Вы тут

Цэнтр для сілавікоў


Сучасны цэнтр фізічнай падрыхтоўкі сілавікоў адкрыўся ў Гомелі. Цяпер супрацоўнікі ўсіх праваахоўных структур маюць усе неабходныя ўмовы, каб падтрымліваць форму і быць гатовымі для абароны спакою грамадзян.

5_3

Трохпавярховы комплекс — гэта сучасны спартыўны аб'ект для ўсіх узроўняў сілавой падрыхтоўкі, неабходных супрацоўнікам міліцыі і іншых ведамстваў. У прыватнасці, ёсць залы барацьбы, гульнявых відаў спорту, трэнажорны комплекс з абсталяваннем апошняга пакалення, кабінеты для трэнераў і медыкаў... Ёсць нават некалькі нумароў гасцініцы — для супрацоўнікаў, якія суправаджаюць транспартныя сродкі.

Цэнтр належыць Дэпартаменту аховы і цалкам пабудаваны за сродкі гэтага ведамства. Увод у эксплуатацыю новага спартыўнага аб'екта дазволіць не толькі нарошчваць спартыўны патэнцыял супрацоўнікаў праваахоўных органаў, але ўрэшце і сэканоміць сродкі. Больш не прыйдзецца плаціць за арэнду спартыўных памяшканняў іншым арганізацыям.

На другім паверсе комплексу адкрыта гісторыка-дэманстрацыйная зала, прысвечаная гісторыі службы Дэпартамента аховы. У ёй можна пабачыць прылады, якія калісьці дапамагалі праваахоўнікам папярэдзіць пранікненне злодзея ў памяшканне. Сёння многія з іх выглядаюць як сапраўдныя рарытэты і даўно не выкарыстоўваюцца, але ж кіраўніцтва лічыць, што маладыя павінны ведаць, якім чынам несла сваю службу папярэдняе пакаленне. Менавіта таму асобныя экспазіцыі прысвечаны пэўным гістарычным перыядам. Напрыклад, часу, калі супрацоўнікі службы прымалі актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асобна — стэнды, прысвечаныя ветэранам Вялікай Айчыннай і тым, хто ваяваў у Афганістане. Начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы Аляксандр Лісімаў падкрэслівае, як важна ведаць сваю гісторыю.

— У нас да гэтага не было свайго музея. Мы ў гэтую залу будзем запрашаць маладых супрацоўнікаў, расказваць ім пра тое, як нашы службоўцы працавалі раней. Усяго за тыдзень у комплексе будзе займацца каля 750 чалавек. Нашы інструктары — заслужаныя майстры спорту, ёсць удзельнікі Алімпійскіх гульняў.

Начальнік дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь генерал-маёр міліцыі Сяргей Хаменка адзначае, што паляпшаць сваю прафесійную форму ў новым будынку будуць не толькі супрацоўнікі, якія забяспечваюць парадак у Гомелі:

— Плануецца, што цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі і службова-прыкладных відаў спорту будзе выкарыстоўвацца як для супрацоўнікаў дэпартамента аховы, так і для іншых праваахоўных ведамстваў. Займацца тут будуць і навучэнцы профільных класаў сярэдніх школ, і члены сем'яў міліцыянераў. У будучыні, акрамя таго, прапрацоўваецца магчымасць аказання платных паслуг і жыхарам найбліжэйшых мікрараёнаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.