Вы тут

Што на талерцы ў кліента?


За якія парушэнні прыпыняецца праца аб'ектаў грамадскага харчавання.

Нядаўна сяброўка распавяла гісторыю пра тое, як прайшоў яе «рамантычны вечар» у рэстаране. Аня ў падрабязнасцях падзялілася тым, што ў гарбаце ёй папаўся чарвяк, узгадала, як гарачае падалі халодным, а афіцыянтка ўвесь час падганяла есці хутчэй, бо «яны зачыняюцца на спецабслугоўванне». Выслухаўшы яе, я задумалася над тым, а ці ведае хто-небудзь з кліентаў, што робіцца там, на кухні рэстаранаў і кавярняў? З якіх прадуктаў гатуюцца стравы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнты «Звязды» знайшлі, выправіўшыся разам з супрацоўнікамі Міністэрства гандлю ў рэйд па аб'ектах грамадскага харчавання.

2-16

Пра звароты, чорны спіс і поўдзень

Да супрацоўнікаў гандлёвай інспекцыі мы з фотакарэспандэнтам далучаемся каля дванаццаці гадзін дня. Час выбраны не выпадкова. Менавіта апоўдні адчыняе свае дзверы сталічны рэстаран хуткага абслугоўвання «Byblos». Ён на той дзень і стаў аб'ектам праверкі. У Мінгандлі кажуць, што з ёй лепш прыходзіць менавіта пад адкрыццё: «Так можна знайсці больш недахопаў».

— Дзень добры! Паклічце, калі ласка, загадчыцу, — звяртаецца да афіцыянткі Наталля Васілеўская, начальнік аддзела кантролю па Мінску гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю.

Дзяўчына з падносам хуценька накіроўваецца ў бок кухні і знікае хвілін на дзесяць. Пакуль мы чакалі прадстаўнікоў кіраўніцтва рэстарана, я пацікавілася, чым «не дагадзіла» Мінгандлю менавіта гэтая ўстанова, і па якім прынцыпе ўвогуле адбіраюцца аб'екты для праверак?

— Усе праверкі можна падзяліць на планавыя і пазапланавыя. Пра першыя вядома загадзя, да іх рэстараны, кавярні, крамы рыхтуюцца. Аднак часцей за ўсё мы прыходзім нечакана. І для такіх рэйдаў павінны быць падставы. Імі, напрыклад, могуць паслужыць звароты грамадзян, — тлумачыць Наталля Васілеўская.

Дарэчы, беларусы ў гэтым плане вельмі актыўныя. За дзень на «тэлефон даверу» паступае каля дзесяці званкоў. Кожны такі зварот кантралёры Мінгандлю разглядаюць і маюць поўнае права адправіцца на аб'ект з праверкай. Але спецыялісты гандлёвай інспекцыі папярэджваюць, што зварот трэба аформіць карэктна. Грамадзяніну абавязкова трэба прадставіцца, аргументавана апісаць праблему, пакінуць свае кантакты для зваротнай сувязі.

— Крама ці кавярня заўсёды можа аспрэчыць наша рашэнне ў судзе, таму добра, калі ёсць канкрэтны сведка. Вось для гэтага нам і патрэбна інфармацыя пра спажыўца. Калі яе няма, адзінае, што можа зрабіць кантралёр, — гэта ўнесці той ці іншы аб'ект у так званы чорны спіс, — расказвае Наталля Васілеўская.

Гэта азначае, што інспектары будуць мець на ўвазе «нядобрую ўстанову» і абавязкова наведаюцца туды «тайна», калі, напрыклад, будуць працаваць дзе-небудзь непадалёк. Калі факт парушэння пацвердзіцца, супрацоўнікі гандлёвай інспекцыі аформяць афіцыйную праверку.

— А ці звяртаеце вы ўвагу на каментарыі спажыўцоў у інтэрнэце? Напрыклад, пад артыкуламі аб закрыцці тых ці іншых аб'ектаў, на сайтах саміх крамаў, кавярняў, рэстаранаў? — пытаюся я.

— Зразумела, такая інфармацыя — не падстава для праверкі. Тут нельга выключаць і выпадкі канкурэнтнай барацьбы. Але кожны інспектар можа праверыць любы каментар асабіста, як звычайны пакупнік, — далучаецца ра замовы Алена Ярашэвіч, галоўны кантралёр-рэвізор аддзела кантролю па Мінску гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю.

