочуць удзельнічаць пастаянна толькі ў адным марафоне. Яны вандруюць, збіраюць медалі з розных прабегаў, як турысты магніты. І нам вельмі хочацца, каб падобнае мерапрыемства стала для нашай сталіцы традыцыйным і праходзіла штогод.

Што рабіць, каб бег быў карысным?

Парадамі дзеліцца ўрач-кардыёлаг Алена ПРАЦЭНКА, загадчыца аддзялення функцыянальнай дыягностыкі медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ»:

— Як часта трэба бегаць? Колькі часу павінна складаць адна прабежка?

— Урачы рэкамендуюць займацца аздараўленчым бегам 3 разы на тыдзень — бегаць па 30 хвілін альбо па 5 кіламетраў. Каб пазбегнуць празмерных нагрузак, навічкі павінны выкарыстоўваць пераменны метад: чаргаваць бег і хаду. Нагрузкі трэба павялічваць паступова. Чаму варта бегаць тройчы на тыдзень? Аднаўленчы перыяд арганізму пасля нагрузак складае 48 гадзін. Больш частыя трэніроўкі могуць прывесці да ператамлення, траўмаў. Часцей бегаць можна толькі тады, калі нагрузкі малыя (15-20 хвілін). Аднак яны менш эфектыўныя, бо не прыносяць дастатковых зрухаў у арганізме.

— З якімі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі бегаць забараняецца?

— Заняткі бегам не рэкамендуюцца людзям з прыроджаным парокам сэрца, хворым на стэноз мітральнага клапана, з недастатковасцю кровазвароту, з выражанымі расстройствамі сардэчнага рытму і тромбафлебітам ніжніх канечнасцяў. Нельга бегаць і пры абвастрэнні хранічнага і пры вострым захворванні.

— Ці карысна бегаць перад сном?

— Шматлікія даследаванні паказалі, што найбольш эфектыўнымі прабежкамі з'яўляюцца вечаровыя. Даволі часта лянота і недасып робяцца прычынай нерэгулярных прабежак, ад чаго карысць істотна паніжаецца. Пры гэтым у ранішні час павялічваецца згусальнасць крыві, і ў тых, каму за 40, павялічваецца рызыка з'яўлення небяспечных для жыцця тромбаў. А вечарам арганізм танізаваны, і яму не спатрэбіцца шмат часу для размінкі. Падобныя прабежкі таксама дапамогуць вызваліцца ад назапашаных за дзень калорый і ператварыць іх у энергію, якая спатрэбіцца для бегу. А вось перад сном бегаць не рэкамендуюць, бо атрыманы зарад энергіі не дазволіць арганізму заснуць на працягу дзвюх гадзін пасля фізічных нагрузак.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.