Вы тут

Парад у Паднябеснай


У Кітаі ўрачыста адзначаецца 70-годдзе завяршэння Другой сусветнай вайны.

Другую сусветную вайну  некаторыя эксперты нездарма называюць найбуйнейшым узброеным канфліктам у гісторыі чалавецтва. У ёй удзельнічалі 62 дзяржавы з 73, якія існавалі ў той час. Баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі трох кантынентаў і ў водах чатырох акіянаў. Як вядома, Другая сусветная пачалася 1 верасня 1939 года. А завяршылася 2 верасня 1945-га, калі ў Такійскай бухце на борце амерыканскага лінкара «Місуры» прадстаўнікі Японіі падпісалі Акт аб безумоўнай капітуляцыі.

1-29

Найважнейшыя бітвы

У Кітаі Дзень Перамогі святкуюць 3 верасня. Гэта не толькі ўласна завяршэнне Другой сусветнай вайны, а таксама і заканчэнне Кітайска-японскай вайны. Апошняя, дарэчы, доўжылася 14 гадоў — Японія напала на Кітай у верасні 1931-га, а 7 ліпеня 1937-га распачалася поўнамаштабная агрэсія. Ахвярамі ваеннага канфлікту сталі 35 мільёнаў кітайцаў. На думку Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, якую ён выказаў у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа», «у самыя складаныя гады вайны Кітай не капітуляваў і, працягнуўшы супраціўленне, «скаваў» рукі саперніку, не дапусціўшы яго далейшага ўварвання ў Паўднёвую Азію, Аўстралію. Гэта стала магчымым дзякуючы гераічнаму змаганню кітайскага народа. Паднябесная была галоўным тэатрам баявых дзеянняў на Азіяцкім кантыненце — тут разгортваліся найважнейшыя бітвы, што абумовілі капітуляцыю мілітарысцкай Японіі ў 1945 годзе. Кітайскі народ самааддана змагаўся за будучыню сваёй краіны і выпакутаваў гэту перамогу. Мяркую, што роля Кітая ў перамозе над фашызмам заслугоўвае больш высокага прызнання».

На думку расійскага ўсходазнаўцы, прафесара Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалая Самойлава, Кітай адыграў вырашальную ролю ў супрацьстаянні з дзяржавамі «восі» ў Азіі. Менавіта Кітай вынес на сваіх плячах асноўны цяжар вайны супраць імперыялістычнай Японіі, упэўнены спецыяліст, і па праве павінен быць прызнаны адной з чатырох краін — разам з СССР, Вялікабрытаніяй і ЗША — за якімі прызнаецца вырашальная роля ў разгроме дзяржаў-агрэсараў падчас Другой сусветнай вайны.

1-31

Святкаваць маштабна

Зразумела, што для Паднябеснай 3 верасня 2015-га — адметная дата. І святкаваць яе вырашана маштабна. Плануецца, што ў гэты дзень на цэнтральнай плошчы краіны Цяньаньмэнь у Пекіне пройдзе велічны парад. Рыхтавацца да яго пачалі ўжо за тры месяцы. Прайшлі рэпетыцыі, па якіх можна меркаваць аб самой падзеі.

У ліпені паветраныя войскі Кітая правялі рэпетыцыю ва ўсходнім прыгарадзе Пекіна Тунчжоу, паведаміла газета «Жэньмінь жыбаа». Марскія, сухапутныя і паветраныя войскі Нацыянальнай вызваленчай арміі Кітая (НВАК) прадставілі ўсяго 189 самалётаў і верталётаў. На думку ваенных экспертаў, гэта самы вялікі парадны эшалон з моманту ўтварэння КНР.

Гэты маштаб істотна перавышае парад у 2009 годзе, прысвечаны
60-годдзю ўтварэння КНР. Тады быў паказаны 151 самалёт і верталёт. У параўнанні з парадам 2009-га, адзначае выданне, істотна павялічылася доля новых мадэляў айчынных самалётаў, асабліва самалётаў ранняга папярэджання марской авіяцыі КНР, самалётаў электроннай разведкі, марскога дазору і іншых адмысловых тыпаў самалётаў, што дэманструе надзвычайную важнасць інфарматызацыі кітайскіх ВПС і іх дасягнення ў авіябудаўніцтве. Асабліва ўражальным стане першае з'яўленне на парадзе шасці новых мадэляў — «Цзянь-15», «Цзянь-10S», «Хун-6K», «Гаосінь-8», «WZ -10» і «Чжы-19».