[caption id="attachment_98799" align="alignnone" width="600"]2-20 Пад­час пра­вер­кі бы­лі вы­яў­ле­ны пры­га­та­ва­ныя «заўт­раш­нім днём» пра­дук­ты.[/caption]

Пра рэкламу, рэжым працы і прадпісанне

— Вось прадпісанне на праверку вашага рэстарана, — працягвае дакументы загадчыцы гандлёвага аб'екта Наталля Васілеўская, — распішыцеся. У сваёй працы мы будзем выкарыстоўваць фотаапарат. Вось тут, калі ласка, пакіньце свае кантакты. На ўсялякі выпадак няхай будуць, бо праверка не скончыцца за адзін дзень.

Начальнік аддзела гандлёвай інспекцыі папрасіла таксама прынесці кнігу ўліку праверак і патлумачыла, што на адзін і той жа аб'ект яны могуць наведвацца да трох дзён. Здавалася б, што там шукаць на заўтра, калі сёння ўжо ўсё выявілі? Аказваецца, што-небудзь знайсці можна заўсёды!

— За два гады працы гандлёвай інспекцыі ўсяго ў некалькіх крамах не знайшлі ніводнага парушэння, з аб'ектамі грамадскага харчавання такога і ўвогуле не было, — дзеліцца Наталля Васілеўская. — Тут таксама трэба разумець, што парушэнне парушэнню не роўнае. Калі на стэндзе «Інфармацыя для спажыўца» вісіць выпіска з правілаў гандлю старой рэдакцыі — гэта адна справа, а калі вам прыносяць пратэрмінаваны тавар — зусім іншая размова, — заўважае начальнік аддзела гандлёвай інспекцыі.

Як толькі мы прайшлі далей, у прасторную ўтульную залу, члены гандлёвай інспекцыі быццам рассыпаліся і растварыліся ў рэстаране. Адны накіраваліся да барнай стойкі, другія адправіліся на кухню, трэція прыняліся вывучаць рэжым працы ўстановы. Кожны ведаў, што яму рабіць і куды ісці. Мы ж з фатографам толькі і паспявалі пераходзіць ад аднаго рэвізора да іншага.

— Вось, бачыце, у дакуменце адзін рэжым працы, які ўзгоднены з адміністрацыяй раёна, а на шыльдзе — другі. Гэта ўжо парушэнне, — тлумачыць мне Алена Ярашэвіч.

Сапраўды, рэстаран самастойна падоўжыў сваю працу ў адзін з дзён тыдня на дзве гадзіны.

— У гэтай жа зале кантралёры-рэвізоры знайшлі і парушэнні, якія датычацца рэкламы, — Уладзімір Мілеўскі, галоўны кантралёр-рэвізор аддзела кантролю па Мінску гандлёвай інспекцыі Міністэрства гандлю, звярнуў нашу ўвагу на невялікую шыльдачку з выявай піва ў шклянцы.

— Рэклама алкаголю і цыгарэт дапускаецца толькі з папярэджаннем накшталт «Празмернае ўжыванне алкаголю шкодзіць вашаму здароўю». Тут такога надпісу, на жаль, няма, — кажа Уладзімір Мілеўскі.

Акрамя гэтага, знайшоўся і паднос з выявай гарэлкі. Словы пра шкоду здароўю тут былі, але як высветлілася, не таго памеру! Па правілах папярэджанне павінна займаць не менш за 10 працэнтаў ад плошчы ўсёй рэкламы. Уладзімір дастаў рулетку і толькі пацвердзіў свае здагадкі, што і тут ёсць парушэнні.

[caption id="attachment_98797" align="alignnone" width="600"]2-17 Па­да­зрэн­не ў спе­цы­я­ліс­таў Мінг­анд­лю вы­клі­ка­ла пар­тыя ма­ро­зі­ва, да­та вы­ра­бу і тэр­мін пры­дат­нас­ці яко­га не­вя­до­мыя.[/caption]

Пра марозіва, фотаздымкі і асартымент

— Згодна з асартыментным пералікам, у вас павінна быць пяць найменняў гарэлкі, два — каньяку, па тры найменні віна, сокаў і мінеральнай вады, а таксама кандытарскіх і булачных вырабаў, шакаладак айчыннага вытворцы. Пакажыце ўсё гэта, калі ласка, — звяртаецца да бармена Алена Ярашэвіч.

