Вы тут

Марыя Адашчык: «Не магу радавацца другому месцу, бо ты — не найлепшы!»


Як вулічны баскетбол рыхтуе кадры для нацыянальнай зборнай.

Маладзёжны чэмпіянат Еўропы па баскетболе 3х3 праводзіўся ўпершыню ў гісторыі, месцам спаборніцтваў быў абраны Мінск, што без сумненняў пазітыўна адбілася на спартыўным іміджы нашай краіны. Прадстаўнікі ФІБА адзначылі, што беларусы выдатна справіліся з арганізацыяй чэмпіянату, а старшыня Федэрацыі баскетбола Беларусі Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што мы ўсе разам зрабілі вялікі крок на шляху да таго, каб у будучыні правесці ўжо больш буйны турнір у «вялікім» баскетболе. Гэты пазітыўны пасыл падтрымалі і самі спартсмены, абедзве беларускія зборныя на выдатна справіліся са сваімі задачамі, хлопцы спыніліся ўсяго за крок ад п'едэстала, а дзяўчаты нават змаглі здзівіць — сталі ўладальнікамі сярэбраных медалёў. Увагу да сябе такая разнавіднасць баскетбола прыцягвае яшчэ і таму, што плануецца ўключыць яе ў алімпійскую праграму.

Сёння прызёр чэмпіянату Еўропы па стрытболе, а таксама член маладзёжнай зборнай па баскетболе Марыя Адашчык расказвае пра нюансы гульні 3х3, падводзіць вынікі турніру і разважае на тэму: што вулічны баскетбол дае нашаму грамадству.

2-8

— Марыя, ужо мінула трохі часу пасля турніру, з «астылай» галавой дайце ацэнку чэмпіянату.

— Мы ўвайшлі ў гісторыю як першыя, хто прымаў і ўдзельнічаў у чэмпіянаце Еўропы 3х3, і гэта вельмі прыемна. Тым больш, нашай краіне не так часта даводзіцца праводзіць сусветныя турніры па баскетболе. Усё ў гэтыя дні было зроблена для спартсменаў і балельшчыкаў: добра складзены графік гульняў і трэніровак, створана цікавая шоу-праграма.

Гуляць было крыху нязвыкла — на трыбунах шмат гледачоў, да таго ж яны былі размешчаны досыць блізка да нас, але гэта дабаўляла нават нейкага драйву. Наогул, атмасфера была выдатная, мы адчувалі падтрымку ў кожнай гульні, яна надавала нам упэўненасці і прымушала гуляць не толькі для сябе, але і для балельшчыкаў.

— Наша каманда была 31-й у рэйтынгу, ніхто не чакаў, што вы ўздыміцеся так высока...

— Як гаспадары турніру, мы атрымалі пуцёўку аўтаматычна, але ў якасці падрыхтоўкі наша зборная ўсё роўна прымала ўдзел у гульнях кваліфікацыі і там паказала вынік, які дазваляў удзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы ў любым выпадку, нават не на правах гаспадыні. Гэта сведчыць аб тым, што, нягледзячы на рэйтынг, узровень у нас ёсць.

— Якія задачы ставілі трэнеры, федэрацыя?

— Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў перад турнірам казаў пра тое, што трэба трапіць у 8-ку наймацнейшых, але жартамі пытаўся, на якое месца мы разлічваем самі — на першае або другое. Адказ быў дадзены катэгарычны — для нас існуе толькі адно месца, але, як аказалася, яно не наша. Наогул, першачарговая задача, вядома, выйсці з падгрупы. Мы зрабілі гэта спакойна, разлічвалі нават, што будзе складаней. З Венгрыяй перад стартавым матчам быў вялікі мандраж, яны ўсё ж такі першыя ў сусветным рэйтынгу, але мы згулялі добра. Відаць яны самі ад нас такой гульні не чакалі, таму перад фіналам, дзе мы сышліся зноў, добра вывучылі кожнага гульца і паводзілі сябе ўжо зусім па-іншаму. Вядома, яны выйгралі не без нашай дапамогі, у канцоўцы матча за «золата» мы нарабілі шмат глупстваў.

— Усё ж якіх эмоцый больш: радасці ад «серабра» або засмучэння з прычыны пройгрышу ў фінале?

— Не магу радавацца другому месцу, бо ты не найлепшы! Я была моцна засмучана, зараз, вядома, эмоцыі ўжо трохі ўлягліся, але першае месца было так блізка, у авертайме ўсё вырашыў адзін кідок венгеркі, якая ніколі не кідала «трохі», а тут — раз, і трапіла... Ужо разоў з 10 перагледзела відэа гульні і не магу зразумець, чаму ў некаторых момантах мы дзейнічалі так неразумна.