1-30

Вайсковыя «ноу-хау»

У парадзе возьмуць удзел каля 12 тысяч кітайскіх вайскоўцаў і ветэраны кампартыі Кітая, якія ў свой час ваявалі супраць японскіх войскаў. Многім з ветэранаў цяпер ужо за 90 гадоў. Апроч гэтага, прыкладна тысяча замежных вайскоўцаў з 17 дзяржаў пройдуць маршам па сталіцы Кітая. У парадзе возьмуць удзел каманды 11 краін — Беларусі, Кубы, Егіпта, Казахстана, Кыргызстана, Мексікі, Манголіі, Пакістана, Сербіі, Таджыкістана, Расіі. Апроч таго, Афганістан, Камбоджа, Фіджы, Лаос, Вануату, Венесуэла адправілі сваіх прадстаўнікоў. Старшыня КНР, генеральны сакратар ЦК КПК Сі Цзіньпін узнагародзіць памятнымі медалямі ветэранаў вайны, работнікаў тылу і членаў сем'яў загінулых герояў.

Усяго 27 калон вайсковай тэхнікі возьмуць удзел у парадзе. Па ўстаноўленай практыцы, самымі першымі выходзяць найноўшыя баявыя танкі. Таму ўсе ў чаканні ўбачыць «каралёў сухапутных войнаў». Брытанскі штотыднёвы часопіс Jane's Defence Weekly звярнуў увагу на тое, што падчас супольных вайсковых вучэнняў ШАС «Мірная місія — 2014», 38-я вайсковая група НВВК задзейнічала асноўныя баявыя танкі «Тып-99». Такія танкі новага тыпу цалкам адпавядаюць асаблівасцям тэхнікі для ўдзелу ў парадзе. Ёсць вялікая імавернасць таго, што менавіта гэтыя танкі праедуць па плошчы Цяньаньмэнь 3 верасня, паведамляе газета «Хуанцю шыбаа».

Ме­на­ві­та Кі­тай вы­нес на сва­іх пля­чах асноў­ны ця­жар вай­ны су­праць ім­пе­ры­я­ліс­тыч­най Япо­ніі, і па пра­ве па­ві­нен быць пры­зна­ны ад­ной з ча­ты­рох краін — ра­зам з СССР, Вя­лі­ка­бры­та­ні­яй і ЗША — за які­мі пры­зна­ец­ца вы­ра­шаль­ная ро­ля ў раз­гро­ме дзяр­жаў-агрэ­са­раў пад­час Дру­гой су­свет­най вай­ны.

Намеснік галоўнага рэдактара кітайскага часопіса «Аэракасмічныя веды» Ван Янань лічыць, што частка новага вайсковага абсталявання, фотаздымкі якога былі заўважаны ў інтэрнэце, магчыма, з'явіцца на парадзе. Так, верагодна, будуць задзейнічаны лёгкі танк новага пакалення, 370-міліметровая ракета далёкага дзеяння, зенітная ракета далёкага дзеяння, цяжкая супрацькарабельная ракета «Інцзі-18».

Як адзначыў намеснік начальніка Генеральнага штаба Народна-вызваленчай арміі Кітая Цюй Жуй, па пляцы пройдуць парадныя калоны сямі вялікіх вайсковых акруг кітайскіх узброеных сіл, ВМС, ВПС, Другой артылерыі (ракетных войскаў) НВАК, Народнай узброенай паліцыі (аналаг унутраных войскаў), частак і падраздзяленняў, што маюць уласнае камандаванне. Адбудзецца таксама праходжанне «гераічных і ўзорных» часцей, што прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Экіпіроўка і ўзбраенне ўдзельнікаў парада, адзначыў Цюй Жуй, будуць, «галоўным чынам, айчыннай вытворчасці». Пры гэтым, як ён адзначыў, многія ўзоры будуць паказаны ўпершыню.

Госці з 49 краін

Як паведаміў намеснік міністэрства замежных спраў КНР Чжан Мін, урачыстыя мерапрыемствы ў Пекіне, прымеркаваныя да 70-годдзя перамогі ў вайне з Японіяй і завяршэння Другой сусветнай вайны, наведаюць прадстаўнікі 49 краін. Намеснік кітайскага знешнепалітычнага ведамства таксама адзначыў, што свой удзел пацвердзілі і дэлегацыі 10 міжнародных арганізацый. Так, на ўрачыстасці прыедуць генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, прэзідэнт МКЧК Петэр Маурэр, генеральны дырэктар СААЗ Маргарэт Чэн, генеральны сакратар ШАС Дзмітрый Мезенцаў, генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, а таксама прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Рэспублікі Карэя, Манголіі, Чэхіі, Сербіі, М'янмы, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Лаоса, Венесуэлы, Таджыкістана, Пакістана і шэрагу іншых дзяржаў.

У Пекіне адбываецца апошняя падрыхтоўка да маштабнага свята. Напрыклад, на плошчы Цяньаньмень ужо з'явіліся ўражальныя фларыстычныя кампазіцыі ў форме Вялікай Кітайскай сцяны. Добра адпачыць змогуць і самі кітайцы — 3—5 верасня ў краіне аб'яўлены выхаднымі.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

lіtvіnov@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.