Вы тут

Легіянеры, на выхад...


Ці будуць лічыцца беларускія хакеісты замежнымі гульцамі ў КХЛ?

Міністэрства спорту Расіі 27 жніўня зацвердзіла загад аб легіянерах у расійскім хакеі. Згодна з дакументам, колькасць гульцоў, якія не маюць права выступаць за зборныя Расіі, можа складаць не больш за пяць у заяўцы адной каманды. Выключэнняў для прадстаўнікоў краін, якія ўваходзяць у Мытны саюз, зроблена не было, як на гэтым раней настойвала КХЛ.

1-32

На гэтую навіну неадкладна адрэа-гавала Беларуская федэрацыя хакея, і гэта зразумела, бо ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі выступаюць больш за 10 айчынных хакеістаў, якія могуць атрымаць статус «беспрацоўных» ужо ў ходзе распачатага сезона.

— Мы б хацелі атрымаць тлумачэнні ад расійскага боку, у чым прычына прыняцця такога загаду Міністэрствам спорту Расійскай Федэрацыі? Рашэнне аб прызнанні легіянерамі беларусаў і казахаў, якія выступаюць у расійскіх клубах КХЛ, прынята ўжо па ходзе сезона. Беларускай федэрацыі гэта як нож у спіну, бо многія гульцы нашай зборнай застануцца без гульнявой практыкі, — адзначыў старшыня федэрацыі Ігар Рачкоўскі.

Кіраўнік ФХРБ таксама паведаміў пра тое, што знаходзіцца на сувязі з усімі беларускімі гульцамі. Магчыма, кагосьці з іх возьме мінскае «Дынама»; федэрацыя, як і самі хакеісты, будзе шукаць варыянты працягу кар'еры гульцоў у іншых чэмпіянатах.

— Мяне не толькі як старшыню, але і простага заўзятара, радуе, калі 15 беларускіх гульцоў ствараюць рэальную канкурэнцыю і перашкаджаюць развіццю хакея ў такой вялікай спартыўнай дзяржаве, як Расія, — падкрэсліў Ігар Анатольевіч, каментуючы рашэнні Міністэрства спорту РФ.

У святле апошніх падзей кіраўнік федэрацыі выказаў сумненні наконт мэтазгоднасці ўдзелу «Дынама-Мінск» у КХЛ.

— На каманду мы трацім шмат беларускіх грошай: гэта не сакрэт, яна адна з самых наведвальных у КХЛ. Аднак варыянт з Лігай чэмпіёнаў, дзе цяпер выступае толькі гродзенскі «Нёман», вельмі цікавы. Можа, лепш заявіць туды 3-4 нашыя клубы і развівацца далей? Гэта кажу не ў плане нейкай крыўды, ёсць здаровы сэнс.

Пазней міністр спорту Расійскай Федэрацыі Віталь Мутко паведаміў, што пытанне аб статусе легіянераў яшчэ будзе абмяркоўвацца паміж узначаленым ім ведамствам і Кантынентальнай хакейнай лігай 8 верасня на пазачарговым пасяджэнні савета дырэктараў КХЛ.

Вось што думаюць пра сітуацыю хакеісты і спецыялісты:

Нападаючы зборнай Беларусі, капітан мінскага «Дынама» Аляксей Калюжны:

— Вядома, гэта рашэнне вельмі непрыемнае. Тым больш яно прынята, калі сезон ужо пачаўся. Не так шмат беларусаў гуляе ў КХЛ, і можна было пакінуць усё як ёсць. Не думаю, што прадстаўнікі нашай краіны неяк моцна ўплываюць на развіццё хакея ў Расіі. Такім чынам ствараюцца «цяплічныя» ўмовы для рускіх гульцоў.

Нападаючы зборнай Расіі, капітан СКА Ілья Кавальчук:

— Ніякага ліміту наогул не павінна быць. Калі мы хочам бачыць лігу канкурэнтаздольнай, у ёй павінны выступаць самыя моцныя хакеісты. Незалежна ад пашпарта.

Генеральны дырэктар Казахстанскай федэрацыі хакея Юрый Звераў:

— Гэта негатыўна адаб'ецца на ўсіх гульцах, якія маюць права выступаць за нацыянальныя зборныя Беларусі і Казахстана. Усё гэта ідзе ў разрэз з раней заключанымі паміж нашымі дзяржавамі пагадненнямі.

Наша золата

Марына Арзамасава стала чэмпіёнкай свету ў бегу на 800 м, паказаўшы вынік 1 хв. 58,03 сек. На працягу ўсёй дыстанцыі яна ўпэўнена трымалася за  кенійкай Эніс Джэпкач Сум, а на другі заключны круг выйшла адной з лідараў. У фінішным створы Марына змагла абысці кенійку.

— На фінальны забег у нас было два тактычныя варыянты: альбо будзе вельмі хуткі забег — пачатак у раёне 55-56 секунд, і тады можна было разлічваць на вынік у раёне 1 хв. 56 сек. Ці другі варыянт — досыць павольны. Пры такім старце ўсе ўдзельніцы вырашальнага забегу маглі, вядома, на фінішы разлічваць на поспех, і я вырашыла пачаць паскарацца першай. У выніку не пралічылася. Я адчувала за спінай канадку і кенійку, але ў мяне ў галаве быў мой рытм бегу. Цэлы год мы жылі гэтым стартам! Верыла ў сябе, ведала, што ў мяне ёсць сіла, хуткасць! — падзялілася Марына Арзамасава.

Такім чынам, на чэмпіянаце свету ў Кітаі нашы спартсменкі заваявалі дзве ўзнагароды. Раней, у пятніцу, бронзавы медаль прынесла Аліна Талай, яна стала трэцяй у бегу на 100 м з бар'ерамі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.