— Ды вы дзяўчына з характарам!

— У нашай камандзе ўсе з характарам, у спорце без гэтага ніяк.

— Раскажыце пра спецыфіку гульні 3х3, чым яна адрозніваецца ад звыклага для балельшчыка баскетбола?

— У камандзе заяўлена чатыры спартсмены, тры з якіх падчас гульні знаходзяцца на пляцоўцы, гуляем на адно кальцо, пападанне з-пад кальца лічыцца як адно ачко, з-за «дугі» — два. Гульня доўжыцца 10 хвілін, на працягу якіх можна выкарыстоўваць два тайм-аўты. Баскетбол 3х3 нашмат хутчэйшы па руху, пляцоўка ў два разы меншая, таму ён з'яўляецца больш відовішчным. Няма часу на тое, каб перайсці ў абарону, гэта значыць няма магчымасці перавесці дух. Тут закінуў — і адразу прэсінг, неабходна абараняцца.

Наогул, гэта вельмі перспектыўны напрамак баскетбола, які хутка будзе ўключаны ў алімпійскую праграму. У свеце ён ужо даўно досыць папулярны, асабліва ў ЗША, там ён, дарэчы, і з'явіўся. Нездарма яго называюць вулічным баскетболам, усе турніры праходзяць у цёплы час года, ён не патрабуе асаблівых арганізацыйных намаганняў з боку тых, хто ў яго гуляе: у каманду трэба збіраць менш людзей і гуляць на маленькай пляцоўцы. Зараз баскетбол 3х3 атрымлівае актыўнае развіццё і ў нашай краіне, нядаўна з'явіліся спецыяльныя спаборніцтвы — Palova. Там могуць гуляць як прафесіяналы, так і аматары, ёсць розныя катэгорыі, што вядома, спрыяе развіццю і папулярызацыі спорту ўвогуле і баскетбола ў прыватнасці.

— Падчас гульні побач з камандай няма трэнера, гэта неяк адбіваецца?

— Менавіта настаўніка нам і не хапіла ў фінале на чэмпіянаце Еўропы. Калі б ён быў побач, мог бы паказаць на памылкі, якія проста не заўважаеш падчас гульні. Правіламі 3х3 забаронена знаходжанне трэнера каля каманды і ўсялякія падказкі з яго боку, суддзі пільна сочаць за гэтым. Але недзе на арэне ён усё роўна ёсць, і мы яго часам бачым.

— Літаральна на гэтым тыдні вы вярнуліся з яшчэ аднаго стрытбольнага турніру пад эгідай ФІБА Red Bull Queen of The Rock, раскажыце пра яго.

— Гэта штогадовы турнір, там прымалі ўдзел дзяўчаты з 10 краін і сёлета ўпершыню прадстаўніца Беларусі. Выбар паў на мяне, і я гэтаму вельмі рада.

Там мы гулялі адна на адну, на адно кальцо, на працягу пяці хвілін. На атаку даецца ўсяго 15 секунд, існуе абмежаванне па фалах: пяць парушэнняў — і гульня для цябе скончана. Турнір праходзіў па алімпійскай сістэме, гэта значыць выйграеш — праходзіш далей, прайграеш — вылятаеш.

— Што падобныя турніры могуць даць гульцу зборнай?

— Для мяне найперш гэта вопыт. У такіх спаборніцтвах важна праверыць сваю вынослівасць, гульні ідуць запар, там няма часу на адпачынак і аднаўленне. Недзе важна праявіць і закаліць характар, таму што ў падобных турнірах шмат кантактнай барацьбы. Надзея на сябе, з табой няма не толькі трэнера, але і каманды. Усе стаўкі на індывідуальнае майстэрства, гэта значыць ёсць магчымасць паказаць сябе і паглядзець на іншых.

Турнір праходзіць пад эгідай ФІБА — гэта важна. Удзельнічаюць прадстаўніцы 10 краін, і сярод іх Беларусь — гэта прэстыж краіны і айчыннага баскетбола, магчымасць праз аднаго гульца паказаць, што ў нашай нацыянальнай зборнай, якую, безумоўна, ведаюць ва ўсім свеце, ёсць змена.

— Вы выступалі і за маладзёжную зборную, у так званым класічным баскетболе. Які від усё ж такі больш па душы?

— Раней у мяне нават не ўзнікала сумнення, вялікі баскетбол мне падабаўся больш, а пасля гэтых турніраў ужо складана сказаць. Здаецца, я лепш гуляю 3х3, але гэта ўсё адносна, таму што многае залежыць ад атмасферы ў камандзе, пад кіраўніцтвам якога трэнера ты гуляеш і гэтак далей. Усё ж такі сваю кар'еру я збіраюся рабіць менавіта ў вялікім баскетболе.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.