Тая замітусілася, і праз некалькі хвілін спецыялісты Мінгандлю ўважліва вывучалі ўпакоўкі тавараў, этыкеткі бутэлек. Некаторыя з апошніх кантралёры-рэвізоры адстаўлялі ў бок адразу, тлумачачы, што зроблены яны не ў Беларусі. Як вынік, з алкаголем усё ў парадку, а вось ласункаў і напояў айчыннага вытворцы аказалася недастаткова.

— Вось гэтыя дзве бутэлькі я фатаграфую, каб потым выкарыстоўваць здымкі як доказы парушэння,— тлумачыць свае дзеянні Наталля Васілеўская. — Белае віно пратэрмінавана на паўгода, сіроп — на месяц.

Са скончаным тэрмінам прыдатнасці там жа, у бары, знайшлося і сем шакаладак, на кухні — мята. Падазрэнне ў гандлёвай інспекцыі выклікала і партыя марозіва, якая была без накрывак, на якіх указваецца дата вырабу і тэрмін прыдатнасці. Па правілах, такая інфармацыя павінна захоўвацца да канчатковага тэрміну рэалізацыі прадукту. Як патлумачылі спецыялісты Мінгандлю, за пратэрміноўку даюць штраф у памеры ад 30 да 500 базавых велічынь. Сума залежыць ад памеру шкоды, якую той ці іншы прадукт наносіць здароўю чалавека.

— Мне яшчэ патрэбны санітарныя кніжкі вашых супрацоўнікаў і пасведчанні аб адукацыі кухараў, — звярнулася да загадчыцы рэстарана Наталля Васілеўская.

Супрацоўніца Мінгандлю патлумачыла, што вельмі часта ў аб'ектах грамадскага харчавання пэўнай кухні (напрыклад, рэстаран, які мы правяралі, — ліванцаў) кухары не мясцовыя і таму не маюць патрэбнай адукацыі.

[caption id="attachment_98798" align="alignnone" width="600"]2-19 Ганд­лё­вая ін­спек­цыя ста­ран­на пра­вя­рае пра­дук­ты на якасць на кух­ні рэ­ста­ра­на.[/caption]

Знайшла гандлёвая інспекцыя ўсё на той жа самай кухні і прыгатаваныя «заўтрашнім днём» прадукты. У асноўным гэта былі салаты са свежай агародніны і соусы.

За дробныя парушэнні загадчык таго ці іншага аб'екта атрымлівае невялікі штраф. Калі не выконваецца асартыментны пералік, прадаюцца тавары са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці, супрацоўнікі Мінгандлю могуць прыняць рашэнне аб прыпыненні яго працы. Закрываюць аб'екты звычайна тэрмінам на два тыдні. За гэты час установа павінна выправіць усе парушэнні і пісьмова паведаміць пра гэта супрацоўнікам Мінгандлю. У абсалютнай большасці выпадкаў да этапу паўторнай праверкі ўсе парушэнні звычайна ліквідуюцца.

— Ведаеце, гэта яшчэ не самы горшы рэстаран, які мы правяралі. Парушэнні тут не самыя «страшныя», але працаваць, зразумела, ёсць над чым, — кажа Наталля Васілеўская.

На гэтым адна частка гандлёвай інспекцыі пакідае рэстаран, другая застаецца запаўняць мноства неабходных дакументаў аб выніках праверкі. З 31 жніўня дзейнасць рэстарана будзе прыпынена для ўстаранення парушэнняў.

— А ці пазнаюць вас у крамах, кавярнях, дзе вы былі ўжо з праверкамі, калі вы прыходзіце проста як спажывец? Мабыць, вас пачынаюць абслугоўваць на іншым узроўні, лепш, чым астатніх? — цікаўлюся я.

— Напэўна, не. Не заўважала я такога. Мне ўвогуле не вельмі хочацца вяртацца адпачываць туды, дзе, як я ўжо ведаю, не самы лепшы сэрвіс, — канстатуе Наталля Васілеўская.

На маё пытанне, ці праўда, што ў самых дарагіх рэстаранах і кавярнях ніколі не будзе сур'ёзных парушэнняў, начальнік гандлёвай інспекцыі толькі ўсміхнулася. Як паказвае практыка, вялікія цэны — зусім не паказчык якаснага абслугоўвання. Але, як адзначыла спецыяліст, па-сапраўднаму якасныя месцы, дзе можна перакусіць, у сталіцы знайсці можна.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».