Вы тут

«На Беларусі Бог жыве...»


Лічыць каардынатарка «Дарогі да святыняў».

Ужо традыцыйна напярэдадні Дня беларускага пісьменства адбываецца своеасаблівы праваслаўны паломніцкі ход. Дакладней, навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая сёлета пройдзе 22-гі раз і стартуе ўжо сёння. Спецыяльна для «Звязды» яе кіраўнік і арганізатар заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» пісьменніца Ніна Загорская расказала пра тое, якім чынам стваралася паломніцкая традыцыя і чаму ў ёй варта ўзяць удзел.

2-24

Ніна Сымонаўна гартае кнігу, якую выдалі да мінулай, 21-ай па ліку, «Дарогі да святыняў». І паказвае на адну з яе заўсёдніц-удзельніц — спадарыню Лізавету, былую савецкую партыйную дзяячку, чыноўніцу. Пасля таго, як упершыню трапіла ў 2001 годзе на экспедыцыю, праніклася супольнай цеплынёю хода, прысутных людзей, яна стала вызнаваць праваслаўную веру, як і ўся яе сям'я.

І гэта толькі адна з гісторый, якія не стамляецца расказваць пісьменніца. Экспедыцыя ладзіцца ўжо болей чым два дзесяцігоддзі, таму падобных аповедаў назбіралася шмат. Па словах Ніны Сымонаўны, усё пачалося ў неспакойным 1992 годзе. Менавіта тады ў Іерусаліме запалілі Дабрадатным агнём Непагасную лампаду духоўнасці. У Мінск, у Свята-Духаў кафедральны сабор, яна прыйшла 21 мая. На Плошчы Незалежнасці арганізаваўся велізарны хрэсны ход, у якім колькасць удзельнікаў мералася неверагоднымі на той момант тысячамі. З самага пачатку правядзення Дня беларускага пісьменства адной з галоўных традыцый стала дастаўляць у храмы горада, дзе адбываецца свята, і па дарозе да яго Дабрадатны агонь.

Яшчэ адзін абавязковы складнік «Дарогі да святыняў» — пуцяводная для экспедыцыі «Загор'е-Сталовіцкая ікона», якая не раз уяўляла цуды тым, хто звяртаўся да яе па дапамогу. Зараз на месцы, дзе святыню калісьці адкапалі экскаватарам, будуюць царкву. Павольна, але храм расце... Аднак жа адным гэтым асветніцка-духоўнае паломніцтва не абыходзіцца. Яго ўдзельнікі нясуць яшчэ і сацыяльнае служэнне — наведваюць школы, інтэрнаты, дамы прытулку рознага кшталту. А на працягу ўсяго шляху высаджваюць дрэвы, ствараюць своеасаблівыя Сады малітвы. «Спачатку мы садзілі яблынькі. Але колькі яны пражывуць? Вось дуб — дык на палову тысячагоддзя, калі пашчасціць. Каб нашым прапраўнукам застаўся напамін», — кажа Ніна Загорская.

— Гэтая экспедыцыя для мяне — дарога святла, любові, умацавання нашага малавер'я. Натхненне на стваральную працую любой прафесіі, — дзеліцца сваім бачаннем «Дарогі да святыняў» каардынатарка. — Праўду пісаў Уладзімір Караткевіч: «На Беларусі Бог жыве». Ён сапраўды ёсць, і ён ратуе, апякае нашу блаславёную Айчыну.

У гэтым годзе маршрут «Дарогі да святыняў» пройдзе праз Баранавіцкі, Івацэвіцкі, Пружанскі раёны і Гродзенскую вобласць. Удзельнікі экспедыцыі наведаюць мясцовыя цэрквы, школы, установы культуры, а таксама традыцыйна пасадзяць маладыя дрэўцы.